Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: «Гей-прайд?! А мы пры чым?!»


Леташні гей-прайд у Шабанах

Леташні гей-прайд у Шабанах

Як ставяцца прадстаўнікі апазыцыйных палітычных структураў і рухаў да ініцыятываў ЛГБТ-супольнасьці і ці гатовыя падтрымаць яе ў барацьбе за свае правы?

З гэтым пытаньнем Радыё Свабода зьвярнулася да прадстаўнікоў вядучых палітычных партыяў і рухаў.

Пытаемся таму, што арганізацыя «ГейБеларусь», якая абараняе правы ЛГБТ-супольнасьці, робіць чарговую спробу правесьці ў Менску гей-прайд. Заяўку на правядзеньне шэсьця ўжо падалі ў менскі гарвыканкам.

Праект-мэнэджэр «ГейБеларусь» Ганна Лок нават не спадзяецца, што шэсьце дазволяць. «Нам яшчэ ані разу не дазвалялі яго правесьці, — кажа яна. — Я сама не спадзяюся нават. Але ці мала што здарыцца».

Сапраўды, у мінулым годзе гей-прайд прайшоў 22 кастрычніка ў аддаленым менскім раёне Шабаны. Рыхтаваліся да яго ў атмасфэры строгай кансьпірацыі. Журналісты літаральна «палявалі» на актывістаў і абрывалі іхныя тэлефоны, каб не прапусьціць такую падзею.

А ў самім шэсьці прыняло удзел паўтара дзясятка чалавек, якія прайшлі разам каля 200 мэтраў. Праўда, вясёлкавыя сьцягі былі ў наяўнасьці, што вельмі цешыла шабаноўскую малечу.

«Шабаны — раён зь вельмі суворай рэпутацыяй. Мы адмыслова туды паехалі, — апавядае Ганна Лок. — І людзі, якія там былі, прыязна паставіліся да шэсьця». Па яе словах, і ў гэтым годзе падрыхтоўка да акцыі будзе сакрэтнай, а месца і час яе правядзеньня стануць вядомыя незадоўга да пачатку.

«Кансьпірацыя тлумачыцца вельмі проста, — кажа актывістка. — Да нас зашмат увагі з боку гамафобаў, мы ня хочам, каб яны даведаліся, дзе і калі будзе акцыя».

Аднак вядома, што само шэсьце заплянаванае на 11 кастрычніка.

Пытаньне абароны правоў прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці застаецца ў Беларусі канфліктным. Праваабаронца Алена Танкачова адзначае, што агучваньне праблемаў і патрэбаў гэтай супольнасьці — выключна заслуга яе актывістаў:

«На жаль, у грамадзянскай супольнасьці Беларусі пытаньні, зьвязаныя з абаронай правоў пэўнай групы інтарэсаў, уздымаюцца, як правіла, толькі тады, калі самі гэтыя групы самаарганізуюцца».

Ці сьведчыць гэта пра тое, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі ня здольная выяўляць гэтыя праблемы самастойна?

Два гады таму ў Менску ўдзельнікаў гей-прайду затрымала міліцыя. Аднак ня толькі ўлада супраць таго, каб яны публічна заяўлялі пра свае правы. На сёлетнім Чарнобыльскім шляху прадстаўнікі Маладога Фронту таксама ўступілі ў канфлікт з ЛГБТ-актывістамі.

Па словах Алены Танкачовай, гэта абсалютна ганебны факт. Грамадзянская супольнасьць мусіла зрабіць зь яго высновы і выказацца на гэты конт. «Гэта відавочная праява нецярпімасьці. Пры тым, што гэта зрабілі тыя, хто мусіў займацца аховай гэтага шэсьця. Я спадзяюся, што гэта больш не паўторыцца».

Што ж адбываецца цяпер? Як ставяцца прадстаўнікі апазыцыйных палітычных структураў і рухаў да ініцыятываў ЛГБТ-супольнасьці і ці гатовыя падтрымаць іх у барацьбе за свае правы?

Што такое гей-прайд

Гей-прайд — шэсьце, якое павінна дэманстраваць павагу да правоў усіх грамадзянаў, незалежна ад іх сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай прыналежнасьці. Першы гей-прайд адбыўся ў Нью-Ёрку ў 1970 годзе. Цяпер шмат у якіх краінах сьвету гей-прайд стаў шматлюдным сьвятам агульначалавечага гонару і годнасьці. На гей-прайды ў Бэрліне, Стакгольме, Сан-Паўлу, Сан-Францыска і іншых гарадах зьяжджаюцца сотні тысяч чалавек.

Аднак шмат у якіх краінах гей-прайды спараджаюць грамадзянскія і палітычныя канфлікты. У 2009 годзе ў Бялградзе прадстаўнікі ўльтраправых арганізацый падчас гей-прайду ледзь не разграмілі сэрбскую сталіцу. У 2005 годзе мэр Варшавы Лех Качыньскі забараніў правядзеньне гей-прайду. Прадстаўнікі польскай ЛГБТ-супольнасьці падалі ў Эўрапейскі суд, які стаў на іх бок. У выніку з 2008 году гей-прайды ў польскай сталіцы адбываюцца адносна спакойна.

На фоне хвалі барацьбы з прапагандай гомасэксуалізму ў Расеі тамтэйшая ЛГБТ-супольнасьць фактычна пазбаўленая магчымасьці ладзіць легальныя дэманстрацыі. У 2008 годзе на ўдзельнікаў маскоўскага гей-прайду напалі нэанацысты. У 2011 годзе маскоўскі гей-прайд быў забаронены ўладамі, нягледзячы на тое, што Эўрапейскі суд па правах чалавек прызнаў папярэднюю забарону незаконнай.


Аляксей Янукевіч, БНФ: «Да нас арганізатары з пытаньнем пра падтрымку не зьвярталіся. У партыі БНФ няма фармальнай пазыцыі на гэты конт. Мая асабістая пазыцыя: я стаўлюся да гэтага нэгатыўна».

Сам Янукевіч да гей-прайду не далучыўся б.

Анатоль Лябедзька, АГП: «Гей-прайд? Так, а мы пры чым?

У мяне столькі плянаў пасьля парлямэнцкай кампаніі, што такіх падзей ці мерапрыемстваў у маім графіку няма. Калі ласка, няхай праводзяць. Я стаўлюся нэўтральна.

Мы абмяркоўваем пытаньне прыватызацыі і выпрацоўваем сваё стаўленьне, па міжнароднай палітыцы, па эканоміцы. А па гэтым пытаньні ў нас няма дыскусій і афіцыйнай пазыцыі не існуе».

Мікалай Дземідзенка, МФ: «Афіцыйная пазыцыя МФ у дачыненьні да такіх мерапрыемстваў не мяняецца з году ў год. Мы асуджаем і, як мінімум, не вітаем правядзеньне такіх мерапрыемстваў. Сваю пазыцыю па гэтым пытаньні мы выказвалі неаднаразова».

Юры Губарэвіч, рух «За свабоду»: «У мяне няма ніякага стаўленьня, бо я ня маю аніякага дачыненьня да такіх мерапрыемстваў. У межах заканадаўства, калі ўлада ім дазволіць, хай праводзяць сваё мерапрыемства.

Што тычыцца руху „За свабоду“, то мы ня дзелім грамадзянаў ані паводле расавых, ані полавых прыкметаў, ані паводле сэксуальных прыхільнасьцяў. Да ўсіх ставімся аднолькава».

Сяргей Вазьняк, «Гавары праўду»: «Складанае пытаньне. З аднаго боку, па-чалавечы мне гэта непрыемна. Але зь іншага боку, ёсьць правы чалавека. Мне здаецца, трэба знаходзіць кампраміс. Бессэнсоўна гэта забараняць. Але ўсё ж прыхільнікам такіх стасункаў варта ўстрымлівацца ад публічных дэманстрацыяў гэтай справы. Няхай бы заставалася на інтымным узроўні.

„Гавары праўду“ ніколі не абмяркоўвала гэтае пытаньне і афіцыйнай пазыцыі на гэты конт ня мае».

Зьміцер Яненка, «Справядлівы сьвет», кажа, што сам да гей-прайду не далучыўся б:

«На мой погляд, гэта нармальная зьява. Калі людзі, якія гэта праводзяць, не навязваюць свой пункт гледжаньня, свае ідэалы іншым, то гэта нармальна. Але калі пачынаецца прапаганда ўсяго гэтага, „давай гэта абавязкова будзе“, — то я катэгарычна супраць. Я гэтаксама быў бы супраць, калі б нейкая іншая культура гэтым займалася.

„Справядлівы сьвет“ афіцыйнай пазыцыі на гэты конт ня мае, і такое пытаньне нават ніколі не абмяркоўвалася».

Зьміцер Яненка таксама б да гей-прайду не далучыўся. У гэтым ён салідарны зь Людмілай Гразновай.

«Нягледзячы на тое, што я праваабаронца, я не была б побач з гэтымі людзьмі», — кажа яна.

На думку Алены Танкачовай, сучасны палітык ня можа сабе дазволіць нэгатыўна выказвацца пра падобныя падзеі:

«Ніхто не прапаноўвае ўставаць у шэрагі і падымаць разам сьцягі, калі ты ня лічыш, што такі ўчынак — твой асабісты акт грамадзянскага дзеяньня.

Але калі ты прадстаўляеш палітычны суб’ект і публічна агучваеш пазыцыю, зьвязаную з нэгатыўным стаўленьнем да такога роду працэсаў, то, на маю думку, гэта альбо палітычная нясьпеласьць, альбо каньюнктурнае дзеяньне. Гэта няздольнасьць прасоўваць агульныя каштоўнасныя ўстаноўкі».

Зразумела, што ёсьць палітычныя партыі і структуры, чые палітычныя прыярытэты патрабуюць адмысловага стаўленьня да гэтых праблемаў:

Алена Танкачова: «Немагчыма чакаць, што БХД выкажа публічную падтрымку ЛГБТ-супольнасьці. Але калі ты чуеш такія заявы ад палітычных суб’ектаў, якія рэлігійныя каштоўнасьці не вылучаюць у якасьці прыярытэтных, то ўжо пытаньне — якое ўнутры дэмакратычнай супольнасьці стаўленьне да мяншыняў? Ад каго мы можам чакаць рэальных праяваў талерантнасьці і роўнага стаўленьня да мяншыняў, як не ад прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў?».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG