Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФЭСАР БАНДАЖЭЎСКІ НА СУДЗЕ Ў ГОМЕЛІ АДКАЗАЎ НА ПЫТАНЬНІ АБВІНАВАЎЦЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

А 14-й гадзіне прадстаўнікі дзяржаўнага абвінавачання распачалі допыт былога рэктара Юрыя Бандажэўскага.

Прафэсар абверг абвінавачаньні на свой адрас.

“Магу сказаць адкрыта і з годнасцю, – заявіў Юрый Бандажэўскі, – што ні ў якія змовы ні з кім адносна атрыманьня хабару я не ўступаў. Мэтаю майго жыцьця было вывучэньне стану здароўя насельніцтва, што пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Гэтымі ідэямі я жыў сам, і жыла мая сям’я”.

Прафэсар адзначыў, што за гады рэктарства створаны быў моцны навуковы патэнцыял дзеля дасьледаваньня чарнобыльскіх праблемаў. Пад ягоным кіраўніцтвам 24 супрацоўнікі абаранілі кандыдацкія дысэртацыі.

Аднак у маладым інстытуце былі і такія, каго давялося звальняць. Таксама адлічана было за непасьпяховасьць за тры гады да арышту 152 студэнты. Зьявілася шмат незадаволеных, у тым ліку, і ва ўладных структурах.

Сапраўднай жа прычынай ўзьнікненьня крымінальнай справы, на думку прафэсара Бандажэўскага, было тое, што інстытут і асабіста рэктара імкнуліся паставіць пад кантроль. Літаральна напярэдадні арышту на імя тагачаснага сакратара Рады бясьпекі краіны Віктара Шэймана паступіў адмысловы данос за подпісам зарыштаванага цяпер першага прарэктара Яўгена Сакалоўскага. “Нават рэспубліканская пракуратура праз абласную пракуратуру ўмешвалася ў справы адлічэньня студэнтаў за непасьпяховасьць”, – зазначыў на судзе прафэсар Бандажэўскі.

XS
SM
MD
LG