Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: нявінна асуджаны лекар патрабуе кампэнсацыі


Гомельскі абласны суд вырашыў спагнаць зь дзяржаўнай казны звыш 20 мільёнаў рублёў, каб кампэнсаваць матэрыяльную шкоду былому лекару-псыхіятру Яўгену Дзедушкіну, нявінна асуджанаму нібыта за падпал гаражоў і безгаспадарнага будынка ў Навабеліцкім раёне абласнога цэнтру.

Матэрыяльная шкода — гэта сродкі, якія лекар выплаціў адвакатам, пакуль быў пад сьледзтвам і адбываў пакараньне. У 2008–2009 гадах гэтая шкода намінальна была меншая — каля 7 мільёнаў рублёў. У тры разы яна падвышана з улікам індэксацыі.

Дзедушкін: «На судзе прадстаўнікі Міністэрства фінансаў у Гомельскай вобласьці й пракуратуры таксама выказаліся за выплату мне кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды, але без уліку індэксацыі. Аднак суд пастанавіў па справядлівасьці, бо за чатыры гады вартасьць рубля значна зьнізілася».

Спадар Дзедушкін падаў пазоў і наконт спагнаньня зь дзяржавы маральнай шкоды. Папярэдняе слуханьне ўжо адбылося ў Чыгуначным раённым судзе Гомеля. Усё той жа прадстаўнік Міністэрства фінансаў у рэгіёне спачатку заяўляў, што ў пазоўніка «няма падставаў на выплату маральнай кампэнсацыі». Пасьля пагадзіўся, што Дзедушкін мае права і на маральную кампэнсацыю. Але канкрэтнай сумы на запыт судзьдзі не назваў.
Прадстаўнікі Міністэрства фінансаў і пракуратуры выказаліся за выплату мне кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды, але без уліку індэксацыі

Права на атрыманьне і матэрыяльнай, і маральнай кампэнсацыі за Дзедушкіным прызнаў сёлета ў ліпені абласны суд. Здарылася гэта пасьля таго, як той жа абласны суд цалкам апраўдаў лекара і зьняў зь яго ўсе абвіначаньні. Памер маральнай кампэнсацыі суд Чыгуначнага раёну мае вызначыць у апошняй дэкадзе кастрычніка.

Крымінальная справа супраць былога лекара-псыхіятра Гомельскага абласнога псыханэўралягічнага шпіталя за падпалы ў Навабеліцкім раёне была распачатая яшчэ ў 2008 годзе. Міліцыянты «павесілі» на псыхіятра нават падпал сваёй бронекамізэлькі.

Двойчы суд выносіў у дачыненьні да Яўгена Дзедушкіна абвінаваўчыя выракі. Яго пакаралі 4 гадамі пазбаўленьня волі. Аднак ён не прызнаваў абвінавачаньняў, абскарджваў выракі, у тым ліку і ў Вярхоўным судзе.

Летась Яўгена Дзедушкіна вызвалілі з-за кратаў. Агулам ён правёў у сьледчым ізалятары 397 дзён. Пры гэтым лекар ня толькі страціў працу, рэпутацыю, але й падарваў здароўе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG