Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 траўня 1999 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Жорсткія захады ў дачыненьні да актывістаў прэзыдэнцкай кампаніі на Магілеўшчыне абумовілі зьніжэньне актыўнасьці выбаршчыкаў у рэгіёне. Толькі гэтымі дзеяньнямі можна растлумачыць самыя нізкія паказчыкі ў краіне ўдзелу магілеўцаў у галасаваньні.

Так атрымалася, што ў асобных раёнах да гэтага часу не атрымалі бюлетэняў. Учора, 11 траўня, у другой палове дня зноўку не пашанцавала арганізатарам прэзыдэнцкіх выбараў – міліцыя канфіскавала ў іх чарговую партыю дакумэнтаў.

Нагадаю, што надомнае галасаваньне на Магілеўшчыне пачалося пазьней за ўсіх – ня 6-га, а 8-га траўня. 5-га, напярэдадні пачатку галасаваньня, міліцыянты на пад'езьде да Магілеву затрымалі аднаго з арганізатараў прэзыдэнцкіх выбараў і канфіскавалі ў яго 42 000 бюлетэняў. Аднак, як ужо паведамляў карэспандэнт Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, другая партыя бюлетэняў толькі часткова дайшла да выбаршчыкаў.

8-га й 9-га траўня міліцыянты канфіскавалі ў офісе абласной Камісіі па выбарах Прэзыдэнта і на вуліцы ў прадстаўнікоў раённых камісіяў да 30 000 асобнікаў. Трэцюю партыю, якую прывезьлі 11 траўня, вырашылі схаваць на кансьпіратыўнай кватэры, аднак міліцыянты хутка выявілі і яе.

Незразумела, як яны апынуліся на гэтай вуліцы – магчыма, вылічылі па тэлефанаваньні, бо адзін зь сяброў Магілеўскай абласной камісіі адсюль тэлефанаваў у офіс абласной. Магчыма, выйшлі на сьлед насмесьніка старшыні абласной камісіі, бо міліцыянты зьявіліся на кватэры празь пяць хвілін пасьля яго прыходу. У гэтую хвіліну ў кватэры знаходзіліся старшыня абласной камісіі Ўладзімер Шарапаў, яго намесьнік Анатоль Фёдараў і яго жонка Валянціна. Міліцыянты заявілі, што ім паступіла інфармацыя аб парушэньні жыхарамі гэтай кватэры пашпартнага рэжыму і запатрабавалі адчыніць дзьверы. Калі ж спадары Шарапаў і Фёдараў адмовіліся, міліцыянты паспрабавалі трапіць праз балкон, а потым сталі ламаць дзьверы. "Мы нічога не маглі зрабіць, — узгадвае Валянціна Іванова. – Яны заявілі, што калі прымусова трапяць у кватэру, то абвінавацяць нас у непадпарадкаваньні дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі."

Мілцыянты не знайшлі парушэньняў пашпартнага рэжыму, аднак абвінавацілі людзей у захоўваньні антыпрэзыдэнцкай літаратуры і парушэньні заканадаўства аб выбарах. Падчас вобшуку супрацоўнікі Цэнтральнага раённага аддзелу ўнутраных справаў Магілеву канфіскавалі незапоўненыя падпісныя лісты, улёткі ў падтрымку Міхаіла Чыгіра і каля 10 000 выбарчых бюлетэняў. Уладзімера Шарапава, Анатоля Фёдарава, Валянціну Іванову прывезьлі ў аддзяленьне, склалі на іх адпаведны пратакол.

У гэты ж дзень, 11 траўня, павінен быў адбыцца суд над спадаром Фёдаравым па абвінавачаньні ў невыкананьні патрабаваньняў супрацоўнікаў міліцыі. Аднак, нягледзячы на просьбы Анатоля Фёдарава перанесьці судовае пасяджэньне ў сувязі са станам ягонага здароўя з 11 траўня на любы дзень пасьля 16 траўня, суд усё ж такі адбыўся, праўда, зь іншай нагоды.

Сёньня, у першай палове 12 траўня, ён быў затрыманы на кватэры ў жонкі і дастаўлены ў Ленінскі раённы суд Магілева. Там яго абвінавацілі ў непавазе да суда. Справа ў тым, што ён перадаў просьбу да судзьдзі аб перанясеньні свайго пасяджэньня праз свайго сябра. У пратаколе было зафіксавана: "Перадаў пісьмовую заяву аб пераносе даты судовага пасяджэньня празь нявызначаную асобу, чым праявіў непавагу да суда". Згодна гэтаму артыкулу, ён быў пакараны трыма суткамі пазбаўленьня волі. Такім чынам, на гэты час – да 15 траўня, ён выключаны з актыўнага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі.

Магілеўскія ўлады пазбавіліся ад аднаго з арганізатараў прэзыдэнцкай кампаніі на Магілеўшчыне. Супрацоўнікі Ленінскага раённага аддзелу ўнутраных справаў Магілева адмовілі прадстаўніку Беларускага Хельсінскага Камітэту ў сустрэчы з Анатолем Фёдаравым і заявілі, што на 3 дні кантакты зь ім немагчымыя. Відавочна, што ізалюючы кіраўнікоў цэнтральных камісіяў ад вольнага асяродзьдзя, як гэта здарылася ў Гомелі і Магілеве, улады спрабуюць замарудзіць ход галасаваньня альбо спыніць яго зусім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG