Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛАЦКУ І НАВАПОЛАЦКУ БЕЛАРУСКІЯ ПІСЬМЕНЬНІКІ ЎТВАРАЮЦЬ ЦЭНТРЫ БЕЛАРУСКАМОЎЯ


Валянціна Аксак, Менск

Літаратурныя асяродкі ў беларускіх мястэчках пры канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў мінулага стагодзьдзя сталіся эпіцэнтрамі новае хвалі нацыянальнага адраджэньня.

Як адзін з самых яскравых прыкладаў — полацка-наваполацкі рэгіён, дзе маладыя творцы дамагаліся ад кампартыйных уладаў замены безаблічных назваў гарадзкіх вуліцаў на імёны клясыкаў беларускае літаратуры. Іх нястомныя хаджэньні па кватэрах бацькоў і чыноўных кабінэтах завяршыліся адкрыцьцём у інтэрнацыянальным Наваполацку ў 1988 годзе першае беларускае клясы, якая была другой пасьля сталічнае гарадзкой беларускай клясай у найноўшай гісторыі краіны.

А ў старажытным Полацку ў той самы час творчая група моладзі дамаглася адкрыцьця першага гарадзкога беларускага дзіцячага садку. І ў старым, і ў новым Полацку ў грамадзкіх месцах і на афіцыйных імпрэзах усё часьцей гучала беларуская мова.

А што сёньня? Ці маюць там беларускія літаратары ўплыў на фармаваньне гарадзкого беларускага соцыюму? Пра гэта нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак гутарыць зь вядомымі літаратаркамі, якія жывуць па два бакі аднае рэчкі — Заходняе Дзьвіны, і якая лучыць 1140-гадовы Полацак з 45-гадовым Наваполацкам. У першай частцы праграмы гутарка на левадзьвінскім беразе — з Ірынаю Жарнасек.

(Валянціна Аксак: ) “Ірына, ты брала самы чынны ўдзел у бурлівым нацыянальным жыцьці Наваполацку канца 80-х — пачатку 90-х гадоў, потым нейкі час старшынявала ў знакамітым тады наваполацкім літаратурным аб’яднаньні “Крыніцы”, і раптам — сыход адусюль. Чаму? Ці трэба гэта разумець як расчараваньне ў мажлівасьцях уплыву беларускіх творцаў на беларусізацыю навакольнага соцыюму?”

(Ірына Жарнасек: ) “Я не лічу, што я сышла адусюль. Я як любіла беларускую літаратуру, так яе і люблю, як любіла беларускую мову, так яе і люблю. І колькі б цяжкасьцяў ні было на шляху, колькі б пастак ні было, я ўсё роўна застануся верная мове і літаратуры. Гэта ўжо вызначаны шлях, гэта ўжо “з крывёю”.

Разумею, што ты мела на ўвазе, кажучы пра сыход адусюль, — адыход ад справаў грамадзкіх на карысьць справаў хрысьціянскіх, прысьвячэньне большай часткі жыцьця каталіцкаму касьцёлу, працы ў хрысьціянскіх выданьнях. Але я лічу, што гэта тое самае, чым мы займаліся раней. Я перакананая, што ёсьць нішы, якія трэба запаўняць, і калі зьявілася магчымасьць працаваць у касьцёле на беларускай мове, то гэтым нехта павінен займацца. А каму ж яшчэ гэтым займацца, як не таму, хто сьвята ў гэта верыць, ведае беларускую мову і хоча гэта рабіць?!..”

(Аксак: ) “Калі я цябе правільна зразумела, ты лічыш, што тваё слова, надрукаванае ў часопісах “Наша вера”, “Ave Maria”, а таксама ў часопісе для дзяцей “Маленькі рыцар Беззаганнай”, галоўнай рэдактаркай якога ты зьяўляесься, — яно раўназначнае, ці можа нават большае па сіле ўзьдзеяньня ў справе беларусізацыі нашага насельніцтва, чымся тая публічная дзейнасьць, якой займаліся беларускія літаратары ў згаданы вышэй прамежак часу?”

(Жарнасек: ) “Я не магу сказаць з упэўненасьцю, што тое, чым я займаюся цяпер, мацнейшае па выніковасьці за тое, што рабіла раней. Я проста абсалютна ўпэўненая ў тым, што займаюся тым, чым павінна займацца. Я лічу, што ёсьць і ўплыў на людзей, таму што гэтыя выданьні чытаюць. Ёсьць пэўнае кола, якое чытае часопіс “Ave Maria” — гэта больш паспаліты люд. Ёсьць інтэлігенцыя, якая цікавіцца пытаньнямі культуры, веры, гісторыі хрысьціянства — яна чытае “Нашу веру”. І ёсьць нашая малеча, якая чытае “Маленькі рыцар Беззаганнай”. І я думаю, што патрэбна, каб яны чыталі гэта ўсё па-беларуску”.

(Аксак: ) “Апрача таго, я ведаю, што ты бярэш самы чынны ўдзел у жыцьці каталіцкай парафіі свайго гораду. А тут ты адчуваеш уплыў на тых парафіянаў, якія ходзяць у касьцёл? Ці шырыцца беларускае слова за межы касьцёлу?”

(Жарнасек: ) “Па-першае, вельмі важна, каб яно шырылася ў самім касьцёле, дзеля чаго прыйшлося зрабіць вельмі-вельмі шмат. Напрыклад, зрабіць элемэнтарныя пераклады. У Полацку–Наваполацку гэта ўсё ішло праз мае рукі. І калі слова беларускае пачало гучаць у Полацкай адноўленай парафіі і навастворанай Беларускай парафіі Наваполацку, значыць, мой удзел у гэтай справе самы непасрэдны.

Яшчэ адзін прыклад: наш наваполацкі хлопец — адзіны пакуль што — пайшоў вучыцца на сьвятара ў Горадню, там усім задавалі пытаньне: а чым незвычайным вызначаюцца вашыя парафіі? Хлопцы з Гарадзеншчыны, Меншчыны, Магілёўшчыны — кожны казаў нешта пра сьвятара, пра гісторыю... А ў нас новая парафія...І наш хлопец сказаў, што самая адметная рыса нашай парафіі гэта тое, што ў нас ніколі не было імшы на польскай мове. І гэтым усё сказана.

А ці пашыраецца гэта за межы касьцёлу — калі ласка, яшчэ адзін прыклад. Мы былі на канцэрце ў музычнай школе, і хлопцы з нашай парафіі размаўлялі між сабою па-беларуску. А знаёмыя пытаюцца, хто гэта: паэты, Малады Фронт, ТБМ — хто? А мне стала так сьмешна, бо гэта проста нашыя парафіяне”.

(Аксак: ) “А ці заўважаецца ўціск на вашую беларускасьць у каталіцкім касьцёле з боку гарадзкіх уладаў?”

(Жарнасек: ) “Дзякуй Богу, гэтага мы не адчуваем. У іх больш зьдзіўленьня, чымся імкненьня перашкодзіць. Яны ня могуць зразумець, чаму сьвятар і парафіяне размаўляюць па-беларуску і па-за касьцёлам. Фактычна, нашая парафія — адзіная ў горадзе ўстанова, якая цалкам працуе па-беларуску. Беларуская мова жыве тут”.

(Аксак: ) “Гэткім чынам, беларускую мову ў Наваполацку цяпер чуваць дзякуючы Беларускай каталіцкай парафіі?”

(Жарнасек: ) “Я ня буду казаць так катэгарычна. Дзякуй Богу, працуе наш музэй, стараюцца там ладзіць імпрэзы па-беларуску, але, безумоўна, парафія — найбольш жывая беларуская моўная кропка, бо тут кожны божы дзень гучыць беларуская мова. Іншай мовы ў нас няма. Дзякуй Богу за гэта”.


* * *
А зараз перанясемся на правы бераг Заходняе Дзьвіны і паслухаем паэтку з Полацку Леру Сом.

(Аксак: ) “Лера, твая біяграфія ў сэнсе грамадзкай актыўнасьці сёньня ідзе па нарастаючай. Спачатку — маўклівае сядзеньне на літаб’яднаньнях, толькі зрэдку ты чытала вершы, затым — даволі частыя выступы перад публікай з гітараю ў руках, ты пасьпяхова спалучаеш паэтычны талент з музычным. У апошні год ты ачоліла полацкае літаратурнае аб’яднаньне “Надзьвіньне”. Ты верыш у нацыянальна-абуджальны эфэкт грамадзкай актыўнасьці беларускага літаратара?”

(Лера Сом: ) “Калі б я ня верыла, дык не займалася б тым, чым займаюся. Мы тут як літаратары маем пэўны ўплыў на асяродзьдзе, зь якім нам прыходзіцца мець справу. Пакуль усё ж гарадзкія ўлады — магчыма, гэта спадчына ад “саўка”, прыслухоўваюцца да літаратараў”.

(Аксак: ) “Публічная дзейнасьць беларускіх творцаў у правінцыі дый увогуле непазьбежна вымагае стасункаў з уладаю. І чым далей, тым больш: дазвол на выступ, на арэнду памяшканьня. Літстаронкі аб’яднаньня ў мясцовай афіцыйнай газэце таксама можна надрукаваць толькі з дазволу галоўнага рэдактара, які зьяўляецца афіцыйнай асобай. У цябе гэта не выклікае нейкага ўнутранага пярэчаньня?”

(Сом: ) “Нашае "Надзьвіньне” запрашаюць выступаць, запрашаюць вельмі часта — на гарадзкія сьвяты, у навучальныя ўстановы. І ніколі не было ніводнай спробы цэнзуры выступаў. У мясцовай газэце з фактамі цэнзуры я таксама не сустракалася. Тое, што мы хацелі друкаваць, мы друкавалі. Я маю на ўвазе апошнія гадоў пяць. Я не прашу дазволу, таму што не лічу, што мне павінны даваць дазвол”.

(Аксак: ) “Але ты атрымліваеш магчымасьць выступу разам з астатнімі сябрамі вашага літаб’яднаньня ў бібліятэцы, у Доме культуры, у школе, ня просячы дазволу?”

(Сом: ) “Так. Па вялікім рахунку, нас запрашаюць часьцей, чымся мы можам, таму часам нават адмаўляемся ад запрашэньняў, бо папросту фізычна ня можам”.

(Аксак: ) “Тое, што ўлады запрасілі цябе ў камісію па абраньні гімну гораду — гэта сьведчыць пра тое, што сапраўды гарадзкія ўлады Полацку ставяцца з павагай да мясцовых літаратараў. Скажы, а табе нічога не замінала, калі ты прымала гэтае запрашэньне ў камісію?”

(Сом: ) “Па-першае, мяне запрасілі туды як чалавека, на якога прылеплена некалькі шыльдачак. Галоўная — гэта тае, што я сябра Саюзу пісьменьнікаў. Я лічу, што паводле традыцыі мясцовыя ўлады па-ранейшаму ставяцца з павагаю да такіх шыльдачак, якія вызначаюць пэўны прафэсіяналізм усё ж такі. Увогуле ў камісіі, якая вызначала гімн Полацку, былі прафэсійныя музыкі, зрэшты узровень іх прафэсіяналізму я вызначыць дакладна не магу, бо гэта не мая галіна. А я ды паэт Алесь Аркуш, які таксама быў у камісіі, не дапусьцілі, каб гімнам Полацку стаўся абсалютна непрафэсійны для гімну тэкст”.

(Аксак: ) “Напэўна, пытаньне мовы таксама было для вас істотным, ці не?”

(Сом: ) “Тут увогуле вельмі цікавае стаўленьне ва ўладаў да беларускай культуры: з аднаго боку, яны яе не прызнаюць, лічаць сялянскай, этнаграфічнай, а з другога боку, пытаньня пра мову гімну ў гэтых чыноўнікаў нават не было — выключна беларуская. Яны яе ведаюць на прымітыўным узроўні, на ёй не размаўляюць, але калі даходзіць справа да такіх шыльдавых рэчаў як гімн, нават у іх не было пытаньняў пра мову”.

(Аксак: ) “Гэта недзе ў іх абгаворвалася, ці гэта ім указалі зьверху?”

(Сом: ) “Ня думаю, каб ім гэта ўказалі зьверху. Бо нават з самага пачатку конкурсу было афіцыйна абвешчана ў прэсе, што тэкст гімну павінен быць абавязкова на беларускай мове. Гэта выклікала, дарэчы, незадавальненьне шмат каго з абыватальскіх графаманістых “таварышаў” паэтычнага накірунку ў Полацку”.

(Аксак: ) “А ці можна лічыць, што такое стаўленьне да галоўнай песьні гораду ёсьць вынікам даўняй прысутнасьці ў горадзе вялікага кола знаных беларускіх літаратараў? Магчыма, менавіта таму чыноўнікі міжволі ўспрымаюць галоўную песьню гораду як беларускую?”

(Сом: ) “Я лічу, што калі б не было нашых “Крыніц”, не было нашага “Надзьвіньня”, не было нашай прысутнасьці на працягу апошніх 20 гадоў у Полацку, маглі б быць абсалютна розныя меркаваньні. Але, магчыма, нашая прысутнасьць нават незаўважна для нас робіць сваю справу. Мэр гораду спадар Тачыла ўсё часьцей ды часьцей выступае па-беларуску”.

(Аксак: ) “І на афіцыйных імпрэзах?”

(Сом: ) “Менавіта на афіцыйных імпрэзах”.

(Аксак: ) “Дзякуй, Лера. Посьпехаў у далейшай беларусізацыі полацкіх уладаў”.
XS
SM
MD
LG