Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гей-прайд у Менску


Беларускім актывістам гей-руху ўдалося 22 кастрычніка правесьці свой парад. Ён быў нешматлікім і непрацяглым. Але галоўнае, што ім нічога не было за тое, што яны парушылі непісанае беларускае правіла “больш трох не зьбірацца”.





Гей-прайд у Менску


Акывісты гей-руху сабраліся ў менскім раёне Шабаны на вуліцы Сяліцкага і прайшлі ўздоўж вуліцы літаральна мэтраў 200. Яны несьлі з сабою вясёлкавыя колеры гей-руху.

Лідэр беларускага гей-руху Сяргей Андросенка: “Мы хацелі сёньняшняй акцыяй прыцягнуць увагу грамадзкасьці і ўлады да таго, што шэсьце геяў і лесьбіянак не разбурыць гэты горад, не разбурыць мараль. І гэта проста сорамна, непрыгожа і незаконна забараняць акцыю з тых прычынаў, зь якіх гэта робіць урад. Вось уласна ўсё. Сёньня ў нас сьвяточная дыскатэка. Заўтра – канцэрт супраць гвалту над ЛГБТ-моладьдзю. Прайд працягваецца і ў наступным годзе мы абавязкова будзем склікаць гасьцёў і старацца кожны год праводзіць прайд усё лепш і лепш. Дзякуй. Прайд – гэта нармальна!”

Акцыя атрымалася нешматлікай, але цікавай, перакананы іншы яе ўдзельнік Максім: “Для Беларусі, для Менску гэта ўжо падзея, таму што вы самі разумееце, як да нас ставяцца. І тое, што мы зараз маглі свабодна і спакойна правесьці гэтую маленькую маніфэстацыю, гэта падзея. Нам далёка яшчэ да эўрапейскіх сталіцаў, дзе зьбіраюцца тысячы людзей. Гэта толькі пачатак. Тое, што зараз свабодна прайшлі чалавек 20, азначае, што ў наступным годзе нас пройдзе ў два, у тры разы болей”.

Апроч хлопцаў на гей-парадзе былі і дзяўчаты:

Удзельніца акцыі: “Я прадстаўніца гетэрасэксуальнай большасьці, але я выйшла, каб падтрымаць сваіх сяброў і паказаць, што нічога ў гэтым страшнага няма. Гей і лесьбіянкі ёсьць сярод нас, і дыскрымінаваць па гэтым прызнаку няправільна. Людзі мусяць баяцца прызнацца ў тым, што яны гамафобы”.




16.50. Напрыканцы акцыі на паветраных балёніках у неба ўзьняўся вялікі “вясёлкавы” сьцяг. Акцыя скончаная.

16.45. Гей-прайд адбываецца на вуліцы Сяліцкага (Шабаны). Удзельнічаюць каля 15 чалавек. Міліцыянтаў побач няма.

16.30 Удзельнікі гей-прайду і журналісты прыбылі на месца акцыі на ўскрайку Менску. Пра канкрэтнае месца правядзеньня акцыі не паведамляецца.

14.00 Сяргей Андросенка паведаміў "Свабодзе", што шэсьце адбудзецца.


Шэсьце плянуецца правесьці насуперак рашэньню Менгарвыканкаму, які забараніў правядзеньне акцыі. Актывісты ЛГБТ-супольнасьці трымаюць у сакрэце месца і час правядзеньня акцыі.

На прэсавай канфэрэнцыі 21 кастрычніка лідэр праекту «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка пра правядзеньне гей-параду ў Менску сказаў наступнае: “Заўтра мы не выходзім зьмяняць палітычны лад у краіне, мы не выходзім заўтра ўшчэнт руйнаваць усю гамафобію, але мы выходзім правесьці сваю публічную мірную акцыю ў падтрымку талерантнага стаўленьня да прадстаўнікоў ЛГБТ і захаваньня цяперашніх правоў супольнасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG