Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьмітра Дашкевіча могуць накіраваць у Гарадзенскую альбо ў Жодзінскую турму — як злоснага парушальніка рэжыму.

У наступны аўторак, 30 кастрычніка, у Мазырскай калёніі мае адбыцца выязное судовае паседжаньне, дзе будзе вызначаны далейшы лёс палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Лідэра «Маладога фронту» як злоснага парушальніка рэжыму ў калёніі могуць накіраваць для далейшага адбыцьця пакараньня альбо ў Гарадзенскую, альбо ў Жодзінскую турму. Сам Зьміцер Дашкевіч мяркуе, што перавод яго ў турму ўжо перадвызначаны.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміла нявеста палітвязьня Наста Палажанка, якая 25 кастрычніка разам з адвакатам наведала Мазырскую калёнію:

«Гэта будзе ня суд, а выязное паседжаньне суду. Яны абвесьцяць, на колькі і дзе будзе адбываць далей пакараньне. Зараз Зьміцер сядзіць у ПКТ — памяшканьні камэрнага тыпу, куды трапіў пасьля адбыцьця месяца ў карцэры. Ён сам для сябе асаблівай розьніцы ня бачыць у тым, што яго перавядуць адсюль у турму. Бо ён і ў папраўчай калёніі ўвесь час у камэры — альбо ў карцэры, альбо ў ПКТ. Ён задаволены хоць тым, што зьедзе з Мазырскай калёніі, дзе зазнаў шмат ціску і зьняважлівага стаўленьня. Але магчымае рашэньне ён не камэнтуе».

Паводле зьвестак Насты Палажанкі, Зьміцер Дашкевіч ня скардзіцца на здароўе і выглядае бадзёра. Пра наступствы галадоўкі, якую палітвязень трымаў у Мазырскай калёніі, ён нічога не казаў.

Лідэра «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча ў жніўні асудзілі на яшчэ адзін год зьняволеньня і на пачатку верасьня перавялі ў Мазырскую калёнію, дзе ён неўзабаве трапіў у карцэр і больш за 10 дзён галадаваў на знак пратэсту супроць ціску і зьняважлівага стаўленьня адміністрацыі.
XS
SM
MD
LG