Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ААН накіравана тэрміновае паведамленьне пра катаваньні над Статкевічам і Дашкевічам


Спэцдакладчыку ААН па катаваньнях накіраваныя скаргі з просьбай расьсьледаваць факты бесчалавечнага абыходжаньня з палітвязьнямі Мікалаем Статкевічам і Дзьмітрыем Дашкевічам.

Гэта тэрміновы зварот, які падаецца на падставе падазрэньняў, што адносна асобы прымяняюцца катаваньні і патрабуецца неадкладнае ўмяшаньне, каб спыніць такія дзеяньні.

У зваротах гаворыцца пра невыносныя ўмовы, створаныя для адбыцьця пакараньня, пра ўтрыманьне разам з асобамі, хворымі на небясьпечныя заразныя або псыхічныя захворваньні. Пра тое, што палітвязьняў фактычна мораць голадам, дазваляючы набываць тавары на суму толькі 100 тысяч рублёў у месяц (уключна з гігіенічнымі прыналежнасьцямі), пастаянна зьмяшчаюць у карцэр за надуманыя парушэньні. Пра тое, што супраць Зьмітра Дашкевіча завялі новую крымінальную справу, па якой яму пагражае яшчэ год турмы. Таксама гаворыцца, што Дашкевіч і Статкевіч зазналі жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне ў СІЗА КДБ пасьля арыштаў у сьнежні 2010 году, пра што ёсьць шматлікія сьведчаньні.

«Перавага тэрміновай працэдуры ў тым, што для падачы такога звароту не абавязкова перш вычарпаць усе ўнутраныя сродкі прававой абароны. Тэрміновыя працэдуры накіраваны на тое, каб спыніць пэўныя дзеяньні, якія парушаюць правы канкрэтных асобаў, калі існуюць сур’ёзныя асьцярогі што да іхнай бясьпекі.

Спэцдакладчык ААН па катаваньнях, калі палічыць патрэбным, накіроўвае ў тэрміновым парадку заклік да міністра замежных спраў з просьбай да ўраду прыняць неабходныя меры, каб забясьпечыць правы гэтых асобаў.

На сёньняшні дзень працэдура ААН не прадугледжвае інфармаваньня падаўцаў скаргі і іншых зацікаўленых асобаў пра дзеяньні, зробленыя ў сувязі зь ёю, таму дзейснасьць кожнай скаргі ацаніць цяжка. Але цяпер для абароны правоў палітвязьняў неабходна выкарыстоўваць усе мэханізмы. Да таго ж ёсьць надзея, што з прызначэньнем спэцдакладчыка ААН па Беларусі эфэктыўнасьць «аанаўскіх» мэханізмаў узрасьце, — распавяла праваабаронца Дар’я Корсак сайту protivpytok.org.
XS
SM
MD
LG