Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскі: «Дадуць Дашкевічу год — будуць усім палітвязьням дадаваць»


Валер Леванеўскі

Валер Леванеўскі

Былы палітвязень Валер Леванеўскі камэнтуе ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць Зьмітра Дашкевіча. Яна ўзбуджаная паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэксу Беларусі (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі). Дашкевічу могуць дадаць яшчэ адзін год зьняволеньня.

Валер Леванеўскі: «Не было выпадкаў, каб Адміністрацыя ўзбудзіла справу паводле 411 артыкула, а суд прыняў іншае рашэньне. Тым больш што суд будзе закрыты. Тут трэба падняць грамадзкасьць — трэба добры адвакат і трэба аспрэчваць усе парушэньні, якія яму выстаўляюць. Гэта складана, але гэта хаця б нейкі шанец. І важны грамадзкі рэзананс. Мы даведаемся, за што садзілі ў ШЫЗА Дашкевіча, хто быў сьведкам, пры якіх абставінах. Будзе агалоска прэсінгу на маладога чалавека з палітычных матываў.

Галоўнае — каб быў як найшырэй агучаны гэты фарс, гэты ціск. Я больш чым перакананы, што ніякіх парушэньняў ён не рабіў. Гэта проста спроба зламаць ягоную волю, прынізіць.

Валер Леванеўскі

Прадпрымальнік Валер Леванеўскі быў асуджаны ў 2004 годзе паводле артыкула 368, ч. 2 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь). Агулам правёў у зьняволеньні 745 дзён. У калёніях яго неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА, пазбаўлялі спатканьняў, не аказвалі мэдычную дапамогу. Пакараньні, якія накладала на яго адміністрацыя калёній, не дазвалялі абскарджваць у судзе, нягледзячы на неаднаразовыя спробы.


Аснова 411 артыкула — гэта папярэднія парушэньні рэжыму. Трэба даведацца, ці былі яны і якія. Грамадзкасьць хай дазнаецца, што чалавек такога страшнага зрабіў, каб яму год турмы дадаць.

Бо 411 артыкул прызначаны для адпетых крымінальнікаў, забойцаў, якія не выпраўляюцца, якія тэрарызуюць зону. Так званых „аўтарытэтаў“, якіх даўно ўжо ў Беларусі няма. Вось для іх яна дзейнічае А тут — недзе не зашпіліўся, недзе яшчэ нешта — гэта ўжо такія дробязі...

Дадуць Дашкевічу год дадаткова — будуць усім палітзьняволеным дадаваць. Гэта ўвойдзе ў адпрацаваную схему, і будуць даваць аўтаматам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG