Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нясьвіскі замак: рэстаўрацыя ці асваеньне?


http://labadzenka.by/wp-content/uploads/2012/06/kand1.jpg Кандыцыянэр у бальнай залі Нясьвіскага замку. Фота Андрэя Дыбоўскага з блогу Глеба Лабадзенкі --> http://labadzenka.by/?p=17494 .

Тамара Габрусь: «Робіцца не рэстаўрацыя, а асваеньне грошай»


Працэс рэстаўрацыі Нясьвіскага замка, які 20 ліпеня афіцыйна адчыняецца для наведнікаў, выклікаў шматлікія дыскусіі адмыслоўцаў і грамадзкасьці. Жарсьці асабліва абвастрыліся ў 2005 годзе, калі наверша вежы над паўднёвым корпусам атрымала характэрную форму расейскай «цыбуліны». Праз чатыры гады дыскусіяў пасьля рэзкага выказваньня на гэты конт княгіні Эльжбэты Радзівіл, дачкі апошняга ўладальніка замка князя Альбрэхта, «цыбуліну» вырашылі зьняць, і сёлетнім красавіком над вежай узьнялі іншы архітэктурны элемэнт. Пра вынікі гэткае рэстаўрацыі гаворыць гісторык архітэктуры, доктар мастацтвазнаўства Тамара Габрусь.

«У выніку мы маем нейкае завяршэньне вежы, якое здаецца барочным, але яно не адпавядае ўсім масам, усім прапорцыям замка і гэтай вежы. Яно яе прыціскае. Хоць яно такой формы пуката-ўвагнутай, так званая „баня“ — гэта барочнае такое пакрыцьцё фігурнае, грушападобнае.

І такім чынам атрымліваецца, што грамадзкасьці заткнулі рот, што, маўляў, зроблена па яе жаданьні, зьменена, зьнікла зь вежы відавочна расейскае па сваім паходжаньні і эстэтыцы наверша, а зроблена, здаецца, барочнае. Але тое, што яно зробленае непрафэсійна, зробленае не па сапраўдных рэстаўрацыйных мэтодыках, зробленае непрыгожа, яно прыціскае ўсю вежавую канструкцыю замка і замка ў цэлым, дарэчы, — гэта відавочна. У каго ёсьць адчуваньне прапорцыяў, гармоніі, то чалавек ня можа не адчуць гэтага. Тым больш крыўдна, што гэта зроблена архітэктарамі, якія шмат гадоў гэтым займаюцца.
Нехта за гэта павінен адказваць. Грошы трацяцца, тут і грамадзкія грошы былі даволі значныя скарыстаныя.

Вынік той, што людзі спачатку вельмі ўзрадаваліся, а потым тыя, хто ведае сапраўдную нашу архітэктуру і адчувае яе сапраўдную прыгажосьць, ніякага задавальненьня адчуць не маглі.

Нехта за гэта павінен адказваць. Грошы трацяцца, тут і грамадзкія грошы былі даволі значныя скарыстаныя. Увогуле ў рэстаўратараў ёсьць такі тэрмін — „асвоіць“. І вось такое адчуваньне, што гэта робіцца не рэстаўрацыя, а асваеньне грошай».


Малішэўскі: «Беларускамоўных надпісаў і гідаў у Нясьвіскім замку амаль няма»


Яраш Малішэўскі
Яраш Малішэўскі
Да афіцыйнага адкрыцьця ў Нясьвіскім замку можна было наведаць некалькі адрэстаўраваных заляў, у якіх часам праводзіліся экскурсіі. Чым скарыстаўся гісторык Яраш Малішэўскі зь сябрамі. Ён дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад убачанага і пачутага.

«Тое, што я бачыў, тыя часткі экспазыцыі, якія былі да гэтага адчыненыя, то там, безумоўна, падыход такі, які мы можам звычайна сёньня назіраць. Калі казаць пра першую частку, то яна паказвае саму гісторыю замка, дае пэўную храналёгію, больш-менш зразумелую. Пэўныя рэчы яны пры экскурсіях апускаюць. Скажам, пра аблогу расейцамі Нясьвіскага замку, калі ён выстаяў, пра разрабаваньне ў 1812 годзе — не афішуецца альбо слаба афішуецца.

Тыя інтэр’ерныя залі, якія я ўжо бачыў, у прынцыпе зробленыя так вонкава досыць някепска, асабліва калі ўлічваць, што турысты ж часта не ўяўляюць — гэта аўтэнтычная частка ці не, зробленая яна з матэрыялу сапраўднага ці з гіпсакардону. Таму сама карцінка глядзіцца так нармальна. Вылучаюцца кандыцыянэры, ці як іх назваць — велізарныя шафы, абсалютна дзіка яны глядзяцца. Яны ствараюць тэмпэратурны рэжым, але, па-мойму, ствараць яго можна іншым шляхам і ня так, каб гэта выбівалася. Ну, а самі залі глядзяцца досыць нармальна.

А так паўсюль прысутнічае сумесь дрэва, жалеза, плястыку ў розных прапорцыях у розных месцах.

І кідаецца ў вочы, вядома, тое, што надпісы на расейскай мове, якія мусілі б быць на беларускай. Кідаецца ў вочы і тое, што амаль усе гіды беларускай мовы ня ведаюць, і калі просіш правесьці экскурсіі на беларускай мове, то ёсьць адзін-два чалавекі, якія могуць гэта зрабіць.

Ну — куламеса там такая ўсяго».




Астаповіч: «Культурны ляндшафт Нясьвіжа перастаў існаваць»


20 ліпеня адбудзецца афіцыйнае адкрыцьцё Нясьвіскага замка. Вынікі дзесяцігадовае рэстаўрацыі гэтага помніка сярэднявечнага беларускага дойлідзтва, як і ўсяго нясьвіскага гарадзкога ансамблю, выклікалі шмат нараканьняў у адмыслоўцаў і грамадзкасьці. Гаворыць старшыня рэспубліканскага Таварыства аховы помнікаў архітэктуры Антон Астаповіч:

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч
«Калі там разьмяшчаўся яшчэ санаторый і замак стаяў яшчэ без рэстаўрацыі, то дух замка, дух замкавага палаца там адчуваўся. Зараз гэтага там не адчуваецца, таму што шмат дзе і плястыкавыя дзьверы паставілі, і іншых сучасных дэталяў хапае. І я да гэтага часу не магу ўспрыняць, нягледзячы на ўсе іх тлумачэньні, тое, што бакавую галерэю проста-напраста павалілі і зрабілі новую. Я ня веру, што аўтэнтычную канструкцыю нельга было захаваць — проста не было жаданьня захаваць. Дый усё астатняе...

Трошку выратавала гэты аб’ект, што ён знаходзіцца ўнутры валоў. Дзякуй Богу, абарончы ляндшафт там не зруйнаваны, як калісьці быў зруйнаваны абарончы ляндшафт у Мірскім замку, а то, я даю гарантыю, ён бы перажыў такое страшнае гламурнае добраўладкаваньне, як і Мірскі замак. Вось адзінае, што яго выратавала, дык гэта менавіта пасадка ў абмежаванай прасторы. А так...

І, разумееце, мы заўсёды гаворым пра замак і забываем кантэкст, у якім павінен знаходзіцца помнік. Кантэкст замка — гэта горад Нясьвіж. Вы паглядзіце, што ў Нясьвіжы робіцца! Нават самая супэрская рэстаўрацыя замка гэтую сытуацыю ня выратавала б. Я не хачу глядзець проста на замак, я гляджу на агульны культурны ляндшафт, які практычна перастаў існаваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG