Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЛОСЯ СЬВЯТКАВАНЬНЕ 935-Х УГОДКАЎ МЕНСКУ


Ганна Соўсь, Менск

Сёньня апоўдні адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі першага камяня ў падмурак гарадзкой ратушы. Працы па аднаўленьні гэтага помніка архітэктуры 17–18 стагодзьдзяў былі распачатыя некалькі месяцаў таму. Практычна ўсе высокія чыноўнікі, апроч мітрапаліта Філарэта, у часе цырымоніі гаварылі па-беларуску, але па паперцы.

Старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў у сваёй прамове ўзгадаў пра тое, як Менск пяцьсот гадоў таму атрымаў самакіраваньне згодна з Магдэбурскім правам.

(Паўлаў: ) “Сёньня, як і 500 гадоў таму, Менск мае права адбудаваць ратушу — сымбаль самастойнасьці гораду. Праўда, самастойнасьць нам даў не Магдэбург, а статус Менску як сталіцы сувэрэннай Рэспублікі Белурусь, ініцыятыва й настойлівасьць прэзыдэнта нашай дзяржавы. Адбудаваная ратуша стане месцам гарадзкіх урачыстасьцяў, прыёму паважаных гасьцей. А галоўнае — тут разьмесьціцца музэй гораду, яго амаль тысячагадовая гісторыя”.

Дарэчы, пасланьне нашчадкам, якое заклаў у капсуле ў падмурак будучай ратушы старшыня Менгарвыканкаму, было таксама напісана па-беларуску. Будаўніцтва гарадзкой ратушы разьлічанае амаль на два гады. Ім займаюцца будаўнічы трэст №1 і акцыянэрнае таварыства “Стары Менск”.

Дарэчы, “Стары Менск” праводзіць цяпер цеплатрасу праз тэрыторыю праваслаўнага Катэдральнага Петрапаўлаўскага сабору. У гэтым кантэксьце варта ўзгадаць і нядаўняе разбурэньне сынагогі на вуліцы Дзімітрава, і заплянаванае будаўніцтва шматпавярховага паркінгу на Нямізе. Сваё меркаваньне на гэты конт выказвае адзін з удзельнікаў цырымоніі — намесьнік Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі Ігар Чарняўскі:

(Чарняўскі: ) “Пытаньні аховы спадчыны варта ўздымаць штодзённа, незалежна — у будні ці ў сьвяты. Што датычыць паркінгу, гэта асобая тэма, тэма ня першага месяца абмеркаваньня, праектаваньня. Археалягічныя работы, дарэчы, далёка не закончаныя. Можа, дзякуючы таму, што там распачаліся такія работы, можна будзе нарэшце выявіць шматлікія каштоўнасьці на Нямізе, разбураныя яшчэ пры канцы 60-х, на пачатку 70-х гадоў”.

Я запытваюся ў спадара Чарняўскага, чаму менавіта гэтыя восеньскія дні былі абраныя для сьвяткаваньня 935-х угодкаў Менску?

(Чарняўскі: ) “У летапісе Менск згаданы пад 1067 годам вясной. Відавочна, варта было б прывязваць да нейкіх вясновых дзён. Аднак згадка ў летапісе ня значыць, што горад узьнік менавіта ў гэты дзень. Да таго ж мы ведаем, што гарад Менск, крэпасьць, пазьнейшы замак пераносіўся зь месца на месца. Таму гарадзкія ўлады, падумаўшы, абмеркаваўшы, вырашылі праводзіць гэты дзень менавіта ўвосень, калі робіцца, так бы мовіць, рахунак гадавога жыцьця, падводзяцца нейкія вынікі”.

Сёньня ўвечары па праспэкце Скарыны пройдзе парад старых тралейбусаў, прымеркаваны да 50-годзьдзя першага тралейбуса ў Менску. Дарэчы, рашэньнем менскіх уладаў з 10 верасьня быў адменены рух тралейбусаў па гэтым самым праспэкце Скарыны, і таму сёньняшні парад будзе гэткай разьвітальнай імпрэзай. Што да іншых урачыстасьцяў, то іх будзе багата — ад параду паветраных шароў і рэгаты да тэатралізаванага рыцарскага вясельля.

Дарэчы, у прэсавай службе Менгарвыканкаму мне ня здолелі сказаць, колькі будуць каштаваць усе гэтыя ўрачыстасьці гарадзкому бюджэту. Што да іншых забаваў, то варта дадаць, што, згодна з дэкрэтам Лукашэнкі, у цэнтры гораду падчас сьвяткаваньняў сьпіртовыя напоі ў крамах прадавацца ня будуць.

Падчас падрыхтоўкі да Дня гораду адбыўся і трагічны выпадак. У раёне вуліцы Аранскай пры правядзеньні будаўнічых работаў у каналізацыйную шахту ўпаў адзін з рабочых. Яго засыпала пяском, і ён загінуў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG