Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Партыя БНФ паскардзілася ў суд на фармаваньне акруговых камісіяў


Кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Зьміцер Салаўёў.
Кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Зьміцер Салаўёў.

Партыя БНФ зьвярнулася са скаргай у Магілёўскі абласны суд. Партыйцы лічаць, што фармаваньне акруговых камісіяў на Магілёўшчыне адбылося з парушэньнямі заканадаўства.

Нагодай для звароту ў суд сталася неўключэньне ніводнага прадстаўніка ад партыі БНФ у склад акруговых камісіяў. У акругкамы партыя вылучала 9 сваіх актывістаў. Скаржнік дамагаецца, каб суд абавязаў службоўцаў прыняць новае рашэньне аб утварэньні акруговых выбарчых камісіяў з уключэньнем у іх прадстаўнікоў партыі БНФ.

У скарзе заяўляецца, што неўключэньне прадстаўнікоў партыі БНФ у акруговыя камісіі парушае іх канстытуцыйныя правы на ўдзел у выбарах і грамадзкі кантроль за іх ходам.

Кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Зьміцер Салаўёў: «Фармаваньне камісіяў адбывалася без парытэтнага падыходу, што ня можа забясьпечыць выбарчаму працэсу фактычную незалежнасьць і аб’ектыўнасьць. Фармаваньне камісіяў ужо паказвае, што выбарчы працэс будзе непразрыстым і недэмакратычным. Вылучэнцаў ад партыі БНФ не зацьвярджалі ў складзе камісіяў на той падставе, што ў іх нібыта няма адпаведнага досьведу працы. Але ўсе вылучэнцы ад партыі БНФ удзельнічалі ў выбарчых кампаніях як назіральнікі ці як кандыдаты ў дэпутаты. Разам з тым на пасяджэньні было прызнана, што палова сяброў камісіяў — гэта новыя людзі, якія вылучыліся шляхам збору подпісаў. Выбары — гэта найперш палітычны працэс, і ў ім павінны браць удзел палітычныя суб’екты».

Самаго спадара Салаўёва не зацьвердзілі ў складзе акруговай выбарчай камісіі, бо, як было заяўлена, ён не займаецца грамадзкай дзейнасьцю.

Склад 13 акруговых выбарчых камісіяў зацьвярджаўся на сумесным паседжаньні прэзыдыюму абласнога савету дэпутатаў і аблвыканкаму. З 32 вылучаных апазыцыянэраў у склад камісіяў уключылі толькі траіх — дваіх ад партыі левых «Справядлівы сьвет» і аднаго з АГП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG