Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчук: «Ня елі мы гэтых цукерак і, мабыць, есьці ня будзем»


Фабрыка «Спартак» у Гомелі

Фабрыка «Спартак» у Гомелі

15 кастрычніка кіраўніцтву гомельскай кандытарскай фабрыкі «Спартак» быў прадстаўлены новы генэральны дырэктар — 30-гадовы Алег Жыдкоў, які апошнім часам ачольваў управу гандлю й паслуг Гомельскага аблвыканкаму. Зьмена кіраўніцтва адбылася пасьля таго, як пры канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка загадаў скасаваць назіральныя рады на сумесных акцыянэрных прадпрыемствах «Спартак» і «Камунарка» й замяніць дырэктараў, каб тыя надалей кіравалі гэтымі кандытарскімі прадпрыемствамі аднаасобна.

Кіраўнікі вышэйшага рангу сумеснага акцыянэрнага таварыства «Спартак» пазьбягаюць нейкіх камэнтароў для СМІ.

Кіраўнікі сярэдняга зьвяна пра раптоўнае рашэньне гавораць ахвотней, але няпэўна:

«Новы дырэктар толькі прыйшоў. Якая ў яго палітыка будзе, якія паводзіны — якое меркаваньне мы можам скласьці, калі ён толькі што прыйшоў? Ад нашых пэртурбацыяў народ больш альбо менш есьці ня будзе. Вы пабеглі ў краму? Вы запасьліся цукеркамі, шакалядам? Не! А праца працягваецца, фабрыка не спынілася».

На «Спартаку» зараз працуе звыш 2 тысяч чалавек. У 1994 годзе фабрыка зь дзяржаўнага прадпрыемства была пераўтворана ў адкрытае акцыянэрнае таварыства, а праз чатыры гады, у траўні 1998 году, рэарганізавана ў сумеснае прадпрыемства.

Адным зь першых інвэстараў стаў амэрыканскі бізнэсовец зь беларускімі каранямі Марат Новікаў. Ён валодае цяпер у акцыянэрным таварыстве «Спартак» 54 адсоткамі акцыяў, а на «Камунарцы» — 34 адсоткамі. У СМІ бізнэсовец заяўляў, што сёлета мае атрымаць на «Спартаку» звыш 15 мільёнаў даляраў прыбытку, а на «Камунарцы» — 12–13 мільёнаў.

Чым абернецца для кандытарскіх фабрык скасаваньне назіральных радаў, ніхто ў Гомелі прагназаваць не бярэцца. Многія працаўнікі фабрыкі наагул ня маюць дачыненьня да яе ўласнасьці і паўплываць на сытуацыю ня ў сілах. Пра гэта, у прыватнасьці, кажа спадарыня, якая назвалася Валянцінай:

«Вы ведаеце, я ня маю акцый. Так што мяне гэта не датычыць. І што я зьмяню, калі я нават нешта й думаю?»
Што я зьмяню, калі я нават нешта й думаю?

Некаторыя шарагоўцы кандытарскага прадпрыемства толькі сёньня пачулі пра кадравую ператасоўку:

«Я даведаўся толькі сёньня. Ніхто нічога ня ведае, што будзе — лепш ці горш».

Ёсьць і такія шараговыя кандытары, што падтрымліваюць валявое рашэньне кіраўніка дзяржавы:

«Даўно трэба было прыбраць — усіх! Вар’ятня была. Што толку ад таварыства акцыянэрнага?»

Абазнаныя ў справах акцыянаваньня прадпрыемстваў гамельчукі лічаць, што дзяржава, маючы вялікую патрэбу ў валюце, можа ў хуткім часе цалкам нацыяналізаваць «Спартак». Як будзе, сказаць ніхто не бярэцца, бо такая нацыяналізацыя, зь іншага боку, цалкам адаб’е ў інвэстараў ахвоту ўкладацца ў беларускія прадпрыемствы.

Гамяльчук: «Ня ведаю, але наўрад ці яны забяруць Маратавы грошы — калі толькі выкупяць. Але ж выкупіць — будзе дорага каштаваць. Ня елі мы гэтых цукерак і, мабыць, апроч карамэлі, і есьці ня будзем, бо надта ж моцна гэтыя цукеркі кусаюцца».
XS
SM
MD
LG