Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗ АДУКАЦЫІ НЕ ЗАДАВОЛЕНЫ АДКАЗАМ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДУ


Міхал Стэльмак, Менск

Адказ Канстытуцыйнага суду расчараваў лідэраў прафсаюзу адукацыі. Суд не назваў віноўніка пагаршэньня жыцьця 180 000 беларускіх настаўнікаў, якія летась выказалі незадаволенасьць сваімі заробкамі.

Вось што паведаміла сёньня нашаму Радыё намесьніца Рэспубліканскага камітэту прафсаюзу адукацыі Алена Морава:

(Морава: ) "На жаль, Канстытуцыйны суд, у які мы зьвярнуліся напачатку сакавіка, даў нам адмоўны адказ. Па-сутнасьці, сёньня ў краіне стварылася такая прававая сытуацыя, у якой орган, што вызначае памер заробку, не зьяўляецца ўдзельнікам калектыўнай працоўнай спрэчкі для бюджэтнай сфэры, да якой адносіцца й наша сыстэма адукацыі".

(Карэспандэнт: ) "Чаму Канстытуцыйны суд заняў такую пазыцыю?"

(Морава: ) "Мне цяжка адказаць. Але дзівіць той факт, што нават па адным лісьце, па адным звароце былога члена прафсаюзу мэдработнікаў, які выказаў незадаволенасьць безнаяўным пералічэньнем прафсаюзных складак, Канстытуцыйны суд знайшоў магчымасьць і час, і сродкі разгледзець пытаньне.

А вось пытаньне, ініцыяванае 180 тысячамі сяброў нашага прафсаюзу, разглядаў сакратарыят Канстытуцыйнага суду".

Другарадны чыноўнік Канстытуцыйнага суду спадар Жышкевіч паведаміў прафсаюзу, што нельга весьці калектыўную спрэчку з урадам наконт настаўніцкіх заробкаў — нібыта паводле дзеючых законаў, ураду такое права не нададзена.

Намаганьні прафсаюзу высьветліць, чаму гэты адказ не падпісаў Рыгор Васілевіч альбо іншы судзьдзя Канстытуцыйнага суду, аказаліся марныя. Што ў гэтай сытуацыі зьбіраецца рабіць прафсаюз?

З такім пытаньнем я зьвярнуўся да сябра прэзыдыюму, старшыні Берасьцейскага абласнога камітэту гэтага прафсаюзу Мікалая Каўша.

(Коўш: ) "Калі б быў дакладны адказ, мы б ведалі, з кім можна весьці спрэчку. Тады б можна было нечага патрабаваць".

(Карэспандэнт: ) "Якім чынам мусяць дзейнічаць настаўніцкія прафсаюзы, каб абараніць працоўныя інтарэсы беларускіх настаўнікаў?"

(Коўш: ) "Усімі сродкамі ў межах Канстытуцыі. І лісты пратэсту, і тэлеграмы. Магчымыя і больш рашучыя меры. Але пры гэтым варта мець упэўненасьць, што настаўнікі адгукнуцца на іх. Гэта першае. А другое, трэба ведаць, што іх падтрымаюць працаўнікі іншых сацыяльных сфэраў".
XS
SM
MD
LG