Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Драко: «Хачу давесьці людзям, што дэпутаты могуць быць іншымі»


Ігар Драко

Ігар Драко

Кожная выбарчая кампанія прыводзіць у палітыку новых людзей. Яны выбіраюць не байкот, а ўдзел, рэгіструюць ініцыятыўныя групы і ідуць у народ. Наіўнасьць ці разьлік? Якая іх мэта? Ці сапраўды спадзяюцца стаць дэпутатамі? Што яны запярэчаць прыхільнікам байкоту? Адказы — у перадачы «Нестандартны кандыдат».

39-гадовы Ігар Драко, філёзаф паводле адукацыі, упершыню вылучаецца на парлямэнцкіх выбарах.

Былы кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча цяпер прадстаўляе кампанію «Гавары праўду». Ён ня мае ілюзіяў наконт вынікаў гэтых выбараў, але хоча, каб пасьля кампаніі людзі ў ягонай акрузе гаварылі: «Вось гэта сапраўды наш кандыдат, ён нам рэальна дапамагае».

Цыганкоў: Першае пытаньне для ўдзельнікаў гэтай перадачы наколькі банальнае, настолькі ж і неабходнае — «Навошта вы ідзяце на гэтыя выбары?» На фоне грамадзкай дыскусіі наконт байкоту ці ўдзелу кожны патэнцыйны кандыдат, напэўна, ужо выбраў сабе прычыны, дзеля якіх ён ідзе на выбары. Якая ў вас матывацыя?

Кожная выбарчая кампанія прыводзіць у палітыку новых людзей.

Яны выбіраюць не байкот, а ўдзел, рэгіструюць ініцыятыўныя групы і ідуць у народ.

Наіўнасьць ці разьлік? Якая іх мэта? Ці сапраўды спадзяюцца стаць дэпутатамі? Што яны запярэчаць прыхільнікам байкоту? Адказы — у перадачы «Нестандартны кандыдат».


Драко: Калі я нават і вагаўся наконт гэтага рашэньня, то пасьля першых сустрэч з выбарцамі сказаў сабе — «Ігар, ты слушна паступіў, што пайшоў на гэтыя выбары» Бо, на вялікі жаль, у нашай краіне людзі зусім ужо ня вераць, што існуе такі інстытут, як парлямэнт, заканадаўчая ўлада. Людзі кажуць: «Яны нічога не вырашаюць». Таму мая задача — якраз даводзіць людзям, што дэпутаты могуць быць іншымі, што яны могуць сапраўды адстойваць іх інтарэсы.

Калі я прыходжу зьбіраць подпісы, то першае пытаньне — «А хто кандыдат?» Адказваю — «Я кандыдат». І гэта іх вельмі зьдзіўляе. Паход у дэпутаты — гэта ня толькі магчымасьць кантактаваць з выбарцамі, але спроба зьмяніць стаўленьне людзей да таго, што ўяўляе сабою парлямэнт.

Цыганкоў: Прыхільнікі байкоту на гэта кажуць: «А што вам перашкаджае ісьці „ў людзі“ ў любы час, а ня толькі падчас выбарчай кампаніі?»

Драко: Мы ў кампаніі «Гавары праўду» працуем з выбарнікамі круглы год. Аднак выбары — гэта выбары, людзі настроеныя іначай. У іншы час да людзей можна прыйсьці не з агульнымі размовамі, а толькі па канкрэтнай праблематыцы, і мы гэта робім. А падчас выбарчай кампаніі ты прыходзіш і кажаш: «Вось мы рабілі гэта, але ў парлямэнце ў нас будзе нашмат болей магчымасьцяў».

Цыганкоў: Падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі вы былі кіраўніком ініцыятыўнай групы кандыдата Алеся Міхалевіча. Ці вы пыталіся ў яго, як ён ставіцца да вашай ініцыятывы ісьці ў дэпутаты пры падтрымцы «Гавары праўду»?

Драко: Не, я ў яго не запытваўся. Але тут няма ніякай супярэчнасьці ў маіх дзеяньнях. У тую кампанію пазыцыя Міхалевіча і ягонага штабу была даволі канструктыўная, накіраваная на эвалюцыйныя зьмены. Гэта якраз тое самае, што я цяпер і раблю, пры падтрымцы іншых людзей. Калі б Алесь мог быць у Беларусі, магчыма, мы зноў бы працавалі разам і на гэтых выбарах.

Цыганкоў: Якую канкрэтную задачу вы ставіце на гэтую выбарчую кампанію? Разглядаеце яе як нейкі грунт на будучыню, каб і далей вылучацца ў гэтай акрузе? Або гэта адзінкавы палітычны акт і вы хочаце максымальна праявіць сябе на гэтых выбарах?

Драко: Вядома, гэта найперш задзел на будучыню. Гэта шанец заявіць пра сябе, папрацаваць на акрузе. Каб пасьля таго, як выбары адбудуцца і ўлады намалююць перамогу праўладнаму кандыдату, — каб пасьля гэтага, калі людзі пачнуць абурацца, я змог быць у іхніх вачах пэўнай заменай. Я і пасьля буду працаваць у гэтай акрузе, каб людзі гаварылі — «Вось гэта сапраўды наш кандыдат, і ён нам дапамагае».

Цыганкоў: Вы даволі актыўна пішаце розныя нататкі, рэплікі на розных інфармацыйных сайтах у інтэрнэце. Ідзе вялікая дыскусія наконт таго, наколькі распаўсюджаны палітычны інтэрнэт у рэальным сьвеце. Ці сустракалі вы канкрэтных выбарнікаў, які вас пазнавалі як аўтара гэтых артыкулаў?

Драко: Сустракаў. Адна спадарыня пайшла па пашпарт, вяртаецца і распавядае, што чытала ў інтэрнэце ліст да Ярмошынай, дзе сказана, што можна падпісвацца за розных кандыдатаў. Я ёй і кажу, што гэта я напісаў.

Яшчэ адзін чалавек, пачуўшы маё прозьвішча, кажа — «Ведаю, але зубы — гэта лішняе». Быў такі жартаўлівы каляж у інтэрнэце, які зрабілі мае сябры, гуляючыся з маім прозьвішчам, — намалявалі мяне ў выглядзе Дракулы. Я кажу — «Гэта для моладзевай аўдыторыі». Так што пазнаюць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG