Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек году. Выбар Свабоды


Хто зьяўляецца асобай году ў Беларусі? Радыё Свабода ўпершыню правяло такое апытаньне сярод слухачоў, наведнікаў Інтэрнэт-сайту, сяброў сацыяльных сетак, мінакоў на вуліцах і вядомых людзей у Беларусі, краінах Эўропы і ў Амэрыцы. На сайце, а таксама ў сетках VКонтакте і Faceboоk прайшлі туры галасаваньня. Мы не задавалі спэцыяльных парамэтраў, не вызначалі ўмовы – усе маглі назваць каго хацелі.

У апытаньнях і галасаваньні ўзялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Усяго было названа каля ста імёнаў. Некаторыя намінацыя былі зборныя (швэды, якія праляцелі над Беларусьсю з плюшавым дэсантам), некаторыя імёны сустракаліся адзін раз («мая мама»), некаторыя не зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, але значныя шмат для каго (Івонка Сурвілла,Стэфан Эрыксан), сярод намінантаў ёсьць бізнэсоўцы, музыкі, пісьменьнікі, палітыкі, правабаронцы, спартоўцы, журналісты. Часьцей за іншыя сустракалася імя лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка. Затым імёны Сяргея Каваленкі зь Віцебска, пакаранага за нацыянальны сьцяг, Любові Кавалёвай, якая вядзе барацьбу супраць сьмяротнага пакараньня, а таксама плеяды мужных беларускіх палітвязьняў – Мікалая Аўтуховіча, Алеся Бяляцкага, Зьмітра Дашкевіча, Міколы Статкевіча і іншых зьняволеных.

Ад імя рэдакцыі Свабоды ў сьпіс для галасаваньня таксама быў унесены аб'яднаны герой – Палітвязень.

Сам працэс вызначэньня чалавека году – ужо вырашэньне задачы, бо дае нагоду задумацца над каштоўнасьцямі, узгадаць падзеі, ацаніць асобаў, прымерыць іх учынкі на самога сябе і заявіць пра свой выбар іншым.

З улікам галасаваньняў на сайце Свабоды і ў сацыяльных сетках, апытаньняў сярод вядомых асобаў, прапановаў, якія былі дасланыя камэнтатарамі, прагучалі ў тэлефонных званках, рэдакцыя абвяшчае выбар:

Чалавек году 2012 – ПАЛІТВЯЗЕНЬ.

На сёньняшні дзень ён складаецца з дванаццаці імёнаў; на працягу году іх было болей. Гэтае званьне за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя атрымалі тысячы людзей у Беларусі. Свабода немагчымая без таго, што яны зрабілі і робяць, турэмныя сьцены толькі ўзмацняюць іх голас, іх сьвятло, іх ахвяру. Таксама побач зь імі імёны тых, хто іх чакаў і чакае.

Гэта:

Ігар Аліневіч,
Мікалай Аўтуховіч,
Алесь Бяляцкі,
Яўген Васьковіч,
Зьміцер Дашкевіч,
Мікалай Дзядок,
Эдуард Лобаў,
Васіль Парфянкоў,
Арцём Пракапенка,
Павал Севярынец,
Мікола Статкевіч,
Аляксандар Францкевіч.

Віншуем усіх пераможцаў і намінантаў з Новым годам і жадаем посьпехаў і свабоды ў 2013-м!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG