Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня Аляксандар Лукашэнка браў удзел у працы пашыранае калегіі КГБ Беларусі. Паводле паведамленьня цэнтру па сувязях з грамадзкасьцю, Лукашэнка абмяркоўваў з чэкістамі, як лепш працістаяць спробам некаторых грамадзянаў узяць пад кантроль стратэгічныя аб'екты беларускай эканомікі.

Звычайна падобныя сустрэчы кіраўніка дзяржавы з калегіяй Камітэту дзяржаўнае бясьпекі адбываюцца раз на год. Сёньняшняя сустрэча, паводле словаў начальніка цэнтру па сувязях з грамадзкасьцю КГБ Фёдара Котава, праводзілася ў пашыраным складзе й доўжылася ўсю першую палову дня – што звычайна для размоваў Лукашэнкі з чэкістамі.

А вось тэма сустрэчы была не зусім звычайная. Паводле прэсавага рэлізу цэнтру сувязяў КГБ, на калегіі былі вызначаныя задачы "забесьпячэньня энэргетычнае, крэдытна-фінансавае ды экалагічнае бясьпекі дзяржавы".

КГБ паінфармаваў Лукашэнку пра спробы некаторых асобаў кантраляваць беларускія прадпрыемствы. "Зразумела, гаворка не пра жадаючых набыць кандытарскую фабрыку "Камунарка", а пра тых, хто марыць прыдбаць або ўзяць пад кантороль некаторыя ключавыя аб'екты гаспадаркі Беларусі", – патлумачыў Фёдар Котаў. У першую чаргу гэта прадпрыемствы энэргетычнага комплексу, аб'екты забесьпячэньня палівам або прадпрыемствы, якія зарабляюць для краіны валюту.

Паводле зьвестак КГБ, больш частымі й настойлівымі сталі спробы перакупіць акцыі гэтых прадпрыемстваў або знайсьці іншы спосаб незаконнага кантролю над імі. Супрацоўнік КГБ не ўдакладніў, супраць якіх канкрэтна аб'ектаў дзейнічаюць гэтыя ворагі й хто яны.

Котаў толькі паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка выказаў заклапочанасьць становішчам зь бясьпекаю энэргетычнай і грашова-фінансавай галінаў і загадаў чэкістам быць больш пільнымі.

У прэсавым рэлізе паведамляецца таксама пра шэраг крытычных заўвагаў Лукашэнкі на адрэсу чэкістаў. Аднак гэтая крытыка не прывяла да пагаршэньня традыцыйна добрых адносінаў Лукашэнкі з КГБ. Перад разьвітаньнем Лукашэнка ўручыў некаторым чэкістам дзяржаўныя ўзнагароды.

Закраналіся пад час сустрэчы й кадравыя пытаньні, аднак пра зьмены ў вышэйшым эшэлёне камітэту размова ня йшла. Дадам, што чуткі пра непазьбежную адстаўку Мацкевіча актыўна цыркулююць ужо амаль год. Пычынамі адстаўкі, якая быццам бы ўжо вырашаная наверсе, называюцца й хвароба, і незадавальненьне дзейнасьцю КГБ у барацьбе супраць апазыцыі, і інтрыгі бліжэйшага атачэньня Лукашэнкі. Але пакуль ніводны з гэтых прагнозаў не спраўдзіўся.

XS
SM
MD
LG