Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палажанка: Не змагу Зьмітра пабачыць, пакуль ня выйду за яго замуж


Наста Палажанка

Наста Палажанка

Намесьніца старшыні «Маладога фронту» і нявеста Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка камэнтуе ўзбуджэньне супраць яго новай крымінальнай справы — «за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі». З-за новай справы Дашкевічу могуць дадаць яшчэ адзін год зьняволеньня.

«Зараз будзе адбывацца сьледзтва. Найхутчэй, проста людзі, якія кантралююць сытуацыю з Дашкевічам, будуць вырашаць, які тэрмін яму даваць, будуць глядзець, ці варта зважаць на парлямэнцкія выбары, ці ня варта. Я думаю, што ім трэба будзе добра паднапружыцца, каб вырашыць, што рабіць з Дашкевічам.

А за што? Дык гэта вельмі проста — за характар, за стойкасьць. Палітвязьняў проста ламаюць у турмах. Робяць усё магчымае, каб яны баяліся трапляць туды наноў, каб не займаліся грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, каб выходзілі і проста не падымалі ад падлогі вачэй. А Зьміцер паказвае, што і не спрабуйце з намі такое рабіць. Ён толькі радыкалізуецца і паказвае, што лепш яго проста вызваліць. Паглядзім, як усё будзе разьвівацца. Гэта не пытаньне рацыянальнага мысьленьня, а пытаньне моцы і сытуацыі»
Ён толькі радыкалізуецца і паказвае, што лепш яго проста вызваліць.

Пра тое, што крымінальная справа супраць Дашкевіча ўсё ж такі ўзбуджаная, было абвешчана 18 ліпеня ў перадачы «Зона Х» на тэлеканале «Беларусь 1». Справа ўзбуджаная паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэксу Беларусі (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі). Паводле ранейшага выраку Дашкевіч мае выйсьці на волю 18 сьнежня гэтага году.

Падрабязнасьці пра новую справу супраць Дашкевіча можна будзе даведацца пасьля таго, як ён сустрэнецца з адвакатам 20 ліпеня. У гэты дзень Дашкевічу споўніцца 31 год. Але Наста ня зможа яго пабачыць і павіншаваць асабіста. Палажанка і Дашкевіч даўно абвясьцілі пра свой намер узяць шлюб, аднак адміністрацыя калёніі «згубіла» пашпарт жаніха. Наста кажа, што гэта яшчэ адзін спосаб ціску на Зьмітра. Свой падарунак Наста адправіць па пошце.

Не пабачыць Зьмітра і ягоны бацька Вячаслаў, бо Зьміцер лічыцца злосным парушальнікам рэжыму і ў яго адабралі ўсе спатканьні.

Зьміцер Дашкевіч разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Менску за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 году. Гэтае затрыманьне прадстаўнікі апазыцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвэнтыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў. Маладых людзей прызналі вінаватымі ў зьбіцьці двух мінчан. 24 сакавіка 2011 году суд асудзіў Дашкевіча на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. У верасьні мінулага году яму прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён адмовіўся. Апошнім часам Дашкевіча ня раз зьмяшчалі ў штрафны ізалятар.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала лідэра «Маладога фронту» вязьнем сумленьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG