Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ выкрыў карупцыю ва ўправе капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму.

Абласная ўправа КДБ распачала крымінальную справу супраць чатырох кіраўнікоў прадпрыемства «Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму» — за перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў, учыненых з хцівага ці іншага асабістага інтарэсу.

Першымі яшчэ ў траўні чэкісты затрымалі дырэктара ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Ігара Адарчанку й ягонага намесьніка Валера Барысевіча. Пазьней за краты трапілі яшчэ двое кіраўнікоў.

Кантралюючымі органамі было ўстаноўлена, што летась і сёлета управа «не забясьпечвала тэрміны й належную якасьць будаўніцтва жылых дамоў». Звароты грамадзянаў пра будаўнічыя недаробкі ўправа перанакіроўвала ў падрадныя арганізацыі.

Асабліва шмат нараканьняў выклікала рэканструкцыя інтэрнату пад жылы дом на вуліцы Дзімітрава ў абласным цэнтры. Будучы заказчыкам і маючы сваіх атэставаных спэцыялістаў, будаўнічая ўправа гарвыканкаму заключыла дамову на вядзеньне тэхнічнага нагляду за рэканструкцыяй з прыватным таварыствам «УКБ-Дронга».

Кіраўнікі будаўнічай управы гарвыканкаму не кантралявалі падрадчыкаў, у прыватнасьці, бабруйскую фірму «Люнікс» і згаданае таварыства «УКБ-Дронга». Даведкі пра аб’ёмы і кошты выкананых прац, разьлікі паслуг па наглядзе падпісвалі, як кажуць, з заплюшчанымі вачыма.

У выніку фірма «Люнікс» выкарыстала па прызначэньні толькі 543 мільёны рублёў з 1,8 мільярда, атрыманых за паўтара года. Завышэньне кошту будаўніча-мантажных працаў, якія аплачаныя ільготнымі банкаўскімі крэдытамі і грашыма грамадзянаў, склала 1 мільярд 168 мільёнаў рублёў. Падрадчык не вярнуў таксама 121 мільён неадпрацаваных авансаў.

Сытуацыю на ўмовах ананімнасьці камэнтуе спэцыяліст адной з будаўнічых арганізацыяў Гомеля:
Ужо дзясятак гадоў кіраўнікоў садзяць, хапаюць, а ланцужок не перарываецца.

«Ужо дзясятак гадоў кіраўнікоў садзяць, хапаюць, а ланцужок не перарываецца. Гэта называецца чалавечай прагавітасьцю: ёсьць крыху, стала больш, хачу яшчэ больш. Гэта імкненьне да багацьця на тле таго, што такое багацьце нельга зарабіць афіцыйным, нармальным шляхам. Будаўніцтва — такая галіна, дзе можна пакамбінаваць. Магчымасьці ў будоўлі большыя. Там няма цьвёрдай цаны. Цана кантрактная, яна абыгрываецца. Там ёсьць пералазкаў шмат для маніпуляцый. Становішча й пасада даюць магчымасьць. Пасада ж нічога іншага не дае, а толькі магчымасьць. Майстар жа тут ня ўкрадзе — ён украдзе мяшок цэмэнту, 500 цаглін».

У КДБ таксама паведамілі, што службоўцы будаўнічай управы Гомельскага гарвыканкаму ў парушэньне дзейнага заканадаўства разьмеркавалі летась 25 кватэраў, якія былі прызначаныя для грамадзянаў, чые дамы пайшлі пад знос. Кватэры разьмеркаваныя працаўнікам будаўнічай управы, іхнім сваякам ды знаёмым па коштах, якія ў некалькі разоў ніжэйшыя за рынкавую вартасьць жыльля. І гэты пры сытуацыі, калі ў Гомелі ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў стаяць звыш 54 тысяч гараджанаў, у тым ліку 342 шматдзетныя сям’і.

Справа пра злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі з боку кіраўнікоў будаўнічага прадпрыемства гарвыканкаму перададзеная ў рэгіянальную ўправу Сьледчага камітэту.
XS
SM
MD
LG