Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада ААН прагаласуе па рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі


У парадку дня Рады ААН па правах чалавека на 5 ліпеня сярод пытаньняў для галасаваньня ёсьць рэзалюцыя па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў, а таксама патрабаваньне правесьці «поўнае і празрыстае расьсьледаваньне ўсіх паведамленьняў пра ўжываньне катаваньняў і негуманнага стаўленьня да палітвязьняў», «неадкладна спыніць практыку адміністрацыйных затрыманьняў прадстаўнікоў апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, журналістаў і праваабаронцаў і не перашкаджаць іх свабоднаму перамяшчэньню, у тым ліку выезду за межы краіны».

Дакумэнт заклікае беларускія ўлады выканаць усе рэкамэндацыі, якія зьмяшчаюцца ў дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па сытуацыі ў Беларусі.

У праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца рашэньне аб прызначэньні адмысловага дакладчыка па Беларусі і заклік да беларускага ўраду да паўнавартаснага супрацоўніцтва з ім.

27-28 чэрвеня на паседжаньні Рады прайшлі дэбаты па сытуацыі ў Беларусі.

З крытыкай Беларусі выступілі прадстаўнікі місіі Эўразьвязу пры ААН, Вугоршчыны, Польшчы, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Нарвэгіі, Харватыі, Нідэрляндаў, Гішпаніі, Чэхіі, Швэцыі, Эстоніі, Аўстрыі, Літвы, Славакіі, Францыі, Бэльгіі, Паўднёвай Карэі, ЗША і Канады, а таксама праваабарончых арганізацый — Фонду дамоў правоў чалавека, Human Rights Watch да іншых.

Гэтыя краіны і арганізацыі цалкам падтрымалі сутнасьць патрабаваньняў да ўладаў Беларусі, якія зьмяшчаюцца ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і ў праекце рэзалюцыі па Беларусі, распрацаваным ЭЗ, а менавіта: захоўваць правы чалавека, вызваліць палітвязьняў, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне і паўнавартасна супрацоўнічаць са усімі мэханізмамі ААН.

Процілеглую пазыцыю занялі Расея і Казахстан.

У падтрымку афіцыйнага Менску таксама выказаліся прадстаўнікі Азэрбайджана, Вьетнама, Кубы, Вэнэсуэлы, Сырыі, КНДР, Таджыкістану, Узбэкістану, Ірану, Кітаю і Зімбабвэ, нагадвае БелаПАН.
XS
SM
MD
LG