Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Вярхоўным судзе Беларусі пасьля тыднёвага перапынку аднавіўся працэс над былым міністрам сельскае гаспадаркі Васілём Лявонавым, які абвінавачваецца ў шэрагу цяжкіх злачынстваў. Сёньня ў якасьці сведкі ў суд быў выкліканы прэс-сакратар міністэрства Зьміцер Марозаў, які два гады таму працаваў памочнікам Васіля Лявонава і быў побач зь ім у той момант, калі ў кабінэт міністра ўвайшлі сьледчыя , каб правесьці затрыманьне й ператрус.

Выкліканаму сёньня ў суд прэс-сакратару Міністэрства сельскае гаспадаркі Зьміцеру Марозаву давялося адказваць на пытаньні, якія тычыліся такіх дробных жыцьцёвых эпізодаў, якія звычайна забываюцца на наступны дзень. Да прыкладу, яму было прапанавана ўзгадаць, ці цікавіўся калі-небудзь ягоны былы начальнік Лявонаў магчымасьцю прадаць празь міністэрскую сталоўку гародніну (у прыватнасці, гуркі ды таматы).

Што стаіць за гэтым пытаньнем, з дакладнасьцю адказаць цяжка. Паколькі сьледзтва сьцьвярджае, што Лявонаў атрымліваў у "Расьвеце" у якасьці хабару шмат прадуктаў (у тым ліку гародніну), то ня выключаецца й спроба сьледчых такім чынам давесьці, быццам Лявонаў меў намер зарабляць на гэтых гурках ды таматах грошы.

Сам былы міністар над гэтым падазрэньнем шчыра сьмяецца й сьцьвярджае, што на сваёй сядзібе вырошчваў столькі гуркоў, што ня ведаў куды іх падзець, – навошта яму яшчэ "расьветаўская" гародніна…

Зьміцер Марозаў сёньня ўскосна падцьвердзіў гэтую заяву. Ён узгадаў, што аднаго разу на даручэньне Лявонава, сапраўды, цікавіўся ў загадчыцы сталовай, ці можна ёй здаць гародніну. Аказалася, такой патрэбы няма, як няма і ўмоваў дзеля захоўваньня вялікае колькасці гуркоў. Марозаў перадаў адказ Лявонаву, і больш яны да гэтай тэмы не вярталіся.

У дадатак у Зьміцера Марозава папрасілі даць характарыстыку Лявонаву як міністру, і сьведка выкарыстаў выключна станоўчыя вызначэньні. У перапынку былы прэс-сакратар Міністэрства сельскае гаспадаркі пагадзіўся адказаць і на мае пытаньні.

(Карэспандэнт:) "Лявонаву высунутыя цяжкія абвінавачваньні. Вы мяркуеце, ён мог такое зрабіць?"

(Марозаў: ) "Я ў гэта не магу паверыць, таму што ў мяне няма такіх прычын, каб сказаць, што ён здольны на нейкія дрэнныя крокі, што ён вораг. Я ня веру ў гэта".

(Карэспандэнт: ) "Вы апошнія дні перад арыштам працавалі зь ім, мелі зь ім кантакт. Бачна было па ім, што ён нэрвуецца, што чакае нечага дрэннага для сябе?"

(Марозаў: ) "Не. Асабіста я нічога не заўважыў. Ён як працаваў – так і працаваў. Зьнешне гэта абсалютна не адчувалася".

(Карэспандэнт: ) "Як зараз ставяцца да Васіля Севасьцьянавіча ў міністэрстве, што кажуць пра яго працэс?"

(Марозаў: ) "Людзі памятаюць яго, яны непакояцца лёсам гэтага чалавека. У многіх засталася добрая памяць пра гэтага міністра, і гэта – галоўнае".

Пасля Зьміцера Марозава, не дачакаўшыся з'яўленьня чарговага сьведкі, суд пачаў вывучэньне пісьмовых матэрыялаў. "Каб не губляць час", – патлумачыў судзьдзя Чартовіч.

Абарона лічыць гэткую практыку з большага магчымай, але заўважае, што сумяшчэньне звычайна адбываецца , як кажуць, не ад добрага жыцьця. Працэс зацягнуўся, галоўныя абвінавачваньні дагэтуль не падцьверджаныя, а драбязой кшталту сьпісаньня кіляграму гуркоў займацца, натуральна, сорамна. Але даводзіцца.

"Відаць, працэс зацягнецца да Новага году", – лічаць адвакаты Васіля Лявонава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG