Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцяпан Захарчанка спадзяецца атрымаць статус уцекача


Сьцяпан Захарчанка
Сьцяпан Захарчанка
У Літве адбыўся працэс па справе былога беларускага вайскоўца Сьцяпана Захарчанкі, які аспрэчваў адмову міграцыйнай службы даць яму статус уцекача. Рашэньне суду стане вядомае 12 кастрычніка.

Суд, паводле Сьцяпана Захарчанкі, доўжыўся каля паўтары гадзіны і прайшоў гэтак, што ў майго суразмоўцы засталіся надзеі на станоўчае рашэньне паводле ягонай скаргі:

«Ад майго імя выступаў грамадзянін Літвы, мясцовы праваабаронца, які ўсё патлумачыў суду. Адвакатка вельмі добрая, суд выяўляў жаданьне разабрацца аб’ектыўна ў сытуацыі. Былы вайсковец Макар, які пацьвердзіў мае словы, са мной раней ня быў знаёмы. Яшчэ ўскосна пацьвердзіў мае словы чалавек, таксама ўцякач, зь сілавых структураў, які зараз знаходзіцца ў Францыі. Дарэчы, ён даслаў ліст прэзыдэнту Літвы ў маю абарону і хадайніцтва аб наданьні мне статусу. А інспэктар міграцыйнай службы, якая мне адмовіла ў статусе, нават на суд не зьявілася».

Былы вайсковы выведнік Сьцяпан Захарчанка ўцёк у Літву і папрасіў палітычнага прытулку летась у канцы лета. У інтэрвію, якія зьявіліся праз год, Сьцяпан Захарчанка патлумачыў уцёкі тым, што зазнаў пагрозы і зьбіцьцё пасьля адмовы падпісваць ліст-абавязаньне ў выпадку атрыманьня загаду страляць ва ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Паводле былога выведніка, у выніку зьбіцьця ён трапіў у шпіталь, дзе яму зноў пагражалі, што жывым у частку ён можа не вярнуцца.

Паводле Сьцяпана Захарчанкі, нават знаходзячыся ў Літве, ён адчуваў кантроль з боку беларускіх спэцслужбаў. Трэба было рабіць дадатковыя захады бясьпекі, кажа былы вайсковы выведнік:
Мясцовыя спэцслужбы мяне папярэдзілі, што беларускімі сілавікамі і ў Літве праводзяцца комплексныя мерапрыемствы

«Тут усяго 9 кілямэтраў да беларускай мяжы. Мясцовыя спэцслужбы мяне папярэдзілі, што беларускімі сілавікамі і ў Літве праводзяцца комплексныя мерапрыемствы. Таму я ня надта часта выходзіў нават у краму, а адзін увогуле імкнуўся не выходзіць. Карацей, можаце самі ўявіць сытуацыю».

Міністэрства абароны Беларусі абвяргае зьвесткі Сьцяпана Захарчанкі пра тое, што ён лячыўся ў вайсковым шпіталі, дзе нібыта ягонаму жыцьцю пагражалі. Таксама сайт Мінабароны Беларусі паведамляе пра адмоўную характарыстыку Захарчанкі зь месца службы. Беларускае тэлебачаньне паказала інтэрвію з вайскоўцам, які абвяргаў словы Сьцяпана Захарчанкі. Уцякач называе гэтыя камэнтары хлусьнёй:

«Ён кажа, што ў шпіталі я не знаходзіўся. Але ж на афіцыйным сайце Мінабароны ёсьць зьвесткі, што я лячыўся ў шпіталі. Тут яны самі сабе супярэчаць, бо трэба ім нешта сказаць».

Міграцыйная служба Літвы адмовіла Сьцяпану Захарчанку ў статусе ўцекача і тады ён падаў скаргу ў літоўскі суд. Рашэньне паводле разгляду гэтай скаргі абвесьцяць 12 кастрычніка. Калі яно будзе адмоўным, уцякач зьбіраецца яго абскарджваць у Вярхоўным судзе Літвы. Таксама Сьцяпан Захарчанка падаў скаргу ў Эўрапейскі суд у Страсбур і чакае, калі той вынесе рашэньне па ягонай справе. «Пакуль разгляду ў Страсбуры не адбудзецца, Літва ня мае права мяне выдаваць, нават адмовіўшы ў статусе ўцекача», — кажа Сяргей Захарчанка. У Беларусі, як ён перакананы, яго чакае паказальны суд і турэмны тэрмін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG