Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АШМЯНАХ МІЛІЦЫЯНТЫ ЖОРСТКА ЗЬБІЛІ ДВУХ МАЙСТРАЎ ПТВ


Ганна Соусь, Менск

Інцыдэнт адбыўся ў Ашмянах пасьля чэмпіянату гораду па міні-футболе. Пасьля матчу два майстры ПТВ, якія бралі ўдзел у матчы, спадары Зарэцкі й Шымановіч, панесьлі мячы й форму ў будынак ПТВ. Пра тое, чым гэта для іх скончылася, распавядзе прадстаўнік Ашмянскай філіі Беларускага Гельсынскага камітэту Пятро Явідовіч:

(Явідовіч: ) "Яны паклалі форму і ўжо выходзілі з ПТВ, калі іх затрымала ахоўніца і стала забіраць ключы. Завязалася спрэчка, пасьля чаго выклікалі міліцыю, і майстраў пацягнулі ў пастарунак, але ж тыя аказалі супраціў. Пачалася бойка, міліцыянты прымянілі зброю, былі стрэлы, потым выклікалі падмогу. Хлопцаў прывезьлі ў міліцыю і толькі на наступны дзень далі адваката, пасьля чаго іх шпіталізавалі".

Аднаму пацярпеламу міліцыянты зламалі сківіцу, другі атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і дагэтуль знаходзіцца ў мясцовым шпіталі. Як распавёў нашаму радыё Пятро Явідовіч, цяпер Ашмянская пракуратура завяла на Зарэцкага ды Шымановіча крымінальную справу за супраціў міліцыі, ім пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Пятро Явідовіч мяркуе, што тут мае месца грубае парушэньне правоў чалавека, і ён як прадстаўнік БГК прыкладзе ўсе намаганьні, каб дапамагчы пацярпелым.

Звычайна інцыдэнты, калі міліцыянты зьбіваюць шараговых грамадзянаў, супрацоўнікі праваахоўчых органаў хаваюць. Да таго ж вельмі складана адшукаць доказы ды "пераканаць" пракуратуру распачаць крымінальную справу, каб прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасьці. Можна прыгадаць нядаўні выпадак ў Гомелі, калі міліцыянтаў, якія жорстка зьбілі трох маладых людзей, выбіваючы зь іх паказаньні, проста перавялі з апэратыўнай работы на ахову грамадзкага парадку.

Вельмі цяжка дамагчыся й адпаведнага пакараньня. Прыкладам, нядаўна ў Смаргоні міліцыянт пры затрыманьні прастрэліў юнаку шыю, а суд абавязаў раённы аддзел выплаціць за гэта матэрыяльную кампэнсацыю 115 тысячаў рублёў.

Што да выпадку ў Ашмянах, то, паводле Пятра Явідовіча, тут больш складаная сытуацыя, бо спачатку трэба бараніць хлопцаў ад турмы і толькі потым дамагацца пакараньня міліцыянтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG