Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАБ АТРЫМАЦЬ МІЖНАРОДНУЮ ДАПАМОГУ ДЛЯ ЛІКВІДАЦЫІ НАСТУПСТВАЎ ЧАРНОБЫЛЯ, БЕЛАРУСЬ ПАВІННА ПАЙСЬЦІ НА ЭКАНАМІЧНЫЯ ПЕРАЎТВАРЭНЬНІ


Ягор Маёрчык, Менск

Надалей міжнародная супольнасьць мае дапамагаць Беларусі па трох накірунках: ахова навакольнага асяродзьдзя, мэдычная сфэра і сацыяльная абарона. Рэгіянальны дырэктар Праграмы разьвіцьця ААН у краінах Эўропы Кальман Міжай, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, заявіў, што пакуль рана казаць пра памеры гэтай дапамогі. Яна будзе залежаць у тым ліку і ад таго, як Беларусь паставіцца да рэкамэндацыяў ААН.

Сутнасьць гэтых рэкамэндацыяў патлумачыў экспэрт місіі Патрык Грэй:

(Грэй: ) "Праз 15 гадоў пасьля аварыі мы прапануем міжнароднай супольнасьці па-новаму паглядзець на праблему наступстваў Чарнобылю. Асноўная ідэя нашай дапамогі — даць людзям магчымасьць кантраляваць уласнае жыцьцё. Менавіта эканамічнае разьвіцьцё, пераўтварэньні ў гэтай сфэры стануць цэнтральнымі пытаньнямі на наступным этапе нашай дапамогі".

Пад эканамічнымі пераўтварэньнямі міжнародныя экспэрты разумеюць стварэньне спрыяльных умоваў для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама рэарганізацыю прадпрыемстваў у тых раёнах, дзе жывуць пацярпелыя ад катастрофы. Паводле задумы, такім шляхам людзі змогуць падвысіць свай жыцьцёвы ўзровень.

Экспэрты ААН у сваіх выступах перад журналістамі пазьбягалі адказаў на пытаньне, ці варта чакаць ад афіцыйнага Менску выкананьня згаданых рэкамэндацыяў. Але дырэктар Праграмы разьвіцьця ААН у краінах Эўропы Кальман Міжай некалькі разоў даваў зразумець, што ступень дапамогі, якую Беларусь можа атрымаць ад міжнароднай супольнасьці, перадусім залежыць ад канкрэтных дзеяньняў уладаў краіны.

XS
SM
MD
LG