Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПІНСКУ КГБ ЗАНЯЎСЯ АЎТАРАМІ ГРАФІЦІ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Ужо працяглы час у Пінску рэгулярна зьяўляюцца графіці "Белага легіёну" і шматлікія налепкі з надпісам "Абаронім наш край", дзе пазначаны пінскі тэлефонны нумар.

Уладальнік гэтага нумару — Павал Ляхновіч. Сёньня ў размове з супрацоўнікамі КГБ (адзін зь іх, сьледчы Аляксандар Кузьміч, адмыслова прыехаў зь Берасьця) спадар Ляхновіч паведаміў, што пра "Белы легіён" ён ведае з публікацыяў у сродках масавай інфармацыі, а ягоны хатні тэлефон ня ёсьць сакрэтам, яго можа выкарыстаць хто заўгодна.

Спадар Ляхновіч адзначыў таксама, што ніякіх прэтэнзіяў да асобаў, якія выкарысталі ягоны нумар, ня мае. Прыкладна тое ж распавялі супрацоўнікам КГБ і тыя, каго выклікалі раней. Пасьля гадзіны размовы й складаньня пратаколу Паўла Ляхновіча, як і ягоных папярэднікаў, адпусьцілі.

Адметна, што пінскімі налепкамі й надпісамі займаецца менавіта КГБ, а не міліцыя.

Сёньня разам з Паўлам Ляхновічам у КГБ хадзіў як ягоны прадстаўнік праваабаронца і старшыня Пінскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Віктар Ярашук. Яму слова:

(Ярашук: ) "Гэта не самадзейнасьць КГБ. Улады абвесьцілі, што 14 000 баевікоў апазыцыя зьбіраецца выставіць на выбары. Вось зараз спрабуюць знайсьці гэтых самых баевікоў. У Пінску часта сьцены расьпісвае "Белы легіён", дык гэта нагода даць справаздачу: во знайшлі. А ніхто ніякіх законаў не парушыў, усе грамадзяне маюць права аб'ядноўвацца ў арганізацыі".

Спадар Ярашук таксама сказаў, што ў КГБ яму паказалі ліст зь Берасьцейскай пракуратуры ад 28 сакавіка, у якім гарадзкому аддзелу КГБ загадваюць разабрацца зь пінскім "Легіёнам".

А ў часе свайго нядаўняга візыту ў Пінск старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Ўладзімер Даўгалёў жорстка загадаў мясцовым вэртыкальнікам "разагнаць" гэтую арганізацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG