Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Адамовіч: У турме Статкевіча яшчэ не ўключылі ацяпленьне


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч у турме працягвае карыстацца акулярамі, якія не адпавядаюць ягонаму зроку.

Мікалай Статкевіч карыстаецца акулярамі, якія не адпавядаюць ягонаму зроку. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч. Паводле Марыны, зрок у Статкевіча пачаў рэзка псавацца яшчэ ў турме КДБ на пачатку 2011 году. Тады былому кандыдату на прэзыдэнта перадалі акуляры, якімі ён дагэтуль карыстаецца, хоць зрок яшчэ больш зьмяніўся:

«Пайшла я ў оптыку і сказала, што трэба набыць тое, ня ведаю што. Патлумачыла, што чалавек ніколі не карыстаўся акулярамі, такі і такі ўзрост, але зараз за кратамі і дрэнна стаў бачыць. У выніку набыла акуляры 1,5 ці 2 плюс, з прыблізным памерам паміж зрэнкамі. Перадала гэтыя акуляры, іх прынялі, і ён дагэтуль імі карыстаецца. Яго зараз нібыта агледзеў лекар-акуліст, выпісаў акуляры на пэўны памер, але пакуль усё па-ранейшаму. Я рэгулярна перадаю яму адмысловыя лекі для вільгаці вачэй. У яго вельмі сохнуць вочы, бо ўвесь час ён просіць адмысловыя лекі ад гэтага. І ўсё роўна працягвае шмат чытаць ды піша лісты. Таксама вучыць ангельскую мову. Жартуе, што ў яго будзе жудасны пранонс, але чытаць зможа. Ён жа вельмі ўпарты».

Паводле зьвестак Марыны Адамовіч, у Магілёўскай турме, дзе як злоснага парушальніка рэжыму трымаюць былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, яшчэ не ўключылі ацяпленьне і вязьні пакутуюць ад холаду. Калі я пазваніў у турму, каб высьветліць, ці ўключылі ацяпленьне, супрацоўнік адміністрацыі з пэўнасьцю паведаміў, што «ў ягоным кабінэце заўсёды цёпла», а вось пра ацяпленьне ў камэрах вязьняў казаць адмовіўся:

«Прыяжджайце да нас, атрымайце дазвол, і вам усё пакажуць».

На пытаньне, цёпла ў калёніі ці не, не ўзялася адказаць жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук. Натальля днямі атрымала ліст ад Алеся, але гэтую тэму абмінае. «Гэта ж пра ўмовы ўтрыманьня, і такія зьвесткі могуць яму пашкодзіць», — тлумачыць жонка палітвязьня. Натальля Пінчук працытавала вытрымкі з апошняга ліста Алеся Бяляцкага:

«Хадзіў у лаўку і за астатнія 40 тысяч купіў кавалак сыру, пачак вафляў, нешта яшчэ — і грошы скончыліся».

Паводле Натальлі Пінчук, вязьню Бабруйскай калёніі Алесю Бяляцкаму як злоснаму парушальніку рэжыму дазваляюць патраціць у турэмнай краме толькі 100 тысяч. «Гэтага вельмі мала, каб як мае быць падсілкавацца», — лічыць жонка вязьня.
XS
SM
MD
LG