Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Усяго 300 кілямэтраў ад Менску, і трапляеш зусім у іншую Беларусь. У лясах тут растуць ліяны, паветра цяплейшае на 2–3 градусы, а глеба чырвоная, нібы на Мадагаскары.

Мы на Мазыршчыне. У краі, дзе гатэлі дарагія, а ў кавярнях не бяруць «чаявых». Мы прыехалі сюды, каб распавесьці пра адно з самых дзіўных месцаў, дзе ў зямлі знайшлі, адзін пры адным, адразу сорак мамантаў, дзе ў сельскіх школах экспазыцыі, якім мог бы пазайздросьціць Бэрлінскі гістарычны музэй, дзе мясцовыя жыхары блытаюць словы «палітоляг» і «палеантоляг». Наведаць гэты край і не зрабіцца крышачку палітолягам ці палеантолягам — немагчыма.

Калінкавіцкі музэй

Першая сутычка з мамантамі ў нас адбылася ў Калінкавічах. Вельмі ветлівае паселішча, утульнае, маленькае, але блізасьць археалягічных раскопак кажа пра сябе: па вуліцах уначы ходзіць нямала маладых людзей, выгляд якіх можа зьбянтэжыць менскага кволага інтэлігента ўласнай, так бы мовіць, археалягічнасьцю.

Пакуль мы аглядаліся ў пошуках «дзе б падсілкавацца», на тратуары два маладыя краманьёнцы панура лупасілі адзін аднаго па сківіцах. Яны не праяўлялі агрэсіі да нас: было бачна, што людзі, якія выйшлі з машыны зь менскімі нумарамі, не ўяўляюць для іх харчовага інтарэсу. Наводдаль групаваліся некалькі ці то быкоў, ці то мамантаў у скураных куртках: было бачна, што і тут неўзабаве будзе «разборка». Калінкавічы — горад для сапраўдных мужыкоў.

«Скажыце, а тут у вас бясьпечна?» — сунуліся мы да маладога калінкавіцкага міліцыянэра, што шпацыраваў побач. — «Так, цалкам бясьпечна», — адказаў ён. — «А бойкі часта бываюць? А то мы тут... Літаральна хвіліну назад...» Міліцыянэр задумаўся: «Так. Бойкі бываюць. Дзе іх не бывае? Але ў нас бойкі не такія, як у Гомелі ці ў Менску». Інтанацыяй ён даў зразумець, што ў Менску і ў Гомелі б’юцца нашмат страшней. А тут — ня бойкі, а так, прыкол.

Супакоеныя, мы пад’елі ў кавярні зь цікавай назвай «Лукамор’е» (каб ніхто нічога такога не падумаў, тут сапраўды стаіць дуб і па ім сапраўды ходзіць драўляны кот у канфэдэратцы) ды накіраваліся ў першы пункт інтарэсу: Калінкавіцкі музэй.

Сюды нейкі час звозілі косткі, якія знаходзілі на старажытнай стаянцы ў Юравічах: мы спадзяваліся тут пабачыць маманта «ў зборы». Але «сабранага» зьвера тут не было. «Чаму»? — пытаемся ў цётачкі, што ўзялася нас правесьці па экспазыцыі. Тая кажа, што плян такі сапраўды быў, аднак маманту не хапіла месца. Зьвярына — здаравенная, плошча пакойчыкаў музэю — невялікая. Таму частка костак месьціцца ў запасах, чакае часу, калі музэю выдзеляць большую залю. Спадзяемся, гэты артыкул дапаможа зьвярнуць увагу на праблему: калі мясцовыя ўлады «арганізуюць маманта» — да іх пачнецца сапраўднае паломніцтва, бо такога дзіва няма нідзе ў Беларусі.

Пакуль у экспазыцыі выстаўлены сапраўдныя біўні. Сапраўдныя, а не муляжы — як у большасьці беларускіх краязнаўчых музэяў.

Якія на дотык косткі, якім 26 000 год?

«Можна сфатаграфаваць?» — пытаемся ў цётачкі. І тая адчыняе вітрыну, дае доступ на біўняў, якім няма цаны. Яны не выглядаюць скамянелымі — хутчэй падобныя да слановай косьці, якую толькі-толькі «аддзялілі» ад слана. «Можна, я пакратаю? Вельмі далікатна», — пытаюся я, разумеючы, што — няможна. Бо калі кожны цікаўны будзе лапаць маманта, дык што застанецца? Але цётачка дае дазвол. Дакранаюся. Навобмацак — як спарахнелае бервяно. Уздымаю ўгару: бівень амаль нічога ня важыць. На месцы злому трохі крышыцца, разыходзіцца на пласьціны. Дзіўна, што зьвярына з такімі «рагамі» боўталася па нашай зямлі — у гэта проста ня верыцца.

Відавочна, у нас шмат пытаньняў. Відавочна, адказаць на гэтыя пытаньні можа толькі энцыкляпэдыя. І жанчына накіроўвае нас да Ўладзіміра Аляксандравіча — калінкавіцкага краязнаўцы, слухаць якога — нібы глядзець перадачу па Discovery.

Уладзімір Аляксандравіч, які ведае ўсё

Самы круты беларускі мамантазнаўца — Алена Калечыц. Яна — чалавек, які арганізаваў раскопкі, які напісаў процьму навуковых публікацыяў на гэтую тэму. Але Людміла зараз — у Менску. І сустрэцца зь ёй не выпадае.

Таму, калі вы трапілі ў Калінкавічы, шукайце аўдыенцыі ў Уладзіміра Аляксандравіча: ён раскрые вам вочы на гісторыю раёна і распавядзе пра ўсё, пачынаючы ад замашак Мазырскага НКВД (аднаго з самых страшных на Беларусі) і заканчваючы тым, якое надвор’е было, калі Юліян Юліянавіч Попель у ліпені 1926 году знайшоў першыя сьляды быцьця мамантаў на беларускай зямлі.

«Скажыце, а што гэта за рагаціна побач зь біўнямі мамантаў у музэі?» — пытаемся ў яго. — Падобная да чэрапа д’ябла?" Уладзімір Аляксандравіч пасьміхаецца: «Гэта косткі блакітнага кіта. І яны — сучасныя, не старажытныя». Іх падаравалі музэю мытнікі.

Уладзімір Аляксандравіч распавядае нам, як захавалася Юравіцкая стаянка.

Некалі стаянак старажытных людзей на Беларусі было болей. Аднак гэтыя стаянкі зь цягам часу зьнікалі пад узьдзеяньнем асяродзьдзя, рассыпаліся, размываліся вадой. Юравіцкая стаянка была даволі звычайная: людзі жылі на пагорку, лавілі рыбу, палявалі на мамантаў і нават насарогаў (рэшткі забітага старажытнага шарсьцянога насарога знайшлі тут: сучасны насарог — адна з самых складаных для паляваньня істот, яе цяжка ўпаляваць нават з кулямётам. Дзіўна, што старажытныя беларусы, продкі Вітаўта ды Міндоўга, здолелі «здабыць» шарсьцянога насарога толькі крамянёвымі дзідамі ды лукамі са стрэламі). Дык вось, стаянка разам з косткамі зьедзеных мамантаў і насарогаў зьнікла б, як і астатнія. Каб не ледавік. Ён, адыходзячы, навалок на Юравічы тоны пяску. У якім — як у музэі — косткі амаль некранутымі захаваліся да нашых часоў.

«Калі ласка, распавядзіце людзям пра Юліяна Юліянавіча Попеля», — просіць нас Уладзімір Аляксандравіч на разьвітаньне. Дык распавядаем.

Бацька мамантаў

Рэшткі старажытных жывёл знаходзілі ў Юравічах яшчэ ў 19-м стагодзьдзі, калі вырашылі пабудаваць дарогу наўпрост праз старажытны пагорак (раней яна ішла «ў абход»). Калі пачалі капаць, зямля дала сюрпрыз: ні да чога не падобныя агромністыя косткі невядомых істот. Кажуць, калі сяляне прынесьлі косткі да мясцовага сьвятара Біруковіча, той агледзеў іх ды сказаў: «Нячыстая сіла». Косткі пачалі кідаць проста пад ногі, ніхто не разумеў іх каштоўнасьці і вагі для гісторыі нашай зямелькі.

І вось, як кажа Ўладзімір Аляксандравіч: «Беларусі і Юравічам вельмі пашанцавала». Таму што ў раён звычайным настаўнікам у Грамадзкую гімназію ў 1917 годзе прыехаў этнічны паляк (чытай — беларус), выпускнік Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту, Юліян Юліянавіч Попель. Беларусі сапраўды пашанцавала, бо разам з унівэрсытэтам Попель скончыў Археалягічны інстытут і добра разьбіраўся ў даўніне.

Дык вось, ва ўжо ўзгаданым ліпені 1926 года, Попель ішоў разам з клясам па Юравіцкім пагорку. Стаяла добрае, сонечнае надвор’е, — кажа Ўладзімір Аляксандравіч, які спэцыяльна дасьледаваў тэму, зьбіраў зьвесткі. Юльян Юльянавіч заўважыў, што вучні лупасяць адзін аднаго нейкімі ці то галінамі, ці то бярвеньнем, углядзеўся — бацюхны! Гэта ж... Карацей, добрая адукацыя і пільныя вочы Попеля нарадзілі беларускую археалёгію. Ужо празь некалькі тыдняў (адзначым адміністратыўную хуткасьць!) у Юравічах працавала адмысловая камісія Акадэміі навук БССР. Беларусь годна аддзячыла Попелю: у 1938 годзе ён быў арыштаваны, сяляне хуценька сабралі подпісы за яго вызваленьне (ліст захаваўся ў архівах!), але гэта не дапамагло: бацьку беларускіх мамантаў ужо расстралялі.

Юравічы, адкуль мы ўсе родам

І вось мы там, адкуль пачалося жыцьцё ў Беларусі. Ад Калінкавіч да Юравіч — 25 км, па дарозе ў кавярні можна нават выпіць натуральнай кавы (рэч рэдкая на поўдні Беларусі). Вёсачка маленькая, фактычна — адна вуліца. На двары — субота, школа зачыненая, але ветлівая вахцёрка адчыняе для «гасьцей са сталіцы». Школа як школа: даволі прыстойны рамонт, чысьценька.

Заходзім у школьны музэй — і займае мову. Гэта проста... Ну, я ня ведаю... Ну вось як пабачыць у рагачоўскай сталоўцы росьпісы 14 стагодзьдзя. Ці прыйсьці на рынак у Хургадзе і ўбачыць развалы аўтэнтычных старажытнаэгіпэцкіх артэфактаў. Костак шмат, іх нават складана ахапіць адным кадрам — ня ўлазяць у аб’ектыў.

Паводле апошніх зьвестак, тут, у Юравічах, раскапалі касьцякі 40 старажытных жывёлін. Частка зь іх сабраная ў адным пакоі ў школе — уздоўж сьцен, на палічках, а таксама — у звычайных кардонных каробках. Косткі месцамі ўзятыя ў бэтон і на клей, месцамі — ляжаць адна на адной. Ніякага шкла: адзіная іх абарона — цывілізаванасьць наведнікаў, якія павінны добра ўсьведамляць каштоўнасьць сабранага ў пакоі.

Далей — яшчэ адна заля, у шафах — завушніцы, посуд ды прылады працы старажытных жыхароў юравіцкай стаянкі. Такой калекцыі няма нават у сталай экспазыцыі менскага гістарычнага музэю. Побач — «чырвоны куток»: алейны партрэт Леніна, макеты маўзалея і браневічка.

Яшчэ адна заля — з чучаламі жывёл. Які ж беларускі музэй бяз чучал жывёл? Зубар, рысь, а побач — стэнды, на якіх складзеныя асабліва каштоўныя рэшткі мамантаў.

Вяртаюся ў першы пакой. Схіляюся над адной з каробак — тут ляжыць сківіца малога маманцяняці, добра відаць зубы — шырачэзныя, ня вострыя, не драпежныя. Такімі зубамі добра разьмінаць у кашу расьліны ды плады, прыдатныя для жаваньня. Бяруся за сківіцу, і раптам адзін з зубоў вышчоўкваецца ды застаецца ў пальцах: каля дзесяці сантымэтраў у даўжыню, доўгі, трохі загнуты корань. Істота была маленькая: у суседнім пакоі экспанаваны зуб дарослага маманта. Вагой... 4 кіляграмы. Старажытныя беларусы не заўсёды маглі ўпаляваць дарослую жывёлу — не хапала моцы, не было прыладаў. Таму забівалі малых, адганяючы іх ад статку.

Сьвяты Юравіцкі пагорак — побач. Зараз тут паставілі інфармацыйныя стэнды, ямы закапалі, каб не працавалі «чорныя» аматары даўніны. Відаць толькі сям-там археалягічныя пробы-шурфы.

Лесьвіца вядзе наверх, пад шатры агромністых ліпаў, якія добра памятаюць Юльяна Юльянавіча Попеля. Тут шапацяць лісьцем яблыні: няма ў Беларусі смачнейшай антонаўкі, чым на старажытнай стаянцы ў Юравічах. Падбіраю некалькі яблыкаў, падыходжу да стромы, зь якой адкрываецца дзіўны краявід. Там, пад лесам, амаль на гарызонце, цячэ зь мінулага ў будучыню вечная Прыпяць. На ўзьвершку бачнага краю зямлі маўчаць фіялетавыя лясы.

Ці адчувалі самоту тыя, хто глядзеў, як я, з гэтага пагорка 26 000 год таму? Пра што думалі, удыхаючы пах ад вогнішча, што клубіўся ля складзенага з костак мамантаў жытла?

Гэты краявід, гэтая рака, гэты фіялетавы лес на гарызонце — ці моцна зьмяніліся яны? І я — пайду са сьвету. І пасьля мяне будуць стаяць тут, углядаючыся ў далягляд, людзі. Калі жадаеце зразумець, што такое вечнасьць, — едзьце ў Юравічы.

Шкала ацэнак:

* Лепей паглядзець «Дажынкі» па ТБ

** Варта вандроўкі без начлегу

*** Найлепшая прыгода восені


Мая адзнака:

**** (такой колькасьці зорак няма ў шкале)


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG