Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцы хочуць аднавіць у Віцебску сынагогу, якую наведваў Шагал


Вялікая Любавіцкая сынагога. Цяперашні стан і макет адбудовы. Здымкі з сайту «<a href="http://shtetle.co.il/Shtetls/vitebsk/vitebsk_syn.html">Маё мястэчка</a>».
Вялікая Любавіцкая сынагога. Цяперашні стан і макет адбудовы. Здымкі з сайту «<a href="http://shtetle.co.il/Shtetls/vitebsk/vitebsk_syn.html">Маё мястэчка</a>».

З прыватнай ініцыятывы бізнэсоўцаў і габрэйскіх арганізацый ЗША ў Віцебску можа быць адноўленая Вялікая Любавіцкая сынагога XIX стагодзьдзя, якую ў свой час наведвала сям’я славутага мастака-авангардыста Марка Шагала.

Цяпер гэты будынак знаходзіцца ў занядбаным стане і дагэтуль ніякіх высілкаў па яго рэстаўрацыі з боку мясцовых уладаў не было. Як падаюць гістарычныя даведнікі, дзед Шагала служыў у сынагозе настаўнікам і кантарам, таму ў дзяцінстве будучы геній забягаў сюды ня толькі па рэлігійных справах.

Ініцыятар праекту аднаўленьня старажытнай сынагогі ў Віцебску — бізнэсовец, інтэрпрэнэр, нараджэнец Менску Генадзь Ручаеўскі. За савецкім часам быў вядомым спартоўцам, кандыдатам у алімпійскую зборную СССР па боксе. Аднак з-за адсутнасьці пэрспэктываў пасьля завяршэньня «аматарскай» кар’еры баксёра эміграваў у ЗША і апошнія 35 гадоў жыве ў Нью-Джэрсі. І хоць у амэрыканскім пашпарце пазначаны ўжо на мясцовы лад — як Джэры Ручаеўскі — сувязі з радзімай стараецца ня страчваць:

«Гэтая ідэя нарадзілася яшчэ некалькі гадоў таму, калі я быў у адной з паездак у Віцебск. Мяне пазнаёмілі з праектам ушанаваньня памяці Марка Шагала, у рамках якога распрацоўваецца праграма „Залатая спадчына Віцебску“. І мне тады паказалі сынагогу, якая стаіць нават не ў паўразваленым, а ў амаль разваленым стане. І гэта якраз тая сынагога, якую некалі наведваў Марк Шагал, ягоная сям’я. У мяне пацікавіліся: ці магу я аказаць нейкую дапамогу як бізнэсовец, альбо мае амэрыканскія партнэры з габрэйскай абшчыны? І я сапраўды выказаў такое пажаданьне аказаць садзейнічаньне, паабяцаў, што зраблю інвэстыцыі сам і прыцягну іншых людзей дзеля таго, каб гэтую сынагогу, пажадана ў найкарацейшыя тэрміны, аднавіць, наблізіць яе да першапачатковага аблічча».

Амэрыканцы хочуць аднавіць у Віцебску сынагогу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:30 0:00
Наўпроставы лінк

Як адзначае Генадзь (Джэры) Ручаеўскі, ужо праведзены папярэднія перамовы аб магчымасьці аднаўленьня Вялікай Любавіцкай сынагогі як з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, так і з зацікаўленымі асобамі ў ЗША. Цяпер засталося гэтыя інтарэсы зьвесьці разам:

«Ужо пачалі праводзіцца адпаведныя перамовы з усім зацікаўленымі бакамі. Я з гэтай нагоды сустракаўся з габрэйскімі рэлігійнымі лідэрамі ў Амэрыцы і буду працягваць гэтую працу надалей, як толькі вярнуся ў ЗША, каб пачаць як мага хутчэй і актыўна дзейнічаць. Трэба сказаць, што гарадзкія ўлады Віцебску таксама зацікаўленыя ў гэтым праекце. Мы сустракаліся зь Зінаідай Каралёвай, намесьніцай мэра гораду, якая выказала вялікую зацікаўленасьць такой прапановай. Пагаварылі мы і з намесьнікам губэрнатара Віцебскай вобласьці Алегам Мацкевічам, які таксама падтрымаў нашу ініцыятыву. Таму тэма застаецца вельмі актуальнай».

Спадар Ручаеўскі падкрэсьлівае, што для яго гэта праект не камэрцыйны, а перадусім духоўны. Ён перакананы, што кожны чалавек не павінен забывацца пра месца, дзе нарадзіўся, і пакінуць пасьля сябе добры ўспамін:
Я гэтым праектам займаюся асабіста, і для мяне гэта праект, скажам так, духоўны

«Так, я гэтым праектам займаюся асабіста, і для мяне гэта праект, скажам так, духоўны. То бок, гэта не камэрцыйны праект, а гуманітарны, духоўны. Натуральна, што ён вымагае немалых укладаньняў, таму я буду ўкладаць як сам, так, само сабой, прыцягну і іншых неабыякавых людзей, каб яны дапамаглі гэтую сынагогу аднавіць. Буду актыўна займацца, каб прасунуць гэтую тэму і давесьці яе да лягічнага завяршэньня. Гэта была б добрая даніна памяці такой выбітнай асобе як Марк Шагал».

На падрыхтоўчым этапе Генадзь Ручаеўскі ня можа нават прыблізна сказаць, якія капіталаўкладаньні запатрабуюцца дзеля рэалізацыі праекту аднаўленьня старой сынагогі. Аднак не выключае, што з улікам занядбанасьці будынку і жаданьня прывесьці яго да першаснага выгляду гаворка не пра адзін мільён даляраў. Канчатковую лічбу ўжо неўзабаве мусяць агучыць спэцыялісты:

«Мне павінны даць разьлік архітэктары — колькі на аднаўленьне гэтай сынагогі можа запатрабавацца сродкаў. Як я мяркую, на гэта можа запатрабавацца ад мільёна даляраў і да некалькіх мільёнаў, мне зараз нешта пэўнае цяжка сказаць. Тут патрэбныя дакладныя разьлікі, варажыць я не хачу, але ў любым выпадку гаворка пра салідную суму — калі мы сапраўды хочам аднавіць гістарычны помнік і прывесьці яго ў адпаведны парадак. Бо, яшчэ раз кажу, зараз гэты будынак у абсалютна занядбаным стане, ён практычна развалены: проста стаіць каркас, бяз даху, стаяць дзьве цагляныя сьцяны, нават, хутчэй, гэта можна назваць напаўсьценамі. Вось і ўсё. Фармальна ўсё гэта знаходзіцца ва ўласнасьці гораду, але нічога там не адбываецца».

Занядбаны і напаўразвалены будынак Вялікай Любавіцкай сынагогі месьціцца ў так званым «шагалаўскім квартале» на вуліцы Рэвалюцыйнай (былая Вялікая Ільінская), недалёка ад Дому-музэю Марка Шагала. Гэта апошняя аўтэнтычная каменная сынагога ў Віцебску, якая была збудаваная ў 1872 годзе. Да 1923-га яна была галоўнай сынагогай гораду, пакуль яе не зачынілі бальшавікі. Неўзабаве тут прапісаўся Дом культуры аднаго з гарадзкіх прадпрыемстваў, а ў паваенныя часы ўсялякая патрэба ў гістарычным будынку зьнікла і ён паступова прыходзіў у заняпад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG