Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва за свабоду Каваленкі стварыла сайт


Офіс эўрадэпутата ад Польшчы Марэка Мігальскага стварыў сайт у падтрымку беларускага палітвязьня Сяргея Каваленкі. - www.freekavalenka.org. Сайт мае чатыры моўныя варыянты – ангельскі, беларускі, польскі і расейскі.

На сайце зьмешчаная інфармацыя па справе Сяргея Каваленкі, а таксама пэтыцыя з патрабаваньнем вызваліць яго. Сярод тых, хто ўжо падпісаў гэтую пэтыцыю – вядомы колішні дысыдэнт Уладзімер Букоўскі, які ў савецкі час правёў шмат гадоў ў зьняволеньні.

У красавіку Марэк Мігальскі ўзяў апеку над палітвязьнем Сяргеем Каваленкам у рамках праекту швэйцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыі «Libereco — Partnership for Human Rights».

Паводле польскага палітыка, ён захапляецца «ўпартасьцю Каваленкі ў барацьбе за вольную Беларусь, бо пры беларускім рэжыме нават такія простыя праявы прыхільнасьці дэмакратычным каштоўнасьцям як узьняцьце нацыянальнага сьцягу, прыводзяць да суровага пакараньня».

Мігальскі хоча выклікаць міжнародную ўвагу да канкрэтнай сытуацыі і ўсяляк дапамагчы беларускаму палітзьняволенаму ды яго сям’і. Эўрапейскі дэпутат заклікае да зьняцьця з Каваленкі ўсіх абвінавачваньняў з боку беларускіх уладаў, а таксама яго неадкладнага вызваленьня.

Спонсарская праграма для палітзьняволеных у Беларусі ў рамках «Libereco — Partnership for Human Rights» была створаная летась. Яе мэта — каб кожны палітзьняволены ў Беларусі і яго сям’я атрымалі маральную ды палітычную падтрымку з боку заходніх парлямэнтарыяў. Спонсары адсочваюць праблемы сваіх «падшэфных», распаўсюджваць інфармацыю пра іх на розных узроўнях з мэтай іх вызваленьня.
XS
SM
MD
LG