Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва не сьпяшаецца выдаваць Беларусі ўцекача Захарчанку


Сьцяпан Захарчанка. Здымак Delfi.lt

Сьцяпан Захарчанка. Здымак Delfi.lt

Літва ня будзе сьпяшацца з выдачай былога беларускага ваеннаслужачага Сьцяпана Захарчанкі, які ўлетку 2011 года ўцёк у Літву і папрасіў палітычнага прытулку, але паводле суду атрымаў адмову. Як перадае БелаПАН са спасылкай на літоўскае агенцтва BNS, пра гэта заявіў журналістам міністар унутраных спраў Літвы Артурас Мялянас.

«Паводле маіх зьвестак, рашэньне адмовіць у прытулку было абскарджана ў судзе — так што, я думаю, павінна быць пройдзена нармальная прававая працэдура. Але ў гэтым выпадку мы ні ў якім разе ня будзем сьпяшацца з экстрадыцыяй гэтага чалавека ў Беларусь», — сказаў Артурас Мялянас.

Паводле зьвестак міністра, Сьцяпан Захарчанка цяпер знаходзіцца ў Цэнтры рэгістрацыі замежных грамадзян.

Былы вайсковы выведнік сяржант Сьцяпан Захарчанка заявіў мэдыям, што ўцёк з войска пасьля зьбіцьця і пагроз, выкліканых тым, што ён адмовіўся падпісваць ліст аб гатоўнасьці страляць у мірных пратэстоўцаў.

Прэсавая служба Мінабароны Беларусі паведаміла, што па факце дэзэрцірства Захарчанкі заведзеная крымінальная справа. Паводле Мінабароны, камісія, якая вывучала акалічнасьці справы, выявіла, што Захарчанка да службы ў войску нібыта прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці.
XS
SM
MD
LG