Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ТАКОЕ ШЧАСЬЦЕ?


Сяргей Абламейка, Прага

Што такое шчасьце? На гэтае пытаньне сёньня існуе безьліч адказаў. У інтэрнэце існуе адмысловы сайт, на якім зьмешчаная бібліяграфія, а папросту кажучы пералік кніжак на розных мовах, якія прысьвечаныя шчасьцю. Адных рубрыкаў на гэтым сайце 388, а кніжак і артыкулаў там зьмешчана больш за тры з паловай тысячы.

Днямі мне на вочы трапілася адна чэская газэта, журналісты якой запыталася ў некалькіх людзей, ці яны шчасьлівыя і што такое шчасьце. Адзін зь іх – мультыміліянэр, 27-гадовы біржавы маклер Іржы Новак, проста адказаў, што для яго шчасьце – гэта яго багацьце, бо ўсё, што яму трэба, ён можа купіць. Другі, таксама мультыміліянэр, бізнэсмэн і палітык Вацлаў Фішар, які у два разы старэйшы за Новака, сказаў, што шчасьце і грошы – гэта рэчы супрацьлеглыя. Паводле Фішара, шчасьце – гэта добрыя адносіны зь іншымі людзьмі, а адносіны за грошы ня купіш, бо яны залежаць ад асобы чалавека. Трэцяй апытанай была простая чэшка Эва, якая тры гады таму выйшла раніцай з дому ў краму і вярнулася праз год у інвалідзкім возіку, бо яе зьбіў п’яны кіроўца. І менавіта гэтая пакалечаная жанчына сказала, што яна шчасьлівая, бо ёй шмат у чым пашанцавала – у лякарні, куды яе прывезьлі ў коме, дзяжурыў выдатны нэйрахірург, пасьля ёй трапіліся вельмі добрыя спэцыялісты ў рэабілітацыі, сёньня яна можа кантактаваць з сябрамі, рабіць нешта карыснае для сваіх блізкіх. Эва сказала, што бясконца ўдзячная Богу за гэтую магчымасьць, а рэцэпт свайго шачасьця сфармулявала наступным чынам – магчымасьць зрабіць шчасьлівым некага іншага.

Такія вось тры погляды. А ў сьвеце пра шчасьце пішуць наогул шмат што. Напрыклад, нядаўна амэрыканскія навукоўцы высьветлілі, што ў вельмі тоўстых людзей і ў наркаманаў не хапае рэцэптараў так званага дапаміну, які ў арганізме выклікае пачуцьцё шчасьця і задаволенасьці. Недахоп дапаміну, маўляў, прымушае адных непамерна есьці, а іншых ужываць наркотыкі. А ангельскі прафэсар Эндру Освальд з Уорвікскага ўнівэрсытэту апублікаваў нядаўна вынікі свайго дасьледаваньня, паводле якога пачуцьцё шчасьця ў брытанцаў наўпрост залежыць ад колькасьці грошай на іх банкаўскім рахунку.

А як на пытаньне – што такое шчасьце? – адказваюць розныя рэлігіі? Менавіта пра гэты мы сёньня і пагаворым, бо Сымбаль Веры – перадача пра веру і для вернікаў. Я спытаў, што такое шчасьце, у прадстаўнікоў трох сусьветных рэлігіяў – юдаізму, ісьляму і хрысьціянства. Першы ўдзельнік перадачы – артадаксальны юдэй зь Мюнхена, былы грамадзянін Беларусі Юры Рудэрман.

(Рудэрман: ) “Галоўны прынцып юдаізму, калі гаварыць простай мовай, гэта не жадаць іншаму таго, чаго не жадаеш сабе.

Шчасьце – гэта ажыцьцяўленьне свайго чалавечага прызначэньня. Мы лічым, што ў жыцьці чалавек шчасьлівы тады, калі яго ўнутранае “я” супадае зь яго грамадзкім.

Правільны шлях у жыцьці вымагае ад нас засяроджваньня на трох рэчах. А менавіта:

1. Усё, што ты робіш, відаць.
2. Усе твае выказваньні чуваць.
3. Усе твае ўчынкі рэгіструюцца (у кнізе, куды запісваюцца ўсе дзеяньні)

Так што шчасьце ў юдаізме, на маю думку, гэта калі чалавек робіць добрыя справы і ня гвалціць з-за гэтага самога сябе. Шчасьце таксама – гэта добрая памяць, якая застаецца пасьля чалавека. Як пра гэта сказана ў Талмудзе: “Праведна жыві таксама пасьля сьмерці, а грэшнікі мёртвыя нават пры сваім жыцьці”.

Як мы чулі, Юры Рудэрман згадаў адзін з асноўных прынцыпаў юдаізму, які заклікае сваіх адэптаў не жадаць іншым таго, чаго не жадаеш сабе. Ён таксама сказаў, што юдэй шчасьлівы тады, калі яго належным чынам ацэньвае грамадзтва, калі ён робіць добрыя справы, але ня гвалціць дзеля гэтага самога сябе. Важная таксама добрая памяць аб чалавеку. Ну і немалаважна апошняе, пра што сказаў Юры Рудэрман: добрая жонка – шчасьце ў жыцьці.

А цяпер зьвернемся да ісьляму. Як вядома і хрысьціянства, і ісьлям маюць свае карані ў юдаізме. Так што іх пазыцыі павінны быць падобныя. Паслухаем, што кажа пра разуменьне шчасьця ў ісьляме намесьнік муфція мусульманаў Беларусі Ібрагім Канапаццкі.

(Канапацкі: ) “Вядома, што чалавек па міласьці Божай прыходзіць у сьвет гэты, каб выхаваць сваю душу ў гармоніі зь целам і затым дасягнуць замагільнага жыцьця, прайсьці праз судны дзень і ўваскрашэньне і стаць дастойным раю. Засьцерагаць сябе ад грахоў і зла на працягу жыцьця – абавязак кожнага мусульманіна і кожнай мусульманкі. А для гэтага трэба моцна трымаць веру, бездакорна выконваць запаветы Ўсявышняга Алага і яго прарока Мухамада, мір яму і міласьць Усявышняга.

“Шчасьлівы той чалавек, - казаў наш прарок, мір яму і хвала Алага - які цьвёрда верыць, што кожны пражыты дзень можа стаць апошнім.Таму кожны дзень ён зьбіраецца ў дарогу і працуе так, быццам працуе апошні раз, і стараецца жыць так, як будзе жыць вечна”. Такім чынам, шчасьце – гэта шчасьце ў вечнасьці. Алаг Усявышні гаворыць у Кур’ане: “Імкніся да таго, што падараваў табе Алаг, да жыльля апошняга, але не забывай свайго лёсу ў гэтым сьвеце, і рабі дабро гэтаксама, як дабрадзейнічае табе Алаг, і не імкніся да шкоды на Зямлі”.

Сапраўды, Алаг ня любіць тых, хто сее шкоду. У другой суры Кур’ана гаворыцца: “О вы, што ўверавалі, не забараняце даброты, якія дазволіў вам Алаг, але і не парушайце. Сапраўды, ня любіць Алаг парушальнікаў. І спажывайце тое, чым надзяляе вас Алаг, дазволенае, добрае, і бойцеся Алага, у якога верыце”.

У сваіх штодзённых малітвах мусульмане просяць у Ўсявышняга дабра і шчасьця ў гэтым і замагільным жыцьці, просяць засьцерагчы іх ад пекла вогненнага. Прарок Мухамад казаў: “Сьвет наш прывідны, абманлівы, і чалаве атрымлівае ў ім часовыя выгады. Няма нічога лепшага ў гэтым сьвеце, як набожная жонка”. Перадаюць яшчэ, што прарок мір яму і міласьць Усявышняга, гаварыў, што дасканалым вернікам зьяўляецца той, у каго дасканалы характар і хто добры да сваёй жонкі. І яшчэ прарок Мухамад казаў: “Шчасьце ў гэтым жыцьці – гэта добрая жонка, дастойны дом і выхаваныя дзеці”.

Такім тычынам, як сказаў Ібрагім Канапацкі, для мусульманіна шчасьце ў вечнасьці, гэта значыць, што трэба выканаць усе запаветы Алага і прарока Мухамэда і дастацца да раю, да вечнасьці. Пры гэтым Кур’ан заклікае мусульманіна не забывацца на свой лёс і ў гэтым сьвеце. Тут, на зямлі, трэба рабіць добрыя справы. Пры гэтым прарок мусульманаў Мухамэд казаў, што сьвет наш прывідны і выгоды яго часовыя, таму, як сказаў Ібрагім Канапацкі, няма нічога лепшага, як разумная жонка і муж, які ставіцца добра да жонкі. Але самае цікавае ў аповядзе Ібрагіма Канапацкага – гэта простая народная ісьлямская мудрасьць – шчасьлівы той, хто мае добрую жонку, вялікі дом і выхаваных дзяцей. Заўважце, як і юдэі, мусульмане зьвяртаюць увагу на важнасьць асобы малжонка для шчасьця чалавека.

Юдаізм і мусульманства можна назваць усходнімі рэлігіямі, хоць зь іншага боку сёньня іх адэпты жывуць па ўсім сьвеце. Для прыкладу параўнаньня я вырашыў узяць яшчэ дзьве ўсходнія рэлігіі – канфуцыянства і будызм.

Канфуцыянства застнаваў у 6 стагодзьдзі да нашай эры філёзаф Кун-Цзы, якога ў Эўропе называюць Канфуцыем. Навукоўцы дагэтуль спрачаюцца, ці зьяўляецца канфуцыянства паўнавартаснай рэлігіяй, ці гэта ўсё ж нейкая філязоўская сыстэма. Правільней, відаць, называць яго філязофска-рэлігійнай сыстэмай. Стрыжань канфуцыянства – этыка. Канфуцы прапаведваў 5 асноўных прынцыпаў паводзінаў: мудрасьць, гуманнасьць, вернасьць, павага да старэйшых і мужнасьць. Канфуцыянцы былі скрайнімі фаталістамі і лічылі ўсё на сьвеце перадвызначаным. Таму ў іх узьнік культ продкаў. Кожная сям’я мела сямейны алтар, на якім знаходзіліся лялькі зь імёнамі продкаў. Любая падзея ў жыцьці сям’і патрабавала прынесьці бяскроўную ахвяру продкам і атрымаць іх згоду і блаславаенства на любы крок. Шчасьлівым, такім чынам, вызнаўца канфуцыянства ставаўся тады, калі ён нармальна захоўваўся адносна сваіх продкаў. Адпаведна, няшчасным быў той чалавек, у якога не было дзяцей, паколькі за яго пасьля сьмерці не было каму маліцца. Шчасьлівым быў і той, хто выконваў усе правілы паводзінаў, вызначаныя Канфуцыем і яго вучнямі. Сам занавальнік гэтай рэлігіі дакладна выконваў 300 абрадаў і 3000 правілаў прыстойнасьці. Гэта і была ўмова шачасьця. Як бачым, даволі цяжкая.

Яшчэ адна сусьветная рэлігія – будызм. Яна таксама ўзьнікла ў 6 стагодзьдзі да нашай эры на памежжы Індыі і Нэпалу. Яе заснавальнік, князь Сыдхартха Гаўтама, які пасьля таго, як ён дасягнуў дасканаласьці і прасьвятленьня, стаў называцца Будай. Гэтае імя, дарэчы, роднаснае славянскаму слову “будзіць”. Буда прапаведваў, што жыцьцё гэта пакуты: нараджэньне – гэта пакуты, старасьць – пакуты, хвароба – пакуты, злучэньне зь нялюбым – пакуты, разьвітаньне зь любымі – пакуты, жаданьне недасягальнага – пакуты. Прычынай пакутаў Буда лічыў імкненьне да насалоды, да магутнасьці, да матэрыяльных выгодаў жыцьця. Адпаведна, спыненьне пакутаў можа адбыцца праз зьнішчэньне жаданьняў. Тады кругазварот грэшнага быцьця спыняецца, і чалавек можа выйсьці ў новую прасьветленую якасьць, якая злучаная зь вечнасьцю, – гэты прасьветлены стан называецца нірванай. Для таго, каб наблізіцца да нірваны, Буда распрацаваў 8 умоваў. Гэта: правільнае распазнаваньне прычынаў, правільнае мысьленьне, правільная мова, правільныя дзеяньні, правільнае жыцьцё (куды ўваходзяць прынцыпы не забівай, не крадзі, не чыні нікому шкоды, ня хлусь і г.д.), правільная праца, правільныя ўспаміны і правільная канцэнтрацыя фізычных і псыхічных сілаў. Вось выкананьне гэтай будысцкай этыкі і здольнае, паводле Буды, прывесьці чалавека да нірваны, гэта значыць да шчасьця.

Вось так разумелі шчасьце і шлях да яго канфуцыянцы і будысты. Пры гэтым, паняцьця Бога як такога ў канфуцыянцаў не было наогул, а Будысты лічылі Богам нейкі унівэрсальны пачатак, абстракцыю, пустэчу.

Ну і зьвернемся да хрысьціянства, да якога належыць пераважная большасьць беларусаў. Хоць хрысьціянства і распадаецца на розныя цэрквы і кірункі, але разуменьне шчасьлівага жыцьця і сужыцьця з Богам у хрысьціянаў практычна аднолькавае. Вось што пра разуменьне шчасьця у хрысьціянаў гаворыць каталіцкая манашка кангрэгацыі “Сёстры ад анёлаў” зь Менску, магістар тэалёгі Марына Пашук.

(Пашук: ) ““Несумненна, усе мы хочам жыць шчасьліва і няма сярод людзей нікога, хто не згадзіўся б з гэтым,” – так гаворыць сьвяты Аўгустын. Але ў чым жа заключаецца шчасьце чалавека? Асноўнай кнігай хрысьціян зьяўляецца Біблія. У ёй можна знайсьці адказы на ўсе пытаньні, якія хвалююць нас. Паспрабуем і на гэтае пытаньне – што такое шчасьце, дзе яго можна знайсьці?- пашукаць адказу ў Сьвятым Пісаньні. У кнізе Юдыты чытаем: “Пакуль не грашылі людзі, мелі шчасьце”. Значыць, шчасьце – у чыстым сумленьні. У кнізе прыповесьцяў гаворыцца, што шчасьце знойдзе той, хто захоўвае запаведзі, а ня ведае шчасьця той, хто памылкі свае хавае. Каго ж можна назваць шчасьлівым? Кніга Псальмаў падказвае: чалавека, які спадзяецца на Бога, таго, хто клапоціцца пра ўбогіх, чалавека, які баіцца Бога і захоўвае яго запаведзі. А Кніга Сераха дае зусім нечаканыя адказы: шчасьлівы той, хто мае разумную жонку, хто дасягнуў мудрасьці, каго ўласная душа не асуджае. І нарэшце, Серах гаворыць: “Перад сьмерцю нікога не называйце шчасьлівым”. І вось гэты адказ пераклікаецца з тым, што сказана наконт шчасьця ў Новым Запавеце і чаму навучае касьцёл. Шчасьце веруючага чалавека – гэта вечнае жыцьцё, бескарысны дар Бога для чалавека. Новы Запавет выкарыстоўвае вельмі шмат розных слоў, каб ахарактаразаваць шчасьце, да якога кліча нас Бог. Гэта прыйсьце Божага валадарства, агляданьне Бога твар у твар, гэта ўдзел у радасьці Пана, удзел у яго адпачынку. Менавіта тады, як гаворыць Сьвяты Аўгустын, мы будзем адпачываць, адпачываць і аглядаць, аглядаць і любіць, любіць і праслаўляць Бога. Вось што будзе ў канцы і што будзе нашым шчасьцем. І гэтае шчасьце будзе бясконцым. Бо якая ж іншая ў нас мэта, як не дасягненьне Божага валадарства, якое ня будзе мець канца”.

Як сказала сястра Марына Пашук, хрысьціяне вераць, што людзі былі шчасьлівыя, калі не грашылі, і адсюль яна зрабіла выснову, што шчасьце хрысьціяніна ў сумленьні. Стары запавет кажа, што ня ведае шчасьця той, хто хавае свае памылкі. Кніга Сіраха, напрыклад, сьцьвярджае, што шчасьлівы той, у каго разумная жонка, хто дасягнуў мудрасьці і каго ўласная душа не асуджае. Шчасьце паводле Старога Запавету, такім чынам, у маральнасьці. Новы Запавет, вучэньне Богачалавека Ісуса Хрыста дадало яго пасьлядоўнікам разуменьне шчасьця як вечнага жыцьця з Богам. Гэта, паводле хрысьціянаў, бескарысьлівы дар Бога людзям.

Яшчэ адзін удзельнік сёньняшняй перадачы, баптысцкі пастар зь Менску Віктар Немцаў. Ён гаворыць пра сваё асабістае і больш практычнае разуменьня шчасьця хрысьціянамі.

Для хрысьціяніна шчасьце – гэта ня толькі пачуцьцё ці эмоцыя, але перш за ўсё вынік адносін чалавека з Богам, гармонія духа і душы, нябеснага і зямнога. Калі гаварыць вельмі коратка, то, на мой погляд, шчасьце – гэта вынік гарманічных і асэнсаваных адносін любві чалавека і Бога. Ёсьць шчасьце нейкае часовае, калі маеш посьпех у той ці іншай добрай справе, калі маеш добрыя і пяшчотныя ўзаемаадносіны ў сям’і, калі ўмееш кахаць, калі табе спадабалася добрая музыка, глыбокі верш, калі цябе разумеюць, калі сустракаеш на сваім жыцьцёвым шляху добразычлівых людзей і гэтак далей. Але сапраўднае, трывалае шчасьце і радасьць, якіх ніхто ня можа адняць, якія не залежаць ад абставін, магчыма толькі пры адносінах веры і любві з Богам, калі заўсёды ёсьць жаданьне да ўдасканаленьня. Асабіста для мяне шчасьце – гэта разумець Бога, людзей і радасна дзейнічаць у адпаведнасьці з воляй Госпада. Сваю волю аб шчасьці Ісус Хрыстос лепш за ўсё выказаў у запаведзях дабрашчасьця. Пачытаем Сьвятое Дабравесьце паводле Мацьвея, разьдзел пяты, вершы з трэцяга па дзясяты:

“Шчасьлівыя ўбогія духам, бо ў іх ёсьць царства нябеснае. Шчасьлівыя плачучыя, бо яны ўцешацца. Шчасьлівыя ціхія, бо яны ўнасьледуюць зямлю. Шчасьлівыя галодныя і прагнучыя праўды, бо яны насыцяцца. Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя. Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названы. Шчасьлівыя, каго гоняць за праўду, бо ў іх ёсьць царства нябеснае.”

Каб быць шчасьлівым, трэба любіць Бога і людзей і ўсё сваё жыцьцё будаваць па залатым правіле, якое даў наш збавіцель Ісус Хрыстос. Яно запісана ў Эвангельлі ад Мацьвея, сёмы разьдзел, дванаццаты верш:

“Вось жа, усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, дык тое рабіце і вы ім, бо гэта закон і прарокі. Лепей за гэта сказаць нельга, да гэтага няма чаго дабавіць”.

Як мы чулі, пастар Віктар Немцаў шчасьцем веруючага хрысьціяніна называе гармонію нябеснага і зямнога, вынік гармоніі чалавека і Бога. Шчасьце, паводле яго, гэта імкненьне да дасканаласьці. Посьпех на зямлі, гэта шчасьце часовае, сапраўднае шчасьце хрысьціяніна чакае ў небе. Унівэрсальны прынцып шчасьця для хрысьціяніна сфармуляваны ў Эвангельлі паводле Мацьвея, дзе прыводзяцца словы Хрыста, калі ён сказаў, што ўсё, што хочаце, каб вам людзі рабілі, і вы рабеце ім.

І яшчэ асобна трэба сказаць пра Нагорную казань. Шмат каго зь неабазнаных людзей сказанае там Хрыстом палохае. Шчасьлівыя тыя, хто плача, бо яны суцешацца. Шчасьлівыя галодныя, бо яны насыцяцца. Шчасьлівыя, каго гоняць за праўду, бо іх ёсьць Валадарства нябеснае. І гэтак далей. Некаторыя кажуць, што гэта абяцаньне ўяўнага шачасьця для няшчасных на зямлі. Але будуць мець рацыю толькі часткова, бо ў Нагорнай казані, фактычна, дадзены маральны імпэратыў хрысьціянам, і ён сугучны ўсяму таму, пра што гаварыла мястра Марына Пашук і пастар Немцаў. Шчасьце для хрысьціянаў – вечнае жыцьцё з Богам, якога можна дасягнуць толькі праз маральную, а не этычную дасканаласьць.

Напрыклад, філёзаф Торо пісаў некалі, што большасьць людзей сёньня жывуць жыцьцём “ціхага адчаю”, яны страцілі надзею на сапраўднае шчасьце. Сёньняшняя цывілізацыя зацыкліная на пагрозах, на забруджаным паветры, на пагрозах СНІДУ і іншых новых хваробаў. Уолтэр Кроквіт аднойчы сказаў, што калі вы думаеце, што навокал усё ў парадку, дык адрамантуйце свой тэлевізар. Ня дзіва, што Сусьветная арганізацыя аховы здароўя абвесьціла дэпрэсію самй распаўсюджанай хваробай у сьвеце. Мала хто ведае, што паводле прафэсійнага складу самазабойцаў першае месца займаюць псыхіятры. Усё гэта кажа аб тым, што пошукі шчасьця для шмат каго з нас былі няўдалыя. Мы бачым шчасьце як залаты пробліск наперадзе, які прымушае нас бегчы за ім усё хутчэй і хутчэй. Мы не заўважаем, як у гэтай гонцы праходзіць жыцьцё. Заходні тэоляг Джон Паўэл у кнізе “Шчасьце пачынаецца ўнутры” напісаў, што калі глядзіць на кожнага чалавека, дык разумее, што шчасьце для гэтага кожнага цалкам даступнае, але, піша Паўэл, калі мы выбіраемся ў шлях навонкі па шчасьце, дык ідзем у кепскім кірунку, бо шчасьце – унутры нас. Джон Паўэл стварыў 10 хрысьціянскіх правілаў для дасягненьня шчасьця. Вось яны:

1. Мусім прымаць сябе такімі, якімі мы ёсьць;
2. Мусім прымаць поўную аджказнасьць за сваё жыцьцё;
3. Адпачынак, практыкаваньні і харчаваньне – мусім задаволіць і гэтыя патрэбы;
4. Нашае жыцьцё павінна стаць увасабленьне любові;
5. Мусім адмовіцца ад сваёй ляноты;
6. Мусім навучыцца бачыць дабро;
7. Мусім імкнуцца да росту, а не да дасканаласьці;
8. Мусім навучыцца дзейснай камунікацыі з людзьмі
9. Мусім навучыцца ў жыцьці радавацца добрым рэчам;
10. Малітва павінна стацца часткай нашага штодзённага жыцьця.

Галоўная выснова каталіцкага тэоляга Джона Паўэла, якую ён робіць у сваёй кнізе “Шчасьце пачынаецца ўнутры”, такая: шчасьця мы дасягаем тады, калі робім “нешта іншае”, а менавіта тое, пра што і гаворыцца ў тых 10 правілах. Для большасьці нешчасьлівых на зямлі гэта якраз “нешта іншае”.
XS
SM
MD
LG