Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

У аўторак наступіў доўгачаканы пералом у пытаньні кампэнсацыяў ахвярам нявольніцкае працы ў гады нацызму. Пасьля 50 гадоў ад заканчэньня вайны ФРГ, як спадкаемца нацысцкай Нямеччыны, хоча канчаткова сплаціць кампэнсацыі ахвярам нявольніцкай працы. Людзі, якія працавалі ў канцлягерох, ў нямецкіх прадпрыемствах і ў прыватнах сельскіх гаспадарках, атрымаюць максімум да 10 тысяч нямецкіх марак, што разглядаецца, як вельмі сымбалічная кампэнсацыя.

Пад ціскам з боку пераважна габрэйскіх абшчынаў у ЗША, урад канцлера ФРГ Шродэра вырашыў стварыць адмысловы фонд для выплаты кампэнсацыяў ахвярам нявольніцкае працы. Папярэдні урад канцлера Гэльмута Коля не хацеў слухаць пра ніякія новыя кампэнсацыі і падкрэсьліваў, што і так з часу вайны выплаціў агулам каля 120 мільярдаў марак.

Аднак новы урад вырашыў узяць на сябе гэты цяжар, але пад умовай, што ніхто і ніколі ня будзе больш дамагацца ні ад ураду, ні ад нямецкіх фірмаў якіх небудзь кампэнсацыяў. Урад заклікаў нямецкія прадпрыемствы, якія бясплатна і прымусова эксплюатавалі работнікаў із захопленых нацыстамі краін, дабраахвотна ўнесьці ў гэты фонд адпаведныя сумы грошаў. Чатырнаццаць фірмаў, такіх як "Даімлер-Бэнц", " Фольксвагэн", " Агфа", " Дэгусса", абяцалі сплаціць звыш мільярда марак. Адначасова, з бюджэтных сродкаў, частку патрэбнай сумы абяцаў унесьці ў фонд урад.

Праблемы ўзьніклі адразу пасьля апублікаваньня ініцыятывы. Па-першае, не было згоды наконт таго, паводле якіх крытэрыяў разьдзяліць грошы: пароўну ці ўлічваючы цяжкасьць і працягласьць працы ў карысьць нацыстаў. Па-другое, для адвакатаў і самых былых нявольнікаў трэцяга Рэйху прапанаваная сума падалася сьмешна малой, тым болей, што іх аказалася значна болей, чым раней меркавалася.

Менавіта грошы сталі прадметам шматмесячнай валакіты паміж адвакатамі абодвух бакоў. Групу адвакатаў ахвяраў нацысцкага рэжыму ўзначальваў намесьнік міністра фінансаў ЗША Сцюарт Айзэнштат, а нямецкі бок – граф Отто Лямбздорф. Адвакаты ахвяраў дамагаліся спачатку нерэалістычнай сумы ў 40 мільярдаў марак, потым у 20, аднак, паступова сыходзілі ўніз. Нямецкі бок прапанаваў ня болей, як 5 мільярдаў марак. Пасьля адвакаты фірмаў і сам канцлер Шродэр уперліся на 8 мільярдах, але паступова пагадзіліся на і большую суму.

Нарэшце, пад пагрозай поўнага зрыву перамоваў, пасьля працяглых юрыдычных выкрунтасаў, у аўторак прадстаўнік нямецкіх фірмаў Вольфганг Гібовскі заявіў: "Я магу пацьвердзіць, што мы дасягнулі пагадненьня і спадзяюся,што грошы адносна хутка будуць выплачаныя ахвярам нявольніцкай працы". Нямецкі урад і прадпрыемствы згадзіліся выплаціць 10 мільярдаў марак.

Згодна непацьвержаным дадзеным, свой уклад могуць унесьці таксама амэрыканскія прадпрыемствы, такія як "Форд" і "Джэнэрал Моторс", якія ў гады ІІ Усясьветнай вайны мелі свае філіі ў Нямеччыне і таксама карысталіся нявольніцкай працай. На гэтым настойваў Сцюарт Айзэнштат спрабуючы вывесьці перамовы з тупіку. Аднак, нямецкі бок супрацівіўся гэтаму праекту, паколькі фонд ператварыўся б ў сумесны. У кожным разе, ўсе грошы маюць быць неадкладна перададзеныя арганізацыям былых прымусовых работнікаў ў ЗША, а таксама ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Незважаючы на ўзаемныя саступкі, абодва бакі задаволеныя. "Гэта доўгачаканы акт справядлівасьці для былых прымусовых работнікаў", – заявіў віцэ-прэзыдэнт Арганізацыі амэрыканскіх габрэяў Тэйлар, які дзесяцігодзьдзямі зьбіраў неабходную дакумэнтацыю ў гэтай справе. Нямецкія кампаніі, якія цяпер узялі на сябе цяжар кампэнсацыяў, будуць мець імунітэт перад падобнымі зыскамі ў будучыні.

Прадстаўнік нямецкіх фірмаў Гібовскі лічыць, што спрабуючы пазьбегнуць судовых справаў у будучыні, таксама іншыя нямецкія кампаніі згодзяцца выплаціць кампэнсацыі ахвярам нявольніцкай працы, якія зараз налічваюць ад 1.5 да 2 млн. 300 тыс. чалавек. Іхных пакутаў не кампэнсуюць ніякія сумы, але фірмы за чыста сымбалічныя грошы могуць забясьпечыць сабе чыстае сумленьне ў будучыні, – лічыць Гібовскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG