Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня выконваючы абавязкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін прапанаваў прызначыць на пасаду дзяржаўнага сакратара хаўруснае беларуска-расейскае дзяржавы Паўла Барадзіна, які пры Ельцыне быў кіраўніком справамі прэзыдэнта. Гэтую прапанову Пуціна пракамэнтаваў нашаму радыё прадстаўнік Беларусі ў статутных ворганах СНД Сяргей Посахаў.

Спадар Посахаў сам зьвярнуўся да нашага радыё з просьбаю даць яму магчымасьць пракамэнтаваць рашэньне кіраўніка Расеі. Як вынікае са словаў Посахава, яно выклікае ў беларускага чыноўніка дваістыя пачуцьці…

(Посахаў: ) "Адразу хачу сказаць, што Пуцін не прыняў рашэньне, а толькі прапаноўвае, паколькі мяркуецца, што гэта павінна ўзгадняцца зь Беларусьсю. Цешыць, што кіраўніцтва Расеі занялося практычнай працаю ў фармаваньні вышэйшых ворганаў хаўруснае дзяржавы. Але што тычыцца кандыдатуры Паўла Барадзіна – я вельмі адмоўна стаўлюся да вырыянтаў, калі палітыкі, якія правальваюцца на выбарах, знаходзяць сябе прытулак у хаўрусных ворганах".

Спадар Посахаў падкрэсьліў, што ён выказвае ад свайго ўласнага імя і ад імя сваіх аднадумцаў – прыхільнікаў стварэньня хаўруснае дзяржавы. Але дзіўна, што чыноўнік, тым больш чыноўнік такой дзяржавы, як Беларусь, выказвае нейкія асабістыя меркаваньні.

Падаецца, што спадар Посахаў агучвае тыя меркаваньні, якія афіцыйнаму Менску агучваць ня надта ёмка. На мінулым тыдні ён выказаў заклапочанасьць першымі крокамі новага расейскага кіраўніцтва. Сёньня, у інтэрвію "Радыё Свабода", Сяргей Посахаў ўдакладніў сваю думку, прыгадаўшы прапанову аб прызначэнні Барадзіна:

(Посахаў: ) "Гэта першы крок. Тое, што расейскае кіраўніцтва зьвярнулася да фармаваньня хаўрусных ворганаў – гэта знак, які абнадзейвае. Больш таго, варта прыгадаць і заяву старшыні Цэнтравыбаркаму Расеі Вішнякова аб тым, што ў траўні павінен патрапіць у Думу выбарчы закон. Ён патрапіць і ў наш парлямэнт. Я мяркую, праз 6 месяцаў адбудуцца выбары ў хаўрусны парлямэнт. Важны крок зроблены. Але кандыдатура Барадзіна выклікае вялікія сумневы".

У канцы мінулага году пад час падпісаньня хаўруснае дамовы Лукашэнка заявіў, што да канца прэзыдэнцкага тэрміну Ельцына мае намер падпісаць зь ім яшчэ адную дамову, ужо аб поўным, сапраўдным аб'яднаньні. Але Ельцын пайшоў ў адстаўку.

Я спытаў спадара Посахава, ці падпіша Пуцін новую хаўрусную дамову да 26 сакавіка, тэрміну правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі? Мой суразмоўца адказаў:

"Маё асабістае меркаваньне, што да выбараў ён не падпіша новую хаўрусную дамову. Першыя крокі выконваючага абавязкі прэзыдэнта Расеі сьведчаць аб тым, што ён падтрымлівае ў Расеі нешматлікіх праціўнікаў заключэньня дамовы", – лічыць паўнамоцны прадстаўнік Беларусі ў статутных ворганах СНД Сяргей Посахаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG