Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У Беларусі немагчыма проста прыехаць на месца, спытаць у тубыльцаў напрамак ды ўмомант знайсьці той храм, тую крэпасьць ці той кляштар, дзеля якога пёр 300 кілямэтраў ад Менску. Тут абавязкова будуць прыгоды: мясцовыя «ня ў курсе», што ў іх вёсцы стаіць помнік архітэктуры сусьветнага значэньня, помнік зьнік ці магічным чынам пераехаў у суседнюю вёску. Тут абавязкова трэба будзе ісьці ў бібліятэку ды музэй, размаўляць з вучонымі, тэлефанаваць сябру-археолягу. Тут, у нашым дзіўным краі, адчуваеш сабе не бесклапотным турыстам, а нечым сярэднім паміж Ларай Крофт ды Індыянай Джонсам. Гэтым разам у амплюа Індыяны Джонса я шукаю музэй, якога няма.

Таямніцы, таямніцы, таямніцы

«Будзеш на Мазыршчыне, абавязкова знайдзі сьвятара. Ён пакажа табе храм-музэй палітычных рэпрэсіяў. Адзіны ў Беларусі», — так вучыў мяне знаўца поўдня Беларусі, зь якім я кансультаваўся аб тым, што тут варта паглядзець. Ні імя сьвятара, ні назвы месца, у якім знаходзіцца музэй, я не пазначыў. Мне падавалася: ну як жа — адзіны ў Беларусі музэй! Усе павінны ведаць! Знаўца пасьля нашай размовы «звандраваў» у свой бок, я сеў у машыну і паехаў у свой, дужа далёкі ад Менску. Калі ў калінкавіцкім музэі мне вельмі ўпэўнена растлумачылі, што ніякага музэю палітычных рэпрэсіяў на тэрыторыі раёну няма і быць ня можа, бо яны б ведалі — я ўпершыню зразумеў, што маю праблему. Набраў тэлефон знаўцы, той прадказальна не адказваў: сябра быў за мяжой.

Мясцовы мазырскі гісторык паціснуў плячыма. Музэй рэпрэсіяў? Дык табе не ў Мазыр! І не ў Калінкавічы! Табе — ў Азарычы! Еду 50 кілямэтраў, знаходжу вёску, пытаюся пра музэй. Музэй ёсьць. Аднак гэта ня той музэй! У Азарычах дзейнічае экспазыцыя, прысьвечаная памяці ахвяр фашысцкага лягеру сьмерці. Аднак мой менскі сябра казаў менавіта пра сталінскія рэпрэсіі, а не пра фашысцкія ахвяры.

Я стаміўся. Я страціў веру. Урэшце, які музэй сталінскіх рэпрэсіяў у краіне, дзе не было люстрацыі? У нас вунь дагэтуль у цэнтры сталіцы помнік Дзяржынскаму стаіць! Не, мой менскі дарадца нешта пераблытаў! Вільню з Мазыром! Нейкае трызьненьне...

Калі чалавек губляе веру і сілы, ён ідзе да іконы. Так і я пацягнуўся ў храм, ня ведаючы аб тым, што Божай Маці Юравіцкай выпадзе зрабіць яшчэ адзін лякальны цуд ды вывесьці мяне акурат у прыхаваны пад зямлёй музэй...

Дэтэктыў вакол іконы

Старажытны Юравіцкі касьцёл адбудаваны, яшчэ ў мінулым годзе тут была толькі адна вежа

Старажытны Юравіцкі касьцёл адбудаваны, яшчэ ў мінулым годзе тут была толькі адна вежа

Дык вось... Вёска Юравічы, аб якой я ўжо сказаў сёе-тое ў мінулы раз. Дзьве сотні двароў. Аднапавярховая Беларусь. І раптам — здаравенны гмах касьцёла, які выглядае як Эмпайр Стэйт Білдынг пасярод мястэчка Чырвоны Акцябар. Яшчэ нядаўна былы езуіцкі калегіюм з храмам пачатку XVIII стагодзьдзя стаяў у запусьценьні: у 1958 годзе яго нават разьбіралі на цэглу. Даху не было, адна вежа — цалкам зруйнаваная. Пасьля скону СССР бажніцу перадалі Беларускай праваслаўнай царкве, што было цалкам лягічна, бо пабудавалі храм езуіты, пасьля 1820-га валодалі будынкам бэрнардынцы. Здаецца, апошні сказ утрымлівае элемэнт сарказму. Хаця не, гэта сапраўды, цалкам лягічна.

Храм зачынены на рэстаўрацыю, беларуская сьвятыня цяпер месьціцца ў белым будынку побач

Храм зачынены на рэстаўрацыю, беларуская сьвятыня цяпер месьціцца ў белым будынку побач

Цяпер БПЦ храм адбудоўвае: вежу аднавілі, дах паклалі, стыль вытрыманы, у адрозьненьне ад «рэстаўрацыі» Купалаўскага пытаньняў да аўтэнтычнасьці праекту няма. У суседнім з храмам будынку (былыя клясы калегіюму) цяпер месьціцца сьвятыня, якіх мала на беларускай зямлі — ікона Божай Маці Юравіцкай. Паразмаўляўшы з гераманахам, атрымліваю дазвол на яе фатаграфаваньне. Угледзьцеся ў гэты здымак, а я пакуль распавяду вам дзіўную (ды такую беларускую!) гісторыю абраза.

Вытанчанае беларускае ракако

Вытанчанае беларускае ракако

У Юравічы ён патрапіў за езуітамі, прыкладна ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя. Тут можна было б распавесьці шмат цікавага пра тое, дзе быў пісаны абраз і як ён з Запарожжа (!) праз Львоў патрапіў на Беларусь. І пра тое, што цудадзейнасьць іконы была такой, што ў 1742 годзе ў Познані выйшла адмысловая кніга, прысьвечаная гэтай выяве, «Крыніца ласкаў духоўных Панны Марыі з гораў Юравіцкіх» і ў пераліку цудаў, якімі адзначана ікона ў кнізе, — два ўваскрэсеньні зь мёртвых.

Калідоры колішняга езуіцкага калегіюму

Калідоры колішняга езуіцкага калегіюму

У 1863 годзе нехта Кастусь Каліноўскі зладзіў паўстаньне, першым наступствам якога стала тое, што рускі царызм пачаў апошнюю ды рашучую бітву з каталіцызмам, у якім бачыў крыніцу народных хваляваньняў. Лякальным Юравіцкім наступствам гэтага стала тое, што да вытанчанага барочнага храму прыбудавалі 12 купалоў-цыбулінаў (не захаваліся).

Апошні пробашч храма ксёндз Гуга Гадзецкі вельмі добра разумеў сутнасьць царызму і мог прадказаць ягоныя Беларуская Юравіцкая Божая Маці. Адзіная выява ў Інтэрнэце (на Wiki — польскі арыгінал)

Беларуская Юравіцкая Божая Маці. Адзіная выява ў Інтэрнэце (на Wiki — польскі арыгінал)

бліжэйшыя крокі. Таму ўжо праз год пасьля паўстаньня Каліноўскага тут зьявілася дакладная копія Маці Божай. Кананічная каталіцкая гістарыяграфія сьведчыць, што ікону «для сябе» напісала мастак-аматар Ядвіга Кеневіч, аднак меней кананічная і болей праўдападобная легенда ўдакладняе, што Кеневіч стварала копію абраза па начах, пры сьвеце сьвечак, каб ніхто не даведаўся аб існаваньні копіі. Ксёндз Гуга замяніў Божую Маці ў акладзе, арыгінал аддаў Габрыэлі Горват. Храм разам з копіяй у 1864 годзе перадалі праваслаўным. Копія захавала свае цудадзейныя ўласьцівасьці, кажуць — з-за арыгінальнага аклада.

Састарэлая ды хворая Габрыэля ў 1885 перадала арыгінал Юравіцкай Божай Маці ў Кракаў, узяўшы зь езуітаў пісьмовае абяцаньне, што яны вернуць ікону ў Юравічы ў той самы момант, калі бажніцу аддадуць каталікам. З тых часоў Юравіцкая Божая Маці існуе адразу ў двух аватарах, у двух гарадах, у дзьвюх рэлігіях. У Кракаве, у касьцёле св. Барбары ёй пакланяюцца каталікі, у Юравічах — праваслаўныя. Дзе яшчэ на Зямлі такое магчыма?

Музэй, якога няма

«Верхні» храм у Мазыры

«Верхні» храм у Мазыры

Тым часам сярод мясцовых краязнаўцаў зьявілася вэрсія, што існуе і загадкавы «трэці сьпіс», створаны пасьля 1995 году. Што Юравіцкую Божую Маці (праваслаўную, 1863 году) зьбіраюцца перадаць у Мазыр, бо там большы прыход. А ў Юравічах усталяваць гэты новы абраз. Нядаўна напісаны абраз Божай Маці ў Мазыры сапраўды ёсьць, яго нам паказаў сьвятар храма архістратыга Міхаіла (гл. фота). Але гэта ня «трэці сьпіс» і, вядома, ніхто не зьбіраецца замяняць ім Юравіцкую сьвятыню: дэтэктыў з падменай ікон скончыўся ў ХІХ стагодзьдзі і ў ім і застанецца. Бачна, што гэтыя абразы — Юравіцкі і Мазырскі, аб’ядноўваюць толькі срэбныя кароны на акладах: твары Мадонны ды дзіця пісаны прынцыпова па-іншаму.

Новая Божая Маці (ня Юравіцкая)

Новая Божая Маці (ня Юравіцкая)

Сьвятар зацікавіўся: што гэта за дзівак такі да яго прыехаў, што запытваецца пра розныя сьпісы Юравіцкай Божай Маці ды згадвае пра каноніка Гуга Гадзецкага? Я кораценька тлумачу, што трохі цікаўлюся гісторыяй мастацтва, архітэктуры. «Дык хадзем я вам збор старажытных ікон пакажу», — кажа ён. Прыводзіць у пакой, у якім месьцяцца абразы, што былі знойдзены падчас экспэдыцыі па палескіх вёсках. Іконы выключнай рэдкасьці і даўніны, пісаныя па ўнікальным палескім каноне, з кветкамі ды расьлінамі, што цьвітуць на трэцім пляне, за постацямі сьвятых.

«Што можаце сказаць пра гэтыя абразы»? — запытваецца сьвяты айцец уважліва, і я зноў адчуваю сябе Індыянай Джонсам: вось яно — недасьледаванае, таямнічае, загадкавае. Вось тут, на трох іконах зь бяліламі, бачна, што працаваў адзін майстар, вось тут — нібыта ўніяцкі канон, вось тут, здаецца, тэмпэра, тут — незвычайным чынам афарбаваныя німбы...

Сутарэньні крыптавага храму

Сутарэньні крыптавага храму

«А наш падземны храм бачылі»? — пытаецца сьвяты айцец, і я іду ў крыпту. Тут, у сутарэньнях, некалі мясьціліся труны фундатараў храма. Але пасьля грымнула БССР, труны ўскрылі ды разрабавалі.

— Тут была абласная турма НКВД. — Тлумачыць жанчына, што ўзялася суправадзіць нас уніз. — Мы калі адчынілі крыпту, да грудзей было зямлі, зьмяшанай з косткамі расстраляных. Яны тут захоўвалі целы...

Разумею, што патрапіў на мясцовыя, мазырскія, Курапаты.

— Хадзіце сюды, — запрашае яна, і мы заходзім у пакой, у якім ля сьцен стаяць вялікія скрыні, накрытыя залататканымі посьцілкамі. Яна адгортвае адну зь іх. Пад капай — шкло. Пад шклом — чалавечыя чарапы з дзіркамі ад куляў у патыліцах. Выходзім з пакою, трапляем у залю, скляпеньні якой упрыгожаныя неверагоднай колькасьцю лямпадак: іх тут сотня, а можа й больш.

Храм Новапакутнікаў Палескіх. Добра бачныя лямпады ў гонар расстраляных

Храм Новапакутнікаў Палескіх. Добра бачныя лямпады ў гонар расстраляных

— Усе, у каго родныя былі зьнішчаныя ў 1930-х, маглі набыць лямпадку ў памяць забітых, — тлумачыць жанчына. — Так зьявіўся гэты храм. Храм Новапакутнікаў Палескіх.

Перад лямпадкамі — каваны іканастас (я такіх у Беларусі ня бачыў) з вобразамі кананізаваных сьвятых, зьнішчаных за веру.

Раптам да мяне даходзіць, што такім дзіўным чынам патрапіў у той храм-музэй, якога нібыта не існуе.

Разумею, што яго і сапраўды ня можа існаваць у сучаснай Беларусі, дзе дабро пераблытана са злом, каты — з ахвярамі, сьвятыя — з пачварамі.

Але ён ёсьць.

І гэта — сапраўдны цуд.

Каваны іканастас, адзіны ў Беларусі

Каваны іканастас, адзіны ў Беларусі



Вобраз «Спас Чарнобыльскі»

Вобраз «Спас Чарнобыльскі»



Дзівосныя палескія іконы

Дзівосныя палескія іконы



Самая старажытная выява з калекцыі храму

Самая старажытная выява з калекцыі храму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG