Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якое ўзначальвае Іван Ціцянкоў, набыло яшчэ адзін будынак у цэнтры Менску. Днямі Вышэйшы гаспадарчы суд на просьбу гэнеральнага пракурора Алега Бажэлкі ліквідаваў адкрытае акцыянэрнае таварыства "Белпрампраект". Будынак гэтай арганізацыі перададзены на балянс ведамства Ціцянкова.

Як паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі дырэктар інстытуту "Белпрампраект" Рычард Казлоўскі, цяперашнім беларускім уладам даўно не падабаўся той факт, што ў цэнтры Менску знаходзіцца гмах, які не зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы. Былы дзяржаўны інстытут стаў акцыянэрным таварыствам і здаваў у арэнду плошчы ў сваім будынку розным грамадзкім арганізацыям. У свой час там разьмяшчаліся, да прыкладу, рэдакцыі некалькіх недзяржаўных газэтаў.

Іван Ціцянкоў на працягу шэрагу апошніх гадоў мэтанакіравана далучае да сваёй гаспадаркі лепшыя будынкі ў цэнтры сталіцы. Да прыкладу, як ні прасілі пісьменьнікі не забіраць у іх Дом літаратара – не дапамагло: улады вырашылі, што Кіраўніцтва прэзыдэнцкіх справаў лепш распарадзіцца пісьменьніцкай уласнасьцю. Пры гэтым фармальна захоўвалася законная працэдура перадачы будынку.

Гэтым разам Ціцянкоў вырашыў дзейнічаць праз гэнэральнага пракурора. 29 кастрычніка Алег Бажэлка накіраваў у Вышэйшы гаспадарчы суд зыск з просьбаю прызнаць несапраўдным рашэньне Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці й прыватызацыі ад 30 сьнежня 1993 году аб перадачы будынку на пляцы Свабоды, 17 ва ўласнасьць праектаваму інстытуту, а таксама ліквідаваць адкрытае акцыянэрнае таварыства "Белпрампраект" паколькі пры яго стварэньні нібыта было дапушчана шмат парушэньняў закону.

Дырэктар "Белпрампраекту" Рычард Казлоўскі гаворыць, што стварэньне акцыянэрнага таварыства праходзіла ў строгай адпаведнасьці з законам, санкцыю на гэта даваў тагачасны прэм'ер Беларусі Вячаслаў Кебіч, а сам інстытут заплаціў у 1993 годзе за гмах дзяржаве 2 мільярды 134 мільёны рублёў.

26 лістапада Вышэйшы гаспадарчы суд цалкам задаволіў зыск гэнэральнага пракурора Бажэлкі.

Цікава, што зыск быў накіраваны ў суд літаральна праз чатыры дні пасьля таго, як "Белпрампраект" адсьвяткаваў сваё пяцідзесяцігодзьдзе. У той дзень прэм'ер Беларусі Сяргей Лінг узнагародзіў калектыў інстытуту ганаровай граматаю Савету міністраў, а шэф адміністрацыі Лукашэнкі Міхал Мясьніковіч павіншаваў супрацоўнікаў "Белпрампраекту" зь юбілеем.

Чаму ж вядомую ў краіне арганізацыю, па праектах якой узводзіліся аўтазаводы ў Менску, Магілеве й Жодзіне, прадпрыемствы "Форд" і "Кока-Кола" ды шмат іншых важных аб'ектаў, улады пазбавілі маёмасьці й фактычна ліквідавалі?

Вось што думае на гэты конт дырэктар"Белпрампраекту" Рычард Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "На маю думку, ёсьць зацікаўленасьць каб гэты будынак быў у кіраўніцтва справамі і толькі. Кожны дзень прэзыдэнт тут праязжае, і яму мазоліць вочы гэты будынак. І таму не зважаючы на тое, што існуюць нейкія беларускія законы, нас прыціскаюць".

Відаць, ведамству Івана Ціцянкова быў дадзены дазвол на канфіскацыю будынку на самым высокім узроўні, бо калектыву "Белпрампраекту" не дапамог ліст да Аляксандра Лукашэнкі, падпісаны 525-цю супрацоўнікамі інстытуту. Адказу на яго праектыроўшчыкі так і не атрымалі.

Сёньня працоўны калектыў зьвярнуўся да Лукашэнкі ўжо з адкрытым лістом, у якім просіць разабрацца й аднавіць справядлівасьць. Супрацоўнікі інстытуту аддаваць свой будынак ведамству Ціцянкова не зьбіраюцца і маюць намер да канца бараніць сваю ўласнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG