Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла сёньня, што высновы ды рэкамэндацыі дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ёсьць несправядлівымі й неаб'ектыўнымі. МЗС лічыць іх праяваю палітыкі падвойных стандартаў і сьцьвярждае, што дэлегацыя парушыла прынцыпы, якія абвясьціла сама Рада Эўропы.

Сёньняшнюю тэматычную прэсавую канфэрэнцыю ў Міністэрстве замежных справаў ягоны прэсавы сакратар Павал Латушка распачаў наступным чынам.

(Латушка: ) "Распаўсюджанае 4 жніўня прэсаваю службаю Рады Эўропы прэсавае камюнікэ пра тое, што дэлегацыя ПАРЭ, якая знаходзілася ў Рэспубліцы Беларусь з 31 ліпеня па 4 жніўня 2000 году ня будзе рэкамэндаваць пасылаць назіральнікаў на выбары ў Беларусь, успрынята ў Міністэрстве замежных справаў Рэспублікі Беларусь са шкадаваньнем ды неразуменьнем", – заявіў Павал Латушка.

Паводле словаў прэсавага сакратара МЗС, дэлегацыя ПАРЭ пад час знаходжаньня ў Беларусі мела ўсе магчымасьці для атрыманьня аб'ектыўнай і ўсебаковай інфармацыі і магла, пры жаданьні, зрабіць высновы, што адлюстроўваюць рэальную сытуацыю ў краіне.

Але, працягваў спадар Латушка, "сябры дэлегацыі палічылі за лепшае не заўважыць відавочныя факты, напрыклад, тое, што ўхвалены сёлета Выбарчы кодэкс нашмат дэмакратычнейшы за закон, паводле якога абіраўся Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня, які прызнае Рада Эўропы". Прэсавы сакратар МЗС заявіў:

(Латушка: ) "Дэлегацыя прайгнаравала тое, што ў нашай краіне на справе ствараюцца ўмовы, неабходныя для таго, каб зрабіць будучыя выбары сапраўды свабоднымі ды справядлівымі. (…)

Высновы ды рэкамэндацыі дэлегацыі ПАРЭ несправядлівыя ды неаб'ектыўныя. Такі прадузяты падыход ёсьць непрыхаванаю праяваю палітыкі падвойных стандартаў і не адпавядае абвешчаным самою ж Радаю Эўропы прынцыпам".

Гаварыў Павал Латушка.

Напрыканцы ён выказаў спадзяваньне, што дзяржавы-сябры Рады Эўропы, структуры агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва зоймуць, паводле ягоных словаў, больш канструктыўную ды аб'ектыўную пазыцыю ў дачыненьні да будучых выбараў.

Нібыта ў працяг эўрапейскае тэмы начальнік консульскае ўправы МЗС Леанід Каравайка распавёў, што неўзабаве будуць скасаваныя бязьвізавыя паездкі ў Славаччыну, Вугоршчыну ды Польшчу. Славацкія візы беларускім грамадзянам будуць патрэбныя ўжо зь 1 студзеня, а Будапэшт і Варшава, паабяцаў спадар Каравайка, распачнуць патрабаваць візы не раней за сярэдзіну наступнага году.

На нарадзе консульскіх супрацоўнікаў, што доўжылася два дні, абмяркоўвалася пытаньне пра выбары 15 кастрычніка. Леанід Каравайка ня ведае, да каго будуць далучаныя тыя беларускія грамадзяне, што ёсьць на консульскім уліку за мяжою:

(Каравайка: ) "Учора мы запрашалі на нашую нараду прадстаўніка Цэнтарвыбаркаму і даволі грунтоўна й падрабязна нам была дадзеная інфармацыя пра тое, як будуць праводзіцца выбары, у тым ліку, больш падрабязна гаворка йшла пра тыя 20 тысячаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія жывуць за мяжою. На сёньняшні дзень мы ня можам сказаць, да якой акругі яны будуць прыпісаныя, а на нашае пытаньне адказ быў такі: мабыць, да той акругі, дзе будзе найменш выбаршчыкаў – у горадзе Менску".

Гаварыў Леанід Каравайка.

Пад час прэсавае канфэрэнцыі высьветлілася таксама, што прысутны на ёй галоўны консул Беларусі ў Нямеччыне Анатоль Канаплянікаў зусім не валодае беларускаю моваю, а гэта патрабаваньне зусім не абавязковае для беларускіх консулаў.

XS
SM
MD
LG