Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску на 15 тысяч сем’яў скарацілася чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў. Пасьля зьверкі выявілася, што ў чарзе 269,8 тысячы сем’яў.

Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Сяргей Радаман на прэс-канфэрэнцыі ў мэрыі.

Раней чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў, штогод павялічвалася. Аднак у 2011 годзе ўмовы для пастаноўкі такіх асобаў на ўлік сталі ў Менску больш жорсткімі. Да таго ж больш за 60% грамадзянаў, якія стаяць у чарзе, страцілі права на ільготнае крэдытаваньне.

Камэнтуючы гэта, эканаміст Леанід Злотнікаў адзначыў: палітыка забесьпячэньня насельніцтва жыльлём, якая існуе ў краіне, скончылася тым, што большая палова кватэр пайшла не па прызначэньні:

«Таму і патрэбная была чыстка гэтай чаргі. На пачатку гэтага году былі прынятыя новыя правілы пастаноўкі на ўлік. Яны сталі больш жорсткімі. Тыя, хто стаіць на чарзе, маюць права атрымліваць ільготныя крэдыты. А гэтыя ільготныя крэдыты даюцца за кошт другой часткі насельніцтва. Цягам апошніх гадоў мы бачым, што недзе толькі палова з тых, каму патрэбна жыльлё, будуе яго. А другая палова насельніцтва — гэта тыя, хто будуе другое, трэцяе, чацьвёртае і нават пятае жыльлё. У маёмасьць такім чынам хаваюць грошы ад інфляцыі. Трэба было навесьці парадак у чэргах, бо і карупцыя тут вялікая».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG