Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gazeta.pl: «Маёр менскага рэжыму зарабляў на кантрабандзе людзей»


Да 700 даляраў мусілі плаціць азіяцкія мігранты функцыянэру беларускага рэжыму зь Менску за нелегальнае перасячэньне польска-беларускай мяжы. Маёр Аляксандар П. чакае суду ў польскай турме, піша gazeta.pl.

— На падставе міжнародных ордэраў на арышт мы ўсё яшчэ шукаем двух іншых афіцэраў памежнай аховы зь Беларусі, — кажа Анджэй Яжынскі, начальнік аддзелу ў справах арганізаванай злачыннасьці і карупцыі апэляцыйнай пракуратуры ў Любліне.

Справа трапіла ў Люблін з пракуратуры ў Белай Падляскай каля чатырох гадоў таму. За гэты час сьледчыя пасьпелі абвінаваціць у нелегальным перавозе людзей празь мяжу ў буйных маштабах больш за 30 асобаў зь некалькі добра арганізаваных злачынных груповак. Яны дзейнічалі ў навакольлі Тэрэспалю, у зоне іх дзеяньня было памежжа Літвы, Беларусі і Польшчы, а таксама польска-нямецкая мяжа.

«Кліентамі» кантрабандыстаў былі перадусім жыхары Азіі: кітайцы, віетнамцы і жыхары ахопленага вайною НАТО з талібамі Афганістану.

Злачынцы дзялілі між сабой ролі і працавалі малымі групамі, кожная зь якіх была адказная за свой участак працы: перапраўка ў Беларусь, нелегальнае перасячэньне польскай мяжы (пехатою празь «зялёную мяжу», пантонам праз Буг, або ў падвойных сьценках грузавых фургонаў), арганізацыя кароткачасовага пражываньня, а пасьля транзыт празь Любускае і Заходнепаморскае ваяводзтва ў Нямеччыну і Заходнюю Эўропу.

Сьледчыя практычна ад самога пачатку падазравалі, што кантрабандыстам мусіў дапамагаць нейкі высокапастаўлены службовец беларускіх памежных службаў. Хоць бы таму, што злачынцы дзейнічалі амаль восем гадоў — было немагчыма, каб падпарадкаваныя Менску службы так доўга нічога не заўважалі.

Урэшце, як кажа пракурор Яжынскі, былі здабытыя сьведчаньні супраць 47-гадовага маёра зь дзяржаўнай памежнай службы ў Менску Аляксандра П.

У панядзелак яму былі выстаўленыя абвінавачаньні ў 12 злачынствах, сярод іншага, ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы. Ягонай роляй было транспартаваньне мігрантаў з Азіі да польскай мяжы або «крышаваньне» іх перавозу.

Аляксандар П, вядома ж, рабіў гэта не на покліч сэрца і дзеля запэўненьня мігрантам лепшага жыцьця на Захадзе. Перавожаныя людзі плацілі сваім апекунам немалыя грошы. Жыхары Віетнаму — у сярэднім па 5 000 даляраў. Кітайцы — 6 000 эўра.

Маёр зь Менску атрымліваў сваю долю — ад 650 да 700 даляраў з чалавека — удакладняе Яжынскі і дадае: У нас ёсьць сьведчаньні, што абвінавачаны дзяліўся грашмі і зь іншымі службоўцамі.

Менавіта гэтых згаданых вышэй двух беларускіх афіцэраў Польшча ўсё яшчэ шукае ў міжнародным вышуку. Супрацоўнікі люблінскай пракуратуры запрасілі б іх да сябе і выставілі абвінавачаньні аналягічныя тым, што былі выстаўленыя Аляксандру П. Адныя тыя два мужчыны як скрозь зямлю праваліліся.

«Паўгода таму мы папрасілі адпаведныя беларускія службы аб дапамозе ў іх вышуку, але нават не атрымалі ад іх адказу», — паведаміў пракурор.

Аляксандар П. трапіў у рукі польскіх памежнікаў летась у сакавіку. Ён шмат разоў езьдзіў праз Польшчу ў Нямеччыны ў сямейных справах. Доўгія гады ён ужываў пашпарт з фікцыйнымі дадзенымі, куплены, як ён сказаў, за 200 даляраў. Хоць палякі мелі доказы супраць яго, яны ня здолелі яго затрымаць. Год таму ён перасек мяжу пад сваім сапраўдным імем, магчыма таму, што ў фальшывым пашпарце скончылася віза.

Цяпер ён сядзіць у сьледчай турме на вуліцы Палуднёвай у Любліне. Пракуратура мяркуе, што ён дапамог нелегальна пераправіць празь мяжу 1300 чалавек.

«Аляксандар П. часткова прызнаў выстаўленыя яму абвінавачаньні», — інфармуе Яжынскі.

Судовы працэс над беларускім службоўцам будзе адбывацца ў Акруговым судзе ў Любліне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG