Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольны транзыт празь Беларусь «абнуліўся»


Вызначыліся першыя няўдачнікі чэмпіянату Эўропы па футболе. Першынства дачасна пакінулі зборныя, якіх спартовыя адмыслоўцы ды букмэкеры адпачатку адносілі да фаварытаў — Галяндыя, Швэцыя, Расея.

Тым часам беларускія сілавікі кажуць, што прагноз на рэзкі ўсплёск транзыту замежных заўзятараў праз тэрыторыю Беларусі ў Польшчу і Ўкраіну ня спраўдзіўся, а з заканчэньнем чэмпіянату для расейцаў рух шматтысячнага натоўпу празь мяжу рэзка аслабеў.

Да сьпісу аўтсайдэраў Эўра-2012 сёньня дададуцца яшчэ два футбольныя калектывы, шэрагі якіх рызыкуе папоўніць і зборная Італіі. Ад’езд камандаў суправаджаецца вяртаньнем на радзіму вялікай арміі заўзятараў, для якіх эўрапейскае першынства таксама завяршаецца. Праўда, як кажа прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка, Беларусь гэтую міграцыю наўрад ці адчуе — пасьля вылету зборнай Расеі чаканьні заўзятарскай актыўнасьці аказаліся збольшага марнымі:

«Калі ў польскім напрамку пасажырская актыўнасьць мае месца, то па ўкраінскім кірунку прагнозы крыху не апраўдаліся. Такога росту пакуль няма, каб было надта
Расейская зборная, скажам так, спрасьціла нам працу ...

заўважна. Дапусьцім, цягнікі з Расеі на Польшчу ішлі практычна цалкам выкупленыя пад заўзятараў, але адносна Ўкраіны ў мяне зьвестак няма, каб выкуплялі цэлыя саставы. Але з улікам таго, што Расея ўжо завяршыла ўдзел у чэмпіянаце, то, адпаведна, і з патокам становіцца прасьцей. Расейская зборная, скажам так, спрасьціла нам працу. Таму мы думаем, што і на польскім, і на ўкраінскім напрамку такіх патокаў ужо ня будзе: заўзятары ж ехалі глядзець пераважна на гульню сваіх камандаў, а што да такіх фанатычных момантаў, каб дабыць да канца, то ня так гэта і танна. У той жа Ўкраіне кошты вельмі шмат каму настрой сапсавалі».

Пры гэтым, як удакладняе Аляксандар Цішчанка, беларускія заўзятары ў «арганізаваныя групы» не «зьбіваліся» і падарожнічалі збольшага самастойна: паколькі Беларусь у фінальную частку спаборніцтваў чарговым разам ня трапіла, то і арганізавана падтрымліваць не было каго:

«Адзінкавыя заўзятары ці невялікія групы, вядома ж, езьдзілі, але каб так яўна — цэлымі паравозамі, са сьцягамі, сымболікай і г.д. — то такога, мабыць, не было. Неяк, я скажу так, дастаткова спакойна ўсё праходзіць, хоць рыхтаваліся мы надзвычай сур’ёзна. Мы былі гатовыя і да вялікага наплыву, нашы прадстаўнікі ў Кіеве ў штабе бясьпекі Эўра-2012 дагэтуль прысутнічаюць, абмен інфармацыяй ідзе пастаянна. У гэтым сэнсе ўсё арганізавана добра».

Ангельскі фан: «Беларусь мусіць будаваць пабы!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:04 0:00

Падобна, што мірна завяршаецца і гісторыя з трансьляцыяй матчаў Эўра-2012 у абсталяваных вялікімі экранамі кавярнях і барах. У першыя дні чэмпіянату кіраўніцтва Беларускага тэлебачаньня папярэдзіла гаспадароў устаноў, якія зазывалі аматараў футболу паглядзець паядынкі ў вялікай кампаніі, пра незаконнасьць трансьляцыяў, правы на якія ў Беларусі належаць выключна Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Суб’ектам, якія не падпішуць дамову з праваўладальнікам і не заплацяць за права паказу, быў абяцаны судовы разбор. У офісе Белтэлерадыёкампаніі сёньня паведамілі, што ўсе спрэчныя моманты разьвязаныя:

«Ніякіх гучных спраў ня будзе. Усе досыць цэнтралізавана і цывілізавана
На гэты момант такіх пагадненьняў падпісана не адзін, ня два, нават ня дзесяць, а дзясяткі ...

заключылі дамовы, таму што там, шчыра скажам, зусім умоўная сума — максымальна дзесьці 600 тысяч рублёў (залежала ад колькасьці наведнікаў, ад пасадачных месцаў і г.д.). На гэты момант такіх пагадненьняў падпісана не адзін, ня два, нават ня дзесяць, а дзясяткі. Усе бакі пагадзіліся свае абавязаньні выканаць: наша кампанія як уладальнік правоў на трансьляцыю дадзенага спартовага мерапрыемства, і, адпаведна, выканалі працэдуру тыя бары, рэстарацыі, якія былі зацікаўленыя паказваць на вялікім экране ў сябе гэтыя футбольныя трансьляцыі. Гэта іх бізнэс, навошта людзям патрэбныя нейкія праблемы? Ім у сэзон хочацца зарабіць, а нам хочацца выканаць усе фармальнасьці. Бо і праўда што: цывілізаваная краіна і такога ўзроўню мерапрыемства!»

Тым часам галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў чарговым разам выказаўся адносна таго, што Беларусь — не футбольная дзяржава. У гэтым ён пераканаўся, паназіраўшы з футбольнага стадыёну ў Данецку за матчам паміж камандамі Гішпаніі і Ірляндыі. Адмыслоўца найперш уразіла, што пасьля разгрому зь лікам 0:4 ірляндзкія заўзятары 15 хвілін на ўвесь стадыён сьпявалі, вітаючы сваіх улюбёнцаў. На гэты час замоўк нават гішпанскі сэктар. Па яго словах, калі саступае беларуская каманда, нешта падобнае немагчыма нават уявіць. А ўменьне аддзячыць і дараваць якраз сьведчыць пра культуру і спартоўцаў, і аматараў футболу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG