Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лістапада 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сярод менскіх дробных прадпрыймальнікаў распаўсюджаны дзіўны дакумэнт. Прадпрыймальнікам прапаноўваецца скінуцца на закупы хлебу для горада Менску.

Трэба адзначыць, што на закупы збожжа ўжо выдаткавалі грошы шматлікія юрыдычныя асобы. Дзяржава пачала зьбіраць прыватныя грошы, калі ўжо стала відавочна, што ўраджай склаў менш за палову ад патрэбаў Беларусі і што дзяржаўных грошай на закупы збожжа катастрафічна не хапае. Усяго на закупы збожжа неабходна больш за 300 мільёнаў даляраў.

Грашовую павіннасьць першымі выканалі буйныя прадпрыемствы. Іх абавязалі выдаткаваць буйныя сродкі ў валюце. Адначасова гарадзкі выканаўчы камітэт даручыў раённым выканаўчым камітэтам зьбіраць сродкі ў іншых прадпрыймальнікаў.

Здаецца, з цягам часу не засталося аніводнае фірмы, якую б не запрашалі ў раённыя выканаўчыя камітэты "на размову" і не прапаноўвалі б пералічыць грошы. Зразумела, што адмовіцца кіраўнікам прадпрыемстваў было вельмі складана, бо ў дзяржавы ёсьць такая мера ўзьдзеяньня, як падатковая праверка. У выніку праверкі можа быць накладзены штраф, які будзе значна перавышаць гэтак званую "дабрачынную дапамогу".

Сёньня чарга дайшла ўжо да індывідуальных прадпрыймальнікаў. З заклікам пералічыць грошы да іх зьвярнуліся менская гарадзкая рада разьвіцьця прадпрыймальніцтва, менскі прафэсійны зьвяз грамадзянаў-прадпрыймальнікаў і асобаў, якія працуюць па найму, а таксама аб'яднаны прафэсійны зьвяз прадпрыймальнікаў Менску й Менскаей вобласьці.

Паводле звароту, выдаткаваныя прадпрыймальнікамі сродкі палепшаць імідж бізнэсоўцаў і паспрыяюць разьвіцьцю традыцыяў мэцэнацтва. У лісьце напісана, што ад дабрабыту грамадзянаў залежыць посьпех бізнэсмэнаў.

Кіраўнік аб'яднанага прафэсійнага зьвязу прадпрыймальнікаў Меншчыны Алег Бортнікаў паведаміў, што ініцыятыва такога звароту належала менскаму камітэту прадпрыймальніцтва ды інвэстыцыяў.

Паводле словаў Бортнікава, дапамога з боку дробных прадпрыймальнікаў можа быць толькі дабрахвотнай. Ён лічыць, што гутарка можа йсьці аб невялікіх сродках. Бортнікаў кажа: "Хай нехта дасьць 500 тысячаў або мільён рублёў. Мы разумеем, што дзяржава вінаватая ў тым, што не змагла вырасьціць дастаткова збожжа, а потым ня здолела зрабіць закупы за дзяржаўныя сродкі. Але ж, паводле маёй інфармацыі, для Менску хопіць хлеба толькі да сярэдзіны зімы. А паколькі ён неабходны ўсім, лепей каб прадпрыймальнікі выдаткавалі грошы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG