Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цягам трох дзён, зь 5-га па 7-га ліпеня, ААН, АБСЭ і Эўрапарлямэнт прынялі рэзалюцыі з асуджэньнем парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

У рэзалюцыі па Беларусі, прынятай 5 ліпеня на сэсіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе, утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў», правесьці «поўнае і празрыстае расьсьледаваньне ўсіх паведамленьняў аб прымяненьні катаваньняў і негуманным абыходжаньні з палітзьняволенымі», «неадкладна спыніць практыку адміністрацыйных затрыманьняў прадстаўнікоў апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, журналістаў і праваабаронцаў і не перашкаджаць іх свабоднаму перамяшчэньню, у тым ліку выездам за межы краіны».

Таксама 5 ліпеня усе буйныя палітычныя фракцыі Эўрапарлямэнту прынялі падобную рэзалюцыю з асуджэньнем парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. У прыватнасьці, яны асудзілі нядаўні арышт у Беларусі старшыні Саюзу палякаў у Беларусі і журналіста польскай Газэты Выборчай Андрэя Пачобута. У рэзалюцыі выказваецца «шкадаваньне ў сувязі з тым, што беларускія ўлады робяць немагчымай працу журналістаў, прымаючы рэпрэсіўныя законы, накіраваныя на замоўчваньне грамадзкай актыўнасьці».

МЗС Беларусі даў жорсткую ацэнку гэтай рэзалюцыі, назваўшы яе «аднабаковай і тэндэнцыйнай».

Праз два дні Парлямэнцкая асамблея АБСЭ заклікала ўлады Беларусі неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліць і апраўдаць усіх палітычных зьняволеных. Адпаведная рэзалюцыя прынятая 7 ліпеня падчас паседжаньня чарговай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Манака. У дакумэнце пералічваюцца палітзьняволеныя Ігар Аліневіч, Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка, Дзьмітрый Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Аляксандар Францкевіч, Павал Сырамятаў, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч, а таксама ўтрымліваецца патрабаваньне да беларускіх уладаў гарантаваць поўнае аднаўленьне іх у грамадзянскіх і палітычных правох.


Камэнтары і ацэнкі на сайце і ў эфіры Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG