Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас аднаўленчых працаў на тэрыторыі Нясьвіскага замка, які належаў знакамітаму роду Радзівілаў, зруйнаваная яго ўсходняя трохпавярховая галерэя, датаваная, паводле ЮНЭСКА, сярэдзінай ХVIII стагодзьдзя.

Навуковы кіраўнік праекту рэстаўрацыі Нясьвіскага палацава-паркавага ансамбля Сергей Друшчыц расказвае, чаму ў працэсе аднаўленьня запатрабаваліся такія радыкальныя захады:
«Тры гады мы трымалі падпоркі, шукалі варыянты, каб яе захаваць. Але тэхнічны стан такі, што магчымасьці такой мы не знайшлі. Хоць праект быў распрацаваны, але ж дасьледаваньні грунтоў паказалі: пад гэтай галерэяй — два мэтры насыпнога грунту, які ня мае ніякай магчымасьці несьці будынак. Тое, што яна ў аварыйным стане, мы ведалі яшчэ да пачатку распрацоўкі дакумэнтацыі, ёсьць экспэртнае заключэньне. Але намаганьні яе захаваць плёну ня мелі. Таму што былі канструктыўныя хібы ў самім будаўніцтве, гэтая галерэя (здаецца, пры Рыбаньку, захаваліся дакумэнты) ужо адзін раз падала. Таму, зафіксаваўшы ўсе асаблівасьці галерэі, мы прынялі рашэньне: яе аднавіць, але ня ў тым выглядзе, у якім яна нам дасталася ад санаторыя, а раскрыць замураваную першапачатковую галерэю XVII стагодзьдзя. Гэты праект быў разгледжаны на радзе і ўхвалены. Вось такая сумная рэч, але тэхнічных магчымасьцяў сёньня ў нас, на жаль, не было, каб яе захаваць».
Працы ў Нясьвіскім палацы выконваюць два генэральныя падрадчыкі — «Салігорскпрамбуд» і баранавіцкі «Будаўнічы трэст № 25». Ці ня ёсьць падставай сьцьвярджаць: разбурэньне галерэі тлумачыцца перадусім тым, што «рэстаўрацыяй» займаюцца будтрэсты, а не спэцыяльныя рэстаўрацыйныя ўстановы? На гэта спадар Друшчыц адказвае так:
«Чаму? Ёсьць у нас „Мінскрэстаўрацыя“, пастаянна працуе там, выконвае спэцыяльныя рэстаўрацыйныя работы. Але ж нават на тых будынках, дзе ўжо завершаныя працы, першым пускавым комплексе — уязная брама, вежа, прыбрамныя карпусы, дзьве галерэі — аб’ём інжынэрных умацаваньняў складае звыш за 50%. Там мы былі вымушаныя ня толькі падвесьці новыя падмуркі, бо глыбіня фундамэнтаў была ў зоне прамярзаньня. Таму большая палова ад агульнага складу працаў — якраз інжынэрныя працы па ўмацаваньні. Мы робім вэртыкальную ізаляцыю, гарызантальную; заводзяцца канструкцыі мэтала. Робім ацяпленьне, кандыцыянаваньне, асьвятленьне».

Выгляд палацу з розьніцай два гады: жнівень-2006 — з
галерэяй, сакавік-2008 — ужо без яе.
Пасьля руйнаваньня ўсходняй галерэі ўжо ніхто ня можа сьцьвярджаць, што такі ж лёс не напаткае іншыя фрагмэнты палацавага комплексу. Паводле прызнаньня навуковага кіраўніка рэканструкцыі Сяргея Друшчыца, у надзвычай складаным стане знаходзіцца ўсходняя галерэя палаца. Вядзецца ўмацаваньне падмурка і канструкцый у трохпавярховых крылах палаца — арсэнале і камяніцы. Усюды, як зазначае спадар Друшчыц, цэгла дрэннай якасьці, нясучыя здольнасьці сьцяны страчаныя, паўсюдна ўтвараюцца шчыліны. Але ўся старадаўняя цэгла, запэўнівае суразмоўца, акуратна складзеная і пойдзе падчас адбудовы галерэяў у справу разам з сучаснай.

Як кажа гісторык Уладзімер Дзянісаў, згодна з лёгікай «дрэнных матэрыялаў», трэба разьбіраць увесь палац. Аднак у сьвеце культывуецца іншая практыка захаваньня аб’екту гісторыка-культурнай каштоўнасьці:
«Як сказаў адзін наш вядомы рэстаўратар (ня буду называць ягонае прозьвішча), у нас, на жаль, пры выкананьні работ на помніках — альбо гэта аб’ект другой катэгорыі, альбо звычайная камяніца, альбо нават аб’ект, уключаны ў сьпіс Усясьветнай культурнай спадчыны — няма павагі да старых муроў. І трэба адзначыць, што існуюць у розных краінах самыя розныя мэтодыкі ў захаваньні помнікаў, нават на стале ў мяне ляжыць польскі падручнік, які павінны вывучаць усе студэнты архітэктары-рэстаўратары, інжынэры-рэстаўратары па кансэрвацыі цагляных муроў. Гэтая мэтодыка адпрацаваная і калі ёсьць жаданьне, то выканаць яе ня вельмі цяжка. Але калі няма жаданьня займацца кансэрвацыяй і навуковай рэстаўрацыяй аб’екта, а ёсьць жаданьне зрабіць толькі рэканструкцыю і прыстасаваць да чагосьці іншага, то гэта прымаецца як звыклы наш падыход: зьнесьці помнік амаль да падмурка (ці нават цалкам), і пабудаваць яго копію ці муляж».

Нясьвіж — адзін са старэйшых гістарычных і культурных цэнтраў Беларусі. Цэнтрам княства стаў яшчэ ў ХІІІ стагодзьдзі. У XVI-мтут разьмясьцілася рэзыдэнцыя магнатаў Радзівілаў, Нясьвіж пачаў імкліва відазьмяняцца, былі ўзьведзеныя манумэнтальныя камяніцы абароннага прызначэньня. Элемэнты готыкі, рэнэсансу, барока, клясыцызму сьведчаць на шматэтапнасьць будаўніцтва. Помнікі архітэктуры ў Нясьвіжы, якія знаходзяцца пад аховай ЮНЭСКА, — бясцэнны ўнёсак у скарбонку ўсясьветнай культурнай спадчыны. Але ці застанецца комплекс каштоўнасьцю ў выніку рэстаўрацыі па-беларуску — залежыць ад стаўленьня грамадзтва да таго, што адбываецца на бясцэнных мурах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG