Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 жніўня Яраслаў Берніковіч, даўні актывіст партыі БНФ з Глыбокага, заявіў пра свой выхад з партыі, у якой прабыў 14 гадоў. Як напісаў Яраслаў у заяве, «па прычыне таго, што ня згодны з пазыцыяй партыі наконт удзелу ў выбарчай кампаніі».

Зьезд Партыі БНФ 4 жніўня адмовіўся вылучаць Берніковіча кандыдатам у дэпутаты, бо той вырашыў не выконваць рашэньне партыі «здымацца» з выбараў. Натуральна, што маё першае пытаньне тычыцца менавіта гэтага рашэньня Яраслава.

Цыганкоў: «Ці варта было пакідаць партыю толькі з-за таго, што вы не сышліся ў пытаньні выбарчай кампаніі? Гэта ж толькі адзін эпізод, а ў партыі вы ўжо 14 гадоў».

Берніковіч: «Гэтае маё рашэньне асэнсаванае, і я лічу яго правільным. Ёсьць партыйная дысцыпліна, і кожны сябра партыі павінен ёй падпарадкоўвацца. Якраз нелягічнае рашэньне прыняла сама партыя. Для партыі было б лягічна альбо выключыць мяне, альбо падтрымаць мяне партыйным вылучэньнем на гэтых выбарах».

Цыганкоў: «Наколькі я разумею, галоўнае сутыкненьне адбылося таму, што вы вырашылі не выконваць рашэньне Партыі БНФ, згодна зь якім кандыдаты ад партыі мусяць зьняцца ў пэўны момант выбарчай кампаніі. То бок ваш падыход да гэтых выбараў адрозьніваецца ад стратэгіі БНФ. Чым?»

Берніковіч: «Я ня бачу сэнсу ва ўдзеле, калі кандыдаты вылучаюцца сьпісам ад партыі і нічога ня робяць. Я сваю кампанію пачаў ужо месяц таму, за гэты час мы абышлі больш за 2 тысячы кватэраў. А што зрабілі яны? Вялі размовы — байкот ці выбары. Таму я бачу сэнс акурат у працы».

Цыганкоў: «Можа, вашых калегаў па партыі БНФ раздражняла тое, што вы цяпер дзейнічаеце пры падтрымцы „Гавары праўду“? БНФ і „Гавары праўду“ ў некаторых пытаньнях — апанэнты...»

Берніковіч: «Можа, і так. Зразумела, што нейкая крыўда на мяне была пасьля маёй адмовы ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі Рыгора Кастусёва. Я тады Рыгору казаў, што партыя сама не назьбірае сто тысяч подпісаў.

Мы надта часта шукаем ворагаў сярод сваіх. Міжпартыйная канкурэнцыя — гэта добра ў дэмакратычнай краіне. А тут мы павінны быць разам, не шукаць ворагаў, а шукаць сяброў».

Кожная выбарчая кампанія прыводзіць у палітыку новых людзей.

Яны выбіраюць не байкот, а ўдзел, рэгіструюць ініцыятыўныя групы і ідуць у народ.

Наіўнасьць ці разьлік? Якая іх мэта? Ці сапраўды спадзяюцца стаць дэпутатамі? Што яны запярэчаць прыхільнікам байкоту? Адказы — у перадачы «Нестандартны кандыдат».

Цыганкоў: «Што вы скажаце прыхільнікам байкоту, якія заяўляюць, што ўдзел у выбарах — гэта легітымізацыя ўлады і гульня на карысьць улады (і гэта самае мяккае, што кажуць прыхільнікі байкоту)?»

Берніковіч: «Я ім скажу — калі ласка, вось наша 22-я Глыбоцкая акруга, 84 участкі. Калі ласка, выстаўце 84 чалавекі ў акруговыя камісіі, 84 назіральнікі, 84 агітатары за байкот. І я паверу ў байкот і дапамагу — паперай, аргтэхнікай. Па ўсёй краіне сапраўдны байкот ня зробіць ніхто».

Цыганкоў: «На што вы спадзеяцеся на гэтых выбарах? Ці вы думаеце, што маеце шанец выйграць, ці вам галоўнае — „дайсьці да людзей“?»

Берніковіч: «Кампанію мы пачалі яшчэ ўвосень. Мы праводзілі кампанію „Мой двор“, патрабавалі ад уладаў зьвярнуць увагу на стан двароў у Наваполацку. Мы дамагліся, што ў кожным двары, дзе мы зьбіралі подпісы, уладамі былі праведзеныя „Народныя сходы“, на якія прыходзілі людзі, спрачаліся, выступалі. Гэтага не дабіліся ўдзельнікі кампаніі „Народных сходаў“ Івашкевіча. Я лічу, што любы ўдзел, любое дзеяньне — гэта эфэктыўны сродак камунікацыі зь людзьмі. Гэта праца на будучыню. Пра месца ў Палаце я ня думаю, бо гэта ня ёсьць выбары».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG