Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Юраў: «Калі праваабаронцы за кратамі — гэта вельмі кепскі індыкатар»

абноўлена

Кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў, якога ў сакавіку 2011 году выдварылі зь Беларусі, стаў чальцом Рады па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі. У новы склад Рады, згодна з указам Уладзімера Пуціна, увайшло 39 чалавек, у тым ліку і Юраў.

Андрэй Юраў фармальна застаецца кіраўніком назіральнай місіі. Працуючы ў гэтай якасьці он-лайн, ён цалкам у курсе таго, што адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі.

У прэзыдэнцкую раду спадар Юраў праходзіў у намінацыі «правы чалавека на постсавецкай прасторы». І паабяцаў абавязкова стварыць пры прэзыдэнцкай радзе адмысловую групу па правах чалавека ў СНД, а ў ёй — падгрупу па правах чалавека ў Беларусі. Спадар Юраў у інтэрвію Радыё Свабода паведаміў, што мае намер трымаць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі на кантролі і працягваць уздымаць беларускае пытаньне ў Расеі і на міжнародным узроўні:

«Патрабаваньне вызваленьня палітзьняволеных і вязьняў сумленьня — адно з найважнейшых і відавочных. І для гэта вельмі трагічная зьява, што вядомы праваабаронца знаходзіцца за кратамі, Ну, палітыкі, палітычныя апанэнты — гэта, вядома, жахліва, гэта дрэнна, але зразумела. Але калі ў краіне ў якасьці зьняволеных сядзяць грамадзянскія і праваабарончыя актывісты — гэта вельмі кепскі індыкатар. Гэта азначае, што з краінай зусім усё дрэнна.

Для мяне самае галоўнае — каб у Беларусі ўсё ж такі адбыўся зварот да ўсяго спэктру разуменьня фундамэнтальных правоў і свабодаў, так, як гэта разумее, ну, хаця б Эўропа».

Доўгатэрміновая місія Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека была створаная 27 сьнежня 2010 году, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. А 17 сакавіка 2011 году Андрэя Юрава выставілі зь Беларусі, патлумачыўшы, што ён знаходзіцца ў сьпісе асобаў, чыё знаходжаньне на тэрыторыі краіны непажадана. Юраву часова забаронены ўезд у Беларусь.


Равяка: «Голас нашага сябра Юрава будзе зараз мацнейшым»


Беларускія праваабаронцы з энтузіязмам успрынялі вестку, што кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, расейскі праваабаронца Андрэй Юраў стаў чальцом Рады па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі. Цяпер у яго будзе больш магчымасьцяў прасоўваць беларускае пытаньне. Праваабаронца Тацяна Равяка працавала ў шчыльным кантакце зь Міжнароднай назіральнай місіяй і добра ведае Андрэя Юрава:

«Я перакананая: ён будзе прасоўваць, гэта дакладна. Канечне, у яго будзе магчымасьць наўпрост сказаць пра гэта прэзыдэнту Пуціну. І ён будзе пра гэта казаць, ён будзе дамагацца, каб расейскія ўлады не выключалі пытаньня і палітычных вязьняў, і ўвогуле правоў чалавека, з узаемаадносінаў нашых краінаў. Рабіць гэта ён абавязкова будзе, таму што гэта такі чалавек.

Іншая справа, наколькі будзе магчымасьць быць пачутым, наколькі гэта можа паўплываць на сытуацыю і з Алесем, і зь іншымі палітвязьнямі — гэта ўжо цяжка сказаць. Шмат у чым у нас правы чалавека завязаныя на палітычную мэтазгоднасьць, а не на саму сутнасьць правоў чалавека. Але я вельмі рада, што голас нашага сябра Андрэя Юрава будзе зараз мацнейшым».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG