Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы спачуваюць амэрыканцам


Сьцяг ля будынку амбасады ЗША ў Менску на палову прыспушчаны ў памяць аб ахвярах стральбы ў горадзе Ньютаўне штату Канэктыкут. Там 14 сьнежня ад рукі тэрарыста загінулі 27 чалавек, большасьць зь іх — дзеці ў веку ад 5 да 10 гадоў.

У ЗША абвешчана чатырохдзённая жалоба з гэтай нагоды. У Менску ў будынку амбасады сёньня адбылася хвіліна маўчаньня. Беларусы выказваюць спачуваньне амэрыканскаму народу.

Да будынку амбасады ЗША ў Менску не прыходзіць шмат менчукоў. Магчыма, з-за марозу. Але хтосьці прынёс і паклаў у сумёт ля агароджы кветкі, а людзі, якія праходзяць побач, выказваць свой шок ад інфармацыі з Ньютаўна і спачуваньне амэрыканскай нацыі:

Спадар: «Беларусы — нацыя, якая перажывае ня толькі сваю бяду, але і чужую… Гэта трагедыя, гэта дзеці, гэта самае сьвятое. Гэта вельмі сумна».

Спадарыня: «Гэтая падзея ўсіх шакавала, я сама ўвесь час сачу за навінамі, і я, канечне, у жаху. Але думаю, што гэта мела свае прычыны ў продажы зброі. Нельга так свабодна прадаваць яе. Гэта самы крымінальны бізнэс».

Прыспушчаны сьцяг амбасады ЗША
Прыспушчаны сьцяг амбасады ЗША
Амэрыканскі беларус 102-гадовы Барыс Кіт выступае за тое, каб ЗША ўвялі закон супраць вольнага продажу зброі, але разумее, што ёсьць моцныя лобі, якія ня хочуць такога закону:

«Ёсьць людзі, камэрсанты, якія гандлююць зброяй. З-за іх проста немагчыма ўвесьці ў Амэрыцы закон супраць зброі. Яны выступаюць у Кангрэсе, лабіююць».

Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч кажа, што знаходзіцца ў стане жаху ад навін з Ньютаўна. Ён мяркуе, што ЗША насьпеў час перагледзець папраўку да Канстытуцыі аб вольным валоданьні зброі:

«Каб хлапчанё 20-гадовае ненармальнае магло гэтулькі людзей зьнішчыць? Гэта ж страшней за вайну. І каб гэта першы раз, другі ці трэці… Я шчыра спачуваю, як і ўсе людзі. Але нельга нічога не рабіць з гэтай нагоды. На заканадаўчым узроўні, на ўзроўні выканаўчай улады. Спачуваньня мала. Трэба рабіць».

Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што нельга параўноўваць гэты выпадак нават з тэрактамі Брэйвіка, які правёў сплянаваную акцыю, бо выпадак у Ньютаўне — праява дзікунства неадэкватнага чалавека.

Бездакорных рэцэптаў ад такіх страшных выпадкаў няма, перакананы філёзаф Валянцін Акудовіч, хаця супрацьдзейнічаць ім трэба ўсімі сіламі. Але выглядае, што амэрыканцы як нацыя гатовыя несьці ахвяры за права абараняць сябе са зброяй у руках, нягледзячы на тое, што за гэтыя дні сабраныя больш за сотню тысяч подпісаў за забарону вольнага продажу зброі, мяркуе спадар Акудовіч:

«Зло ёсьць складнікам нашага сьвету, і пакуль будзе чалавек на сьвеце, датуль будзе зло. Гэта калі ўвогуле. А калі канкрэтызаваць сытуацыю нашага глябальнага сьвету, то магчыма спрагназаваць, што сусьветных войнаў больш ня будзе, але тая агрэсія, якая выплёхвалася падчас вялікіх войнаў, зараз будзе выкідвацца ў сьвет празь лякальныя ўчынкі».

Валянцін Акудовіч робіць сумную выснову, што сучасны сьвет дае шмат магчымасьцяў для неадэкватных людзей з дэструктыўнымі схільнасьцямі.

Жалоба ў Злучаных Штатах у сувязі з трагедыяй у школе гораду Ньютаўн працягнецца да 18 сьнежня. У храмах праходзяць набажэнствы. У Вашынгтоне некалькі соцень чалавек прынялі ўдзел у стыхійнай дэманстрацыі з патрабаваньнем зрабіць больш жорсткім кантроль за набыцьцём зброі.

У сваім звароце да нацыі прэзыдэнт ЗША Барак Абама заклікаў амэрыканцаў да салідарнасьці і рэальных дзеяньняў, каб не дапусьціць падобных трагедыяў у будучыні. Шэраг камэнтатараў, аднак, скрытыкавалі яго за тое, што ён наўпрост ня выказаўся за ўзмацненьне рэгуляваньня ў сфэры абароту зброі.

Паводле ўдакладненых дадзеных, меркаванаму злачынцу Адаму Лэнзу было 20 гадоў. Ён пакончыў з сабой. Да таго, як пачаць страляніну ў школе, Адам Лэнза застрэліў сваю маці ў яе дома.

Лідэры краінаў сьвету, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, выказалі спачуваньні прэзыдэнту ЗША і сваякам загінулых у сувязі з трагедыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG