Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка разагнаў назіральныя рады «Спартака» і «Камунаркі»


Кіраўнік Беларусі загадаў ліквідаваць назіральныя рады на кандытарскіх фабрыках «Спартак» і «Камунарка».

«Маё рашэньне адназначнае, нягледзячы ні на якіх інвэстараў і інвэстыцыйны клімат. Таму з заўтрашняга дня прадпрыемствы павінны функцыянаваць так, як раней. Я пакуль яшчэ не кажу пра долі акцыяў, працэнты, фундатараў — я проста пакуль кажу пра кіраваньне прадпрыемствамі. З заўтрашняга дня кіраўнікі прадпрыемстваў прымаюць рашэньні аднаасобна, як дзяржпрадпрыемствы, забыўшыся пра тое, што ў іх калісьці была назіральная рада. Асуджаць мяне ці ўхваляць — гэта ўжо справа густу», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Лукашэнка кажа, што ён даручаў прааналізаваць усё, што адбывалася на гэтых прадпрыемствах, пачынаючы з савецкіх часоў: як яны прыватызаваліся, да каго яны трапілі ў рукі, як ацэньваліся, — і прыняць рашэньне ў судзе.

«Суд прыняў рашэньне. Рашэньне суду ня выканаў хто? Назіральныя рады. З заўтрашняга дня назіральныя рады ліквідаваць», — перадае БелТА. — Рашэньні суду безумоўна павінны выконвацца, а потым вы маеце права іх абскардзіць«.

Далей Лукашэнка патлумачыў прычыны такога рашэньня: «Як з боку акцыянэраў, так і органаў улады занадта часта падымалася на ўзроўні прэзыдэнта пытаньне пра будучыню „Камунаркі“ і „Спартака“, як і ўсёй кандытарскай прамысловасьці. Была дадзена маса даручэньняў для таго, каб тут быў наведзены парадак».

«Зусім нядаўна мне, можна сказаць, падкінулі яшчэ адзін ліст, — сказаў Лукашэнка. — У гэтым лісьце піша чалавек пра тое, што чыноўнікі, замест таго каб дапамагаць, хочуць прадаць фабрыкі, улічваючы асабісты інтарэс. Хацеў бы, каб мне сёньня растлумачылі, што гэта за чыноўнікі, якія хацелі прадаць „Спартак“ і „Камунарку“, улічваючы асабістыя інтарэсы».

«Камунарка», «Спартак» і аналягічныя прадпрыемствы — гэта народныя прадпрыемствы, і гэта прадпрыемствы для дзяцей. Гэтым усё сказана, — падкрэсьліў Лукашэнка. — Колькі б ні каштавалі нашы кандытарскія вырабы, бацька і маці ўсё роўна для дзіцяці іх купяць. А значыць, гэта стратэгічныя прадпрыемствы, яны будуць заўсёды (ня нашы, беларускія — значыць, замежнікі іх будуць трымаць), як прадпрыемствы па вытворчасьці малака, мяса, абутку, адзеньня«.

«Паўстае пытаньне: навошта ж трэба было ў свой час іх прыватызаваць, падзяліць? — сказаў Лукашэнка. — Добра, 15–20 гадоў таму была іншая палітыка, сфармаваная на тое, каб усё раздаць. Раздалі пэнсіянэрам, фізычным асобам, работнікам прадпрыемстваў, ацанілі па мінімуме. А потым дзялкі нашы, суседніх і далёкіх дзяржаў, вобразна кажучы, за бутэльку скупілі гэтыя акцыі і сталі гаспадарамі прадпрыемстваў».

«Вось да чаго прывяла такая прыватызацыя і чаму я заўсёды вельмі акуратна і асьцярожна да яе стаўлюся», — адзначыў ён.

«Запомніце, у нас падобныя прадпрыемствы ніколі немагчыма будзе прыватызаваць бяз згоды прэзыдэнта. Запомніце гэта раз і назаўсёды. Таму пісаць пра тое, што нейкія там чыноўнікі ў асабістых мэтах нешта хочуць... Хацець нікому ня шкодна. Хай хочуць — гэта не забараняецца. У нас іншых прадпрыемстваў такіх няма. Гэта нашы флягманы ў гэтай сфэры», — заявіў Лукашэнка.


Сяргей Чалы: «Назіральную раду прыбіраюць, калі плянуюць нацыяналізацыю»


Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы гэтак пракамэнтаваў рашэньне Аляксандра Лукашэнкі ліквідаваць назіральныя рады на акцыянэрных таварыствах «Камунарка» і «Спартак»:

«Гэта з шэрагу спробы дзяржавы канчаткова вярнуць сабе тыя прыватныя прадпрыемствы, якія працуюць пасьпяхова. Ужо можна назваць пяток прадпрыемстваў, якія тым ці іншым чынам з рук акцыянэраў дзяржавай забіраліся. Гэтак было, здаецца, з „Керамінам“, падобнае было ўжо з тым жа „Спартаком“, у якога адзін з буйных прыватных акцыянэраў мусіў зьехаць за мяжу. Распаўсюджаная практыка. Розныя захады ўжываюцца дзеля гэтага, можа быць дадатковая эмісія акцый ці яшчэ што. Сам жа Лукашэнка кажа, што ня мае значэньня інвэстыцыйны клімат, мусяць працаваць гэтак жа, як у ранейшы час».

«Свабода»: «А што азначае для акцыянэрнага прадпрыемства ліквідацыя яго назіральнай рады?»

Чалы: «Ды насамрэч у тых радаў паўнамоцтвы вельмі малыя. Гэта ж ня рады дырэктараў. Гэта орган, які нічога не вырашае, акрамя назіраньня за рэарганізацыяй прадпрыемства, зьліцьця зь іншым ці прыпыненьня дзейнасьці. Магчыма, якраз дзеля таго і ліквідуюць назіральную раду, каб не было ніякага органа, які б быў супроць крокаў па нацыяналізацыі ці нечага ў гэтым сэнсе».

Заіка: «Нашы акцыянэрные прадпрыемствы — насамрэч дзяржаўныя»


Эканаміст Леанід Заіка камэнтуе магчымую нацыяналізацыю «Камунаркі» і «Спартака».

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Чаго раптам прэзыдэнт дзяржавы мусіць займацца шакаляднымі фірмамі? Гэта збольшага несур’ёзна, бо гаворка не ідзе пра вялікія кампаніі, якія працуюць на асноўных кірунках беларускага экспарту. Гэтая цукерачная справа хутчэй пра тое, што дзяржава хоча стопрацэнтова кантраляваць усе прадпрыемствы краіны.

Так, сярод кіраўнікоў кампаній у ЗША, Вялікабрытаніі, Італіі і гэтай далей заўсёды ёсьць розьніца інтарэсаў. І гэтыя розныя інтарэсы рэгулююцца на ўзроўні ўласьнікаў, а ўласьнікі прадстаўленыя ў назіральных радах. Гэта нармальны тэхнічны варыянт. А ў нас тое, што ёсьць акцыянаваная ўласнасьць і яна лічыцца прыватнай, — гэта няпраўда. Гэта квазі-прыватныя прадпрыемствы, на якіх пераважная частка ўласьнікаў — дзяржаўная. Вось і атрымліваецца гэтак — па-вясковаму, кандова.

Але паўтаруся: ня царская гэта справа — займацца разьмеркаваньнем прыбытку ад вытворчасьці цукерак. Мяркую, гэта была памылка. Магчыма, ён там падагрэўся, на гэтай шакаляднай вытворчасьці.

Дарэчы, сярод простых людзей і сярод тых жа прафэсараў унівэрсытэту, як я ведаю, ёсьць людзі, якія валодаюць акцыямі „Камунаркі“. Іх набылі, абмянялі на свае чэкі і атрымлівалі ад гэтага нейкія грошы».

Свабода: «Як вы мяркуеце, вялікія?»

«Ня думаю. У Беларусі 90% акцыянэрных таварыстваў увогуле ніякіх дывідэндаў не даюць. Усё ідзе на падтрыманьне адміністрацыі прадпрыемства».
XS
SM
MD
LG