Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЭСКІЯ ЎЛАДЫ АДМОВІЛІ АЛЯКСАНДРУ ЛУКАШЭНКУ Ў ВІЗЕ НА ЎЕЗД У ЧЭХІЮ ДЛЯ ЎДЗЕЛУ Ў САМІЦЕ НАТО


Кастусь Бандарук, Прага

(Свобада: ) “Прычына нумар адзін: мы лічым, што фундамэнтальныя правы і свабоды ў Беларусі не ахоўваюцца і не шануюцца, а гэта адна з галоўных каштоўнасьцяў, на якіх асноўваецца Эўраатлянтычны саюз. Другая прычына тая, што калі Аляксандар Лукашэнка выказаў зацікаўленасьць у наведаньні Чэскай Рэспублікі, ён запатрабаваў для сябе спэцыяльнай аховы і абыходжаньня зь ім, што выходзіць па-за рамкі нашых магчымасьцяў. І трэцяя прычына: візыт, на нашую думку, мог бы быць скарыстаны Лукашэнкам дзеля легітымізацыі ягонай пазыцыі ў Беларусі”.

Цырыл Свобада ясна заявіў, што гэтае рашэньне ні ў якім разе не накіраванае супраць беларускага народу і нават не тычыцца астатніх сяброў беларускай дэлегацыі.

(Свобада: ) “Нашае рашэньне не скіраванае супраць Беларусі. Яно ня супраць беларускіх грамадзянаў. Яно ня супраць удзелу беларускай дэлегацыі ў саміце ў Празе. Гэтае рашэньне тычыцца толькі асобы Аляксандра Лукашэнкі. Гэта рашэньне Чэхіі і маё асабіста. Яно супадае з думкай прэм’ера і пракансультаванае зь іншымі сябрамі кабінэту”

Таксама іншыя прадстаўнікі НАТО заявілі, што прысутнасьць Лукашэнкі на саміце непажаданая з прычыны ягонага аўтакратычнага кіраваньня і супраціву пашырэньню саюзу. Нагадаем, што Беларусь зьяўляецца сябрам Рады Эўраатлянтычнага Партнэрства.

Пакуль афіцыйная рэакцыя беларускага кіраўніцтва на адмову ў візе невядомая. Прэсавы сакратар кіраўніка дзяржавы Натальля Пяткевіч адзначыла толькі, што “рашэньне Чэхіі зьневажае ўсю Беларусь, якую Аляксандар Лукашэнка прадстаўляе. Я не магу выключыць крызысу ў дачыненьнях паміж Чэскай Рэспублікай і Беларусьсю, уключна з адкліканьнем амбасадараў”, - сказала Пяткевіч. Канцылярыя Лукашэнкі паведаміла, што замест Прагі, у адпаведнасьці з ранейшай дамовай, ён накіруецца з двухдзённым афіцыйным візытам у Кыргызстан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG