Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаце зьбіраць подпісы? Толькі ня ў людных месцах!


Мясцовыя выканкамы вызначылі месцы, дзе дазволена разьмяшчаць выбарчыя пікеты, каб зьбіраць подпісы за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты.

Як вынікае з рашэньняў, пад забарону трапілі ня толькі цэнтральныя плошчы і вуліцы райцэнтраў, аўтамабільныя й чыгуначныя вакзалы, будынкі мясцовых выканаўчых й распарадчых органаў, судоў, пракуратуры, міліцыі і КДБ, але й проста людныя месцы.

Да прыкладу, у Берасьці забаронена выстаўляць пікеты ў найбольш людных месцах. Праваабаронцы называюць адпаведнае рашэньне гарвыканкаму незаконным.

Паводле рашэньня Берасьцейскага гарвыканкаму ад 4 ліпеня, у абласным цэнтры вызначаны цэлы шэраг найбольш ажыўленых вуліц і плошчаў, дзе будзе забаронена выстаўляць пікет з мэтай збору подпісаў за кандыдата ў дэпутаты.

Зьміцер Шыманскі, кіраўнік Партыі БНФ па Берасьцейшчыне, кажа, што гэтае рашэньне недэмакратычнае, аднак на выбарчую кампанію партыі не паўплывае:

«Калі б сябры Партыі БНФ вырашылі зьбіраць подпісы, то фактычна такой магчымасьці ў Берасьці яны б ня мелі. Зьбіраць подпісы ў месцах, дзе няма людзей, няма сэнсу. Што тычыцца Партыі БНФ, то нашы кандыдаты, ведаючы ўвесь характар і ўсю недэмакратычнасьць выбарчага працэсу, будуць вылучацца шляхам партыйнага вылучэньня. Таму для нас няма такой складанасьці з гэтым рашэньнем».

А вось кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімер Вуек кажа, што згаданае рашэньне гарвыканкаму наносіць удар па кандыдатах ад гэтай палітычнай сілы. Бо, акрамя вылучэньня кандыдатаў партыйным мэханізмам, АГП плянуе паралельна ладзіць і збор подпісаў:
А на задворках ці ёсьць увогуле сэнс ставіць пікет?

«Мы будзем узмацняць вылучэньне нашых кандыдатаў шляхам збору подпісаў. А вось паводле апошняга рашэньня гарвыканкаму мы можам сутыкнуцца з такой праблемай падчас збору подпісаў нашых кандыдатаў. А на задворках ці ёсьць увогуле сэнс ставіць пікет?»

Берасьцейскі праваабаронца, прадстаўнік кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімер Малей назваў незаконным рашэньне гарвыканкаму аб вызначэньні месцаў, забароненых для пікетаваньня. Спадар кажа, што прадстаўнікі мясцовай дэмакратычнай супольнасьці ўжо яго абскарджваюць:

«Забараніўшы ў гэтых месцах правядзеньне пікетаў, Берасьцейскі гарвыканкам істотна звузіў магчымасьці сябраў ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў, па распаўсюду інфармацыі пра вылучэньне кандыдатам у дэпутаты. Ужо асобныя грамадзяне падалі заяву на імя старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму з просьбай адмяніць пункт гэтага рашэньня і абавязаць Берасьцейскі гарвыканкам выдаць яго ў новай рэдакцыі».

У гэтай скарзе прыводзіцца прыклад, што ў 2010 годзе, падчас выбараў прэзыдэнта, Берасьцейскім гарвыканкамам таксама былі ўсе найбольш людныя месцы забароненыя. Аднак, у сувязі са шматлікімі зваротамі падобнае рашэньне было адмененае і пікетаваць на цэнтральных вуліцах дазволілі.


У Горадні ў выбарчай кампаніі зьбіраюцца ўдзельнічаць некаторыя сябры АГП. Якія будуць цяжкасьці са зборам подпісаў?

Старшыня Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі АГП Аляксандра Васілевіч апавядае:

«Гарадзенскі гарадзкі выканаўчы камітэт вынес рашэньне наконт месцаў, дзе забаронена пікетаваньне з мэтай збору подпісаў. Калі так падлічыць, то ў нас выкрасьленая адразу большая частка гораду, а ягоны цэнтар — увесь. Гэта ж трэба глядзець спальныя раёны, каб былі школа ці садок больш чым за пяцьдзесят мэтраў і не было паблізу прыпынкаў транспарту. У прынцыпе, у нас застаюцца парк Румлёўскі і парк Калоскі».
Калі так падлічыць, то ў нас выкрасьленая адразу большая частка гораду, а ягоны цэнтар — увесь.

Некаторыя прадстаўнікі АГП схіляюцца да збору подпісаў па кватэрах.

Васілевіч: «Але пікеты, самі разумееце, даюць магчымасьць з большай колькасьцю людзей кантактаваць. А што да хаджэньня па кватэрах — лета, шмат каго ня будзе. Шмат хто на прыродзе адпачывае ці некуды зьехаў зусім».

Прадстаўнікі БХК Раман Юргель і Сьвятлана Рудкоўская будуць назіральнікамі ў выбарчых камісіях у Горадні. Сёньня яны падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў акруговыя камісіі — Гарадзенскую Занёманскую № 49 і Гарадзенскую сельскую № 52. Спадару Юргелю не ўдалося трапіць на арганізацыйнае паседжаньне акруговай камісіі:

«У Гарадзенскім гарвыканкаме такое паседжаньне, аказалася, адбылося яшчэ ўчора. Былі першыя паседжаньні акруговых камісіяў №№ 49, 50, 51, дзе былі абраныя старшыні камісіяў. Мы даведаліся пра гэтыя паседжаньні літаральна ў той момант, калі яны праходзілі. Як назіральнікі ад грамадзкіх арганізацый мы павінны былі там прысутнічаць. Інфармацыю вывесілі на сайт выканкамаў амаль у той час ці за паўгадзіны да паседжаньняў, і яны прайшлі без назіральнікаў. А выбарчы працэс, як сказана ў артыкуле 13, павінен праходзіць адкрыта, галосна і дэмакратычна. Раней гэтыя паседжаньні праходзілі па месцы знаходжаньня камісій».

Сябры БХК будуць таксама рэгістравацца ў якасьці назіральнікаў у Лідзкай акрузе № 54 і ў Мастоўскай № 56, паведаміў Раман Юргель.


На Меншчыне вылучэнцам ад апазыцыі цяжка будзе наладзіць збор подпісаў з дапамогай пікетаў. На сёньня літаральна ў кожным райцэнтры ўсе людныя месцы трапілі пад забарону. Лічыцца, што пікеты на іх могуць перашкодзіць дзейнасьці прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў.

У Слуцку актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Анатоль Юрэвіч ужо публічна заявіў пра намер зьбіраць подпісы. Але ўдакладніць канкрэтна, дзе будзе месьціцца пікет, спадар Анатоль ня можа. Слуцкі райвыканкам забараніў выстаўляць пікеты бліжэй чым за 50 мэтраў ад суду й пракуратуры, за 100 мэтраў — ад вакзалу, аўтапарку, установаў адукацыі й лякарняў. Анатоль Юрэвіч удакладняе:

«Яны вызначылі тыя месцы, дзе мала хто ходзіць — да прыкладу, не на перасячэньні, так бы мовіць, жыцьцёвых паходаў людзей. І гэтыя аддаленыя месцы чыноўнікі вызначаюць, каб як мага менш людзей даведаліся пра пляны апазыцыі ды пазнаёміліся з нашымі кандыдатамі...»

Леў Марголін
Леў Марголін
Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Леў Марголін — жыхар Меншчыны. І вось што ён кажа пра асаблівасьці рашэньняў тутэйшай улады ў вызначэньні месцаў, дзе забаронена праводзіць пікеты для збору подпісаў:

«У Выбарчым кодэксе запісана, што „мясцовыя выканаўчыя органы павінны вызначыць месцы, дзе можна ладзіць збор подпісаў, а таксама і тыя месцы, дзе нельга гэта рабіць“. Гэта значыць, што ў некаторых месцах „рабіце, дзе хочаце“, як гэта было падчас кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў, акрамя некаторых канкрэтных месцаў. У тых райцэнтрах, дзе мясцовая ўлада ставіцца да гэтых пытаньняў больш жорстка, там загадзя вызначаюць, у якіх толькі месцах можна, а ва ўсіх астатніх — забаронена».

Карэспандэнт: «Сёньня сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў, што „самы эфэктыўны спосаб збору подпісаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты — абыход дамоў“».

Марголін: «Ну вядома. Цяперашняму Цэнтравыбаркаму ня вельмі падабаецца, калі вылучэнцы ставяць свае шапікі ці сталы альбо намёты на плошчах — нездарма ж у Менску на бальшыні плошчаў забаранілі зьбіраць подпісы выбарцаў. Для ўлады лепш, калі гэта робіцца ціха й келейна. Пры гэтым людзям можна сказаць: „Глядзіце, пад выглядам зьбіральнікаў подпісаў «могуць быць нейкія злачынцы, таму падумайце, ці адчыняць свае дзьверы“».

Карэспандэнт: «А ці паўсюдна на Меншчыне ўлады імкнуцца схаваць гэтыя пікеты?»

Марголін: «Безумоўна! Бо калі яшчэ на прэзыдэнцкіх выбарах да гэтага ставіліся больш, скажам так, лібэральна, то на так званых „парлямэнцкіх“, вядома, будуць яшчэ спробы наагул забараніць пікеты альбо схаваць недзе ў дварах ці на пляцоўках для выгулу сабак, увогуле туды, дзе менш народу. Усе разумеюць, што тут будзе ня толькі збор подпісаў, але й агітацыя ды прапаганда. І як гэта ні забараняй — усё роўна гэта будзе... А задача чыноўнікаў — зьнізіць напал і значэньне, наагул прыхаваць гэтую выбарчую кампанію. Бо яна ім не патрэбная. Паколькі яны ўжо загадзя вызначыліся са сваімі „дэпутатамі“, нейкая грамадзкая актыўнасьць насельніцтва ўладзе ня вельмі патрэбная. Калі дакладна сказаць — зусім не патрэбная, асабліва калі ўлада вырашае такія гаспадарчыя праблемы. Маўляў, тут трэба ўраджай ратаваць, а людзей адцягваюць на выбары...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG