Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цыбуліну» зь нясьвіскай вежы зьнялі талакой


Гэтую грувасткую вежу зьнялі.

Гэтую грувасткую вежу зьнялі.

Пастанову аб тым, каб зьняць «цыбуліну», прыняло Міністэрства культуры.

Усталявалі архітэктурную дэталь у 2004 годзе. Спэцыялісты і грамадзкасьць абурыліся, бо вежа, адноўленая паводле гравюры Тамаша Макоўскага, не адпавядала гістарычнаму выгляду палаца. Па словах культуроляга Сяргея Харэўскага, справа была ня толькі ў эстэтыцы і гістарычнай справядлівасьці, але і ў тэхнічнай праблеме. Купал выявіўся занадта грувасткім і цяжкім і раздушваў аўтэнтычныя канструкцыі самой вежы. І ці рана, ці позна прывёў бы да яе разбурэньня. Была тэхнічная неабходнасьць зьняць гэты «артэфакт».

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

Аднак, па словах Харэўскага, ёсьць і гістарычны фон. «Тое, што было зроблена — гэта вельмі прыблізная, няўдалая, „аўтарская“ фантазія на тэму выявы на адной гравюры ў маштабе „паўтара сантымэтры“. Вось чалавек падгледзеў на гравюры Тамаша Макоўскага такую выяву і прыпусьціў сабе такую вольнасьць, нафантазіраваў, зрабіў такую вэрсію. Той купал, які нарэшце вяртаецца, — гэта выгляд замку, які дайшоў да нас па першых гравюрах-акварэлях Напалеона Орды і іншых мастакоў. Толькі так ён фігуруе ў беларускай традыцыі. Аднаўленьне было справай прынцыпу гістарычнай справядлівасьці, эстэтыкі і тэхнічнай неабходнасьці».

Супраць «цыбуліны» выступіла і Альжбета Радзвіл (Нясьвіскі замак быў рэзыдэнцыяй князёў Радзівілаў), калі наведвала Нясьвіж. Каб аднавіць гістарычную справядлівасьць, быў створаны адмысловы рахунак, на які пераводзілі грошы ўсе ахвотныя. Унесьлі свой грашовы ўклад і нашчадкі Радзвілаў. Распавядае журналіст Глеб Лабадзенка:

Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка

​«Насамрэч гэта рэдкі выпадак, калі здаровы сэнс перамог над маразмам. Усе вельмі чакалі гэтага, але я сумняюся, што нехта верыў, што рэальна гэта будзе зроблена вось цяпер. Бо ў кулюарах былі такія размовы — „канечне, заменім“, але ў лепшым выпадку пры наступным капітальным рамонце. А гэта яшчэ гадоў 30. Таму тое, што гэта нарэшце здарылася, можна запісаць на рахунак Міністэрства культуры. Бо бязь іхнай волі гэтага б не адбылося. Хоць былі людзі, якія выступалі супраць замены, у тым ліку сярод рэстаўратараў і архітэктараў, ад якіх мне даводзілася чуць, што гэта „прыгожая“ вежа. Наколькі я ведаю, сёньняшні дырэктар таксама ня быў вялікім прыхільнікам замены. Прынамсі, калі я рабіў зь ім інтэрвію, ён казаў: „Ну, такая вежа і такая, якую зрабілі, хай такая і будзе“. Хоць, безумоўна, адзіным правільным рашэньнем было гэты купал мяняць, колькі б гэта ні каштавала. У гэтую старую „цыбуліну“ ўбухалі шалёныя грошы, і гэта было галоўным тормазам, каб яе не мяняць. Цяпер быў створаны рахунак, і, па сутнасьці, людзі, грамадзтва, прадпрыемствы ахвяроўвалі гэтыя грошы. Мацей Радзівіл частку грошай перавёў. І гэта таксама сымбалічна, што гэтую справядлівую, правільную вежу аднаўлялі фактычна талакой».

Сяргей Харэўскі падкрэсьлівае, што гэтая гісторыя павінна стаць навукай для нашых рэстаўратараў: «Гэта відавочныя матэрыяльныя страты. Ніхто ж нікога не пакараў і ніхто нікому не кампэнсуе растраты на гэтае „балаўство“ фактычна, забаўку. Трэбы, каб гэтага не дапускалі ў далейшым. Гэта значыць, што ўсе далейшыя праекты павінны праходзіць сур’ёзную навуковую экспэртызу і грамадзкае абмеркаваньне».

Нясьвіскі замак занесены ў сьпіс Усясьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў 2005 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG