Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква і Менск уніфікавалі чорны сьпіс нядобранадзейных


Беларусь і Расея дэманструюць узгодненыя пазыцыі ў справе забароны на ўезд для асобаў, чыё знаходжаньне на тэрыторыях абедзьвюх краінаў лічыцца непажаданым.

Раней стала вядома пра наяўнасьць у расейскім фэдэральным вышуку шэрагу беларускіх апазыцыянэраў, а ня так даўно сьпіс пэрсонаў нон-грата так званай саюзнай дзяржавы папоўніў кіеўскі журналіст, якога не пусьцілі ў Расею на той падставе, што ён неўязны ў Беларусь.

Украінскі мэдыя-трэнэр, кансультант у пытаньнях СМІ Алег Хамянок паведаміў у сацыяльнай сетцы, што атрымаў адказ з Расеі, чаму ў кастрычніку яго не пусьцілі на журналісцкі сэмінар у Калінінград. Аказваецца, тэрыторыю Расеі яму забаронена наведваць цягам 5 гадоў згодна з законам «Аб парадку ўезду і выезду грамадзянаў у Расейскую Фэдэрацыю». Адпаведны пункт тлумачыць: уезд замежнаму грамадзяніну не дазваляецца ў выпадку, калі гэта выклікана неабходнасьцю забесьпячэньня абароназдольнасьці ці бясьпекі краіны.

Сам Хамянок зьвязвае падобнае рашэньне з уніфікацыяй Менскам і Масквой чорных сьпісаў «нядобранадзейных элемэнтаў». Сёлета 20 сакавіка без тлумачэньня прычыны яму забаранілі ўезд у Беларусь. Хамянок прыляцеў у Менск, каб кансультаваць пэўнае выдавецтва. Аднак на пашпартным кантролі ў нацыянальным аэрапорце яму заявілі, што ён значыцца ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь. Цяпер забарона аўтаматычна перакінулася і на Расею. Праўда, калі на расейскім кірунку хоць ёсьць пэўнасьць з тэрмінам забароны, то зь Беларусьсю дагэтуль нічога не зразумела:

«Я пісаў у Дзяржаўны памежны камітэт Рэспублікі Беларусь, рабіў запыт наконт інфармацыі — на які тэрмін забарона, якая прычына забароны, ці можна гэтыя дзеяньні абскардзіць? І я атрымаў наступны адказ: дадзеная інфармацыя зьяўляецца інфармацыяй з абмежаваным доступам і яны яе прадставіць ня могуць. Таму нават ня ведаю, на які тэрмін мне забаронены ўезд у Беларусь. Што тычыцца цяперашняга выпадку, то можна толькі нешта дапускаць. Паколькі непасрэдных фактаў у мяне няма, то гэта ўсё роўна гаданьне на гушчы ад кавы. Але я не выключаю, што гэта зьвязана зь беларускай гісторыяй, бо Расея і Беларусь — гэта адзіная саюзная дзяржава, у іх адзіная мяжа. Таму думаю, што сьпісы асобаў, якім забаронены ўезд, напэўна, ёсьць і ў той, і ў другой памежнай службы».

У сярэдзіне 2000-х дэпартацыю ва Ўкраіну і 5-гадовую забарону на ўезд у Беларусь атрымаў і журналіст Міхаіл Падаляк. Чаму ён ня хоча вяртацца ў Менск пасьля сканчэньня гэтага тэрміну?

Міхаіл Падаляк
Міхаіл Падаляк
«Тэрмін скончыўся праз 5 гадоў пасьля 2004 году, гэта значыць, ён скончыўся ў 2009-м. Але проста ўзяць і вярнуцца я не магу. Таму што я быў дэпартаваны па спэцыяльным артыкуле, які ўвялі заднім чыслом — „пагроза нацыянальнай бясьпецы“. І каб па гэтым артыкуле потым уехаць у краіну, зь якой ты быў дэпартаваны, — то, як лічыцца ў Беларусі, ты мусіш афіцыйна зьвярнуцца ў інстанцыі. Таму што статус зусім іншы. Бо гэта ня проста дэпартацыя па факце эканамічнага характару ці па нюансах парушэньня заканадаўства, якое рэглямэнтуе жыцьцё замежнага грамадзяніна, а гэтае парушэньне клясыфікаванае як пагроза нацыянальнай бясьпецы. Гэта ўжо кшталту як шпіён, якога выслалі з краіны. А высланы шпіён у гэтую краіну добраахвотна ўжо ня можа вярнуцца. Толькі калі сама краіна дасьць яму дазвол туды заехаць — пасьля таго, як ён перастаў быць шпіёнам».

Пра існаваньне адзінай базы, у якую сьцякаюцца зьвесткі з праваахоўных органаў Расеі і Беларусі, сьведчыць і наяўнасьць беларускіх апазыцыянэраў у расейскім фэдэральным вышуку. Так, грамадзянская кампанія «Эўрапейская Беларусь» знайшла свайго актывіста Максіма Сергійца ў сьпісе асобаў, якія вышукваюцца ў Расеі на патрабаваньне Беларусі. На сайце vroziske.net пазначана: «Хаваецца ад органаў МУС». Пры затрыманьні прадпісваецца ўзяць пад варту. Пасьля падзеяў Плошчы Сергіец атрымаў прытулак у Польшчы.

Сярод амаль паўмільёна грамадзянаў, якія фігуруюць у расейскай базе вышуку, значыцца і былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч. Палітыка затрымалі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў, некалькі месяцаў трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ як падазраванага ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Ён уцёк за мяжу, атрымаў прытулак у Чэхіі.

У Радзе па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі створаная працоўная група па абароне правоў чалавека за мяжой. Яе кіраўнік, праваабаронца Андрэй Юраў, летась сам быў дэпартаваны зь Беларусі з забаронай уезду на 2 гады. На яго думку, каб пазьбегнуць дваістага прачытаньня міжнароднага заканадаўства, трэба кардынальна перагледзець сутнасьць працы Інтэрполу, якім прыкрываюцца і Менск, і Масква:

Андрэй Юраў
Андрэй Юраў
«Існуюць пэўныя праблемы. Мы цудоўна разумеем: ёсьць міжнародная сыстэма Інтэрполу. І калі на чалавека афіцыйна ўзбуджаная крымінальная справа, ён знаходзіцца ў вышуку, то, у прынцыпе, яго могуць вышукваць па ўсім сьвеце. Гэта тычыцца ня толькі Беларусі, а любой краіны. Але зараз ставіцца вельмі сур’ёзна пытаньне адносна таго, што ў Інтэрполе няма працэдуры праверкі, наколькі крымінальны перасьлед зьяўляецца палітычна матываваным. Напрыклад, тыя ж самыя людзі могуць трапіць у міжнародныя сьпісы Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы як асобы, якія перасьледуюцца з палітычных матываў, і не падлягаць перасьледу, і тут жа яны могуць перасьледавацца па лініі Інтэрполу. І ня толькі ў Расеі, але і ў Злучаных Штатах, Вялікай Брытаніі. То бок прававая сыстэма даволі складаная. Стваралася яна дзеля таго, каб перасьледаваць сапраўдных злачынцаў, але атрымліваецца, што любы чалавек, у тым ліку палітычны актывіст, на якога заведзеная нейкая крымінальная справа, можа падлягаць вышуку, выдачы і г.д. па лініі Інтэрполу і іншых міжнародных органаў».

Ні ў Менску, ні ў Маскве афіцыйна не прызнаюць, што маюць пералік дэмакратычных актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў, якія могуць быць выдадзеныя на патрабаваньне кожнага з бакоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG